Фантастычны твор Арцёма Шуканова выпусціла выдавецтва Gutenberg Publisher.
«Кніжны жанр кіберпанку застаўся ў дзевяностых. Усе яго літаратурныя наступствы, якія мы бачым навокал, — гэта развіццё жанру з прыстаўкай „пост“. „Пентаквантар“ — менавіта такі посткіберпанк-раман, неўтаймаваны і маштабны тэхнатрылер, які ідзе па слядах „Крыптаномікону“ і „Лавіны“ Ніла Стывенсана, несучы на сэрцы шнары ад „Штама Андрамеда“ Майкла Крайтана і „Нэйрамансера“ Уільяма Гібсана», — гаворыцца на сайце выдавецтва.
Гэта аўтарскі дэбют, але да сюжэту Арцём Шуканаў падышоў з размахам:
«Дзеянне адбываецца ў будыйскіх святынях спякотнага Лаоса і на дажджлівых неонавых вуліцах Кіёто. З бетонных джунгляў Мінска-3, што на ўсходніх межах Інтэрмарыуму, даводзіцца перамясціцца на Мальдывы, а адтуль, калі гісторыі становіцца цесна на Зямлі, праз Індыйскі акіян — да вялікай кветкі Чырвонай Плюмерыі, ніжняй станцыі касмічнага ліфта, адкуль героі пачнуць сваё самае далёкае падарожжа да планеты Джуніпер».