Для ўдзелу было адабрана 9 заявак з 40 пададзеных у выніку Open Call.
Усе фільмы online-праграмы будуць даступныя згодна з раскладам з 00:00 да 23:59 па Мінскім часе.
«Суд мёртвых», 2025, Польшча
5 лістапада – Вільнюс, к/т Skalvija, квіткі хутка з’явяцца ў продажы
Рэжысёр Андрэй Кашперскі пасля «Працэсаў» не змяншае тэмп і зноў у сцэнарным тандэме з Міхаілам Зуем выдае арыгінальны сатырычны погляд на сучаснасць Беларусі. Хорар, які можа здацца куды больш арыгінальным, страшным і лагічным, чым «Зброя» (Weapons), мае назву «Суд мёртвых».
Па сюжэце: улады Беларусі прынялі закон, які дазваляе судзіць памерлых беларусаў. Праўладная суддзя Аляксандра (яе грае Зоя Белахвосцік) пачынае працэсы супраць памерлых апанентаў рэжыму, каб сканфіскаваць іхную маёмасць на карысць дзяржавы. Але асуджаныя беларусы паўстаюць з мёртвых у выглядзе прывідаў і прыходзяць да суддзі…
«Заснавана на рэальных падзеях» – паведамляе тытр і закадравы голас у пачатку фільма. І ў гэта, трэба прызнаць, вельмі лёгка паверыць.
«Баця», 2024, Беларусь
11, 19 лістапада – online з 00:00 да 23:59
5 лістапада – Вільнюс, к/т Skalvija, квіткі хутка з’явяцца ў продажы
Беларускія акторы, працягваючы тэндэнцыю сусветных кінафестываляў, прымяраюць рэжысёрскае крэсла і дэбютуюць з кароткаметражнымі стужкамі. «Баця» – дэбют былога актора РТБД. Гэта сімвалічная драма пра няўмольную плынь часу, пра адносіны паміж бацькам і сынам і іх нязменную традыцыю – прыязджаць вудзіць рыбу.
«Незабудка», 2025, Польшча
11, 19, 23 лістапада – online з 00:00 да 23:59
5 лістапада – Вільнюс, к/т Skalvija, квіткі хутка з’явяцца ў продажы
У Станіслава Савасцеева, рэжысёра з акторскім бэкграўндам, атрымалася стварыць далікатны і шчыры партрэт Элізы, жанчыны сталага веку з хваробай Альцгаймэра. Яе дом поўніцца нататкамі з нагадваннямі і сямейнымі фотаздымкамі. Штодня яна запісвае відэа і пераглядае старыя запісы, каб захаваць адчуванне сябе. Калі ейныя ўспаміны паступова вяртаюцца ў фрагментах, яна знаходзіць свой забыты дзённік і разумее, што магла страціць не толькі памяць.
«Заўтра вы мяне тут не ўбачыце», 2024, Польшча
13, 18 лістапада – online з 00:00 да 23:59
5 лістапада – Вільнюс, к/т Skalvija, квіткі хутка з’явяцца ў продажы
Кранальная анімацыя, заснаваная на дзённіках і галасавых паведамленнях рэжысёркі Аляксандры Чабоцькі ў перыяд ад лістапада да снежня 2024 года. У цэнтры стужкі – будні эмігранткі, якая спрабуе знайсці супакой у дробязях: кароткай паездцы трамваем, гуках вуліцы, выпадковых сустрэчах. Гэта гісторыя пра самоту, памяць і тое, як нават у выгнанні можна захаваць унутраную свабоду і здольнасць марыць. Напрыклад, пра каня, які з’явіўся на прыпынку.
«Перадачка», 2025, Данія, Беларусь
13, 18, 23 лістапада – online з 00:00 да 23:59
5 лістапада – Вільнюс, к/т Skalvija, квіткі хутка з’явяцца ў продажы
«Перадачка» – тое, што становіцца адзінай сувяззю з вонкавым светам для палітычных вязняў, якіх пазбаўляюць званкоў і наведванняў. Аднайменную назву мае анімацыйная гісторыя, натхнёная казкай, якую сястра напісала брату, зняволенаму ў Беларусі паводле палітычнай справы. У фільме перадачка ажывае і сама ідзе ў турму да вязня – праз сцены і цемру, каб прынесці надзею і любоў.
