Фестываль узнік у 2022 годзе з патрэбы ўмацавання супольнасці і павышэння бачнасці эксперыментальных, незалежных і нізавых мастацкіх ініцыятыў, а таксама прасторы сучаснага мастацтва ў Варшаве — і за яе межамі.

“Найважнейшым аспектам FRINGE Warszawa з’яўляецца не яго маштаб, колькасць прадстаўленых прац ці арганізаваных падзей, а здольнасць будаваць супольнасць”, — кажа каманда.

У гэтым годзе ў падзее удзельнічаюць і беларускія праекты, піша Reform.news.

24 верасня а 18:00 ў Варшаўскім драматычным тэатры (Teatr Dramatyczny, pl. Defilad 1) адкрыецца выстава “Un-packing: Лакуны памяці”.

Праект арганізаваны польскай фундацыяй ARTSQUARE і беларускай куратаркай Вольгай Мжэльскай.

Удзельнічаюць польскія і беларускія мастакі і мастачкі: Аляксандр Адамаў, Рафал Буйноўскі, Уладзімір Грамовіч, Таша Кацуба, Аляксей Лунёў, Кірыл Машэка, Марта Ойжыньска, Леся Пчолка, Агнешка Польска, Антаніна Слабодчыкава, Янек Сімон, Аляксандра Чэрняўская, Сяргей Шабохін, Яна Шостак.

Гэта візуальна-канцэптуальны працяг спектакля Катажыны Кальват, прысвечаны складанай ідэнтычнасці Падляшша. Выставу адкрые перформанс Кірыла Машэкі.

24 верасня а 18:00 у майстэрне Ogród Syrenich Śpiewów (Grzybowska 47a) адкрыецца выстава “Паміж адчаем і рашучасцю”.

Куратарка выставы Валерыя Каляга называе сваёй задачай пазначыць сегментацыю беларускага мастацтва. Яна згадвае, што найбольш папулярныя яго напрамкі — сюррэалізм і акадэмізм, за якімі ідзе экспрэсіянізм.

Удзельничаюць маладыя белрускія мастакі і мастачкі: Вераніка Ганчар, Маргарыта Дзюшко, Яраслаў Кірвель, Злата Лебедзь, Серафім.

24 верасня а 19:00 ў Wellcum Studio (Hoza 52, local 27A) адбудзецца адкрыццё персанальнай выставы Машы Мароз To Go Far Is To Return.

Праект уяўляе сабой аўдыявізуальную інсталяцыю, якая даследуе канцэпцыі цыклічнасці, межавасці і адраджэння праз прызму касмаганічных міфаў.

У стварэнні выставы прынялі ўдзел Саша Вялічка, Ілля Спрынджук і Антон Сарокін, які стварыў гукавы ландшафт для экспазіцыі.

24 верасня а 19:00 у варшаўскай Fundacja KRAINA (Puławska 67) Art-Project “Revolution” пакажа праект “(Her)ban rage” — мастацкае падарожжа праз жаночы гнеў, бунт і пераўтваральныя сілы прыроды.

Да 12 кстрычніка у Pracownia Magdy Bielesz (Św. Franciszka Salezego 6/144, floor 13) можна ўбачыць выставу “Living Room”.

Праз скульптуру, інсталяцыю, відэа, тэкстыль і перфарматыўныя жэсты прадстаўленыя працы адлюстроўваюць тэкстуры і напружанні сямейнага жыцця. Куратарка: Вольга Кніп.

28 верасня а 17:00 каля аптэкі Michała Mutniańskiego (Nowy Świat 18) куратарка Вольга Мжэльская пачне аўтарскую экскурсію на беларускай мове “Сляды і пераходы”.

Маршрут аб’ядноўвае тры выставы, якія даследуюць памяць, духоўныя і культурныя традыцыі, а таксама іх супярэчлівасць: выставу Justyny Baśnik “Panaceum”, “Un-packing: Прабелы ў памяці” і “To Go Far Is To Return” Машы Мароз.