Ён упершыню прайшоў 24–26 кастрычніка сёлета ў Нараўцы на Падляшшы.

Дакументальны фільм «Наша памяць», створаны тэлеканалам «Белсат» і Цэнтрам беларускай культуры ў Беластоку, атрымаў узнагароду за «добрасумленнае майстэрства і гарманічны, кранальны аповед пра балючае мінулае, якое адгукаецца да сённяшняга дня».

«Наша памяць» – гэта ініцыятыва ў Беластоку, якая пачынала з дакументавання месцаў памяці з трагічным лёсам – беларускіх вёсак, «пацыфікаваных» так званай 3-й Віленскай брыгадай Нацыянальнага вайсковага задзіночання пад камандаваннем капітана Рамуальда Райса (псеўданім Буры).

«Беларускі едуць на Падляшша» рэжысёра Арцёма Лобача быў адзначаны за «спелае майстэрства і спосаб аповеду, які інтрыгуе, пра сутыкненне герояў з іх уяўленнямі». Стужка расказвае пра беларусак, якія жывуць у эміграцыі і пастанаўляюць выправіцца ў падарожжа на Падляшша, каб пазнаёміцца з культурай тамтэйшых беларусаў.