«Свінгеры», 2025, Польшча
15, 21 лістапада – online з 00:00 да 23:59
5 лістапада – Вільнюс, к/т Skalvija, квіткі хутка з’явяцца ў продажы
Калі ж хорар не ваш жанр, другі фільм Андрэя Кашперскага ў межах Беларускага конкурсу «Ззяння»-2025 можа вас зацікавіць: тонкая псіхалагічная камедыя з назвай, што гаворыць сама за сябе – «Свінгеры».
Шасцёра малазнаёмых паміж сабой асобаў сярэдняга веку спрабуюць дамовіцца пра свінгер-вечарыну, але знаходзіцца тысяча і адна дробязь, што перашкаджаюць ім забыцца пра ўсё і нарэшце адчуць радасць ад бессаромнай сустрэчы. Камічнасць сітуацыі спалучаецца з іроніяй над чалавечай штодзённасцю і амажамі да «Тэрмінатара», з якога пачалося захапленне рэжысёра кінематографам, – і гарантуе, што гэтыя 17 хвілін вы правядзеце з усмешкай.
«Лебядзіная песня Фёдара Озерава», 2025, Літва, Германія
6 лістапада – Варшава, к/т Kinoteka, квіткі хутка з’явяцца ў продажы
20 лістапада – Талін, квіткі хутка з’явяцца ў продажы
Той самы фільм Юрыя Сямашкі, які сёлета трапіў у праграму аднаго з трох найбуйнейшых кінафорумаў Еўропы – Берлінскага кінафестывалю.
На фоне чутак пра Трэцюю сусветную вайну галоўны герой, 25-гадовы музыка Фёдар Азёраў, апантана шукае свой улюбёны швэдар з рамонкамі. Ён перакананы, што гэты швэдар надзяляе яго магічнай здольнасцю складаць песні. З гэтага атрымліваецца абсурдысцкае драмедзі з алюзіямі на грэчаскую міфалогію – гісторыя пра пошукі сэнсу і надзеі сярод хаосу, і пра тое, як мастацтва можа выратаваць, нават калі ўсё астатняе разбураецца.
«Kawalerka», 2025, Польшча
15, 21 лістапада – online з 00:00 да 23:59
Яшчэ адзін рэжысёрскі дэбют актора ў Беларускім конкурсе – «Kawalerka», гісторыя пра маўчанне паміж двума, якое гучней за словы.
У цэнтры апавядання – Андрэй і Вольга, шлюбная пара са стажам у пятнаццаць гадоў і досведам эміграцыі за плячыма. Апынуўшыся ў цеснай аднапакаёвай кватэрцы, дзе адзін і той жа пакой служыць і гасцёўняй, і спальняй, і кухняй, яны раптам разумеюць, што казаць больш, здаецца, і няма пра што – хіба што ўспамінаць, як было раней.
«Механіка матэрыялаў», 2024, Чэхія
16, 20, 23 лістапада – online з 00:00 да 23:59
Драма, заснаваная на рэальнасці сем’яў, разарваных вайною ва Украіне. У іх ліку і сям’я аўтаркі. Фільм даследуе непазбежны выбар паміж любоўю і палітыкай, сябрамі і роднымі, маўчаннем і супрацівам.
Даведаўшыся, што яе найлепшая сяброўка апынулася ў пастцы вайны, галоўная гераіня стужкі Яна вымушана зазірнуць у глыбіні сумлення сваёй сям’і. У доме бабулі і дзядулі, дзе з экрана гучыць расійскае тэлебачанне, яе праўда раптам здаецца чужою.
Беларускія фільмы будзе ацэньваць міжнароднае журы, у склад якога ўвайшлі мастацкая кіраўніца кінафестывалю «Mente Locale», кінаэкспертка і кансультантка Леэна Пасанен, рэжысёрка і сцэнарыстка Мара Тамковіч. Да гэтага складу журы далучыцца яшчэ адна асоба, чыё імя стане вядома зусім хутка. Каб не прапусціць: сачыце за навінамі фэсту ў сацыяльных сетках праекта FB, Instagram, Telegram.