Раней стваральнік беларускага кінафеста Януш Гаўрылюк заявіў, што сёлета ён не адбудзецца. Па яго словах, «час зноў увайсці ў партызанскую пазіцыю».

«„Пахаванне“ „Бульбамуві“ мае адбыцца ў Беластоку 17 снежня. Будзе некалькі прэм’ераў, у тым ліку — „Лебядзінай песні Фёдара Озерава“, якую ў Беластоку яшчэ не паказвалі. І будзе яшчэ вялікая размова — без цэнзуры і анестэзіі. У ёй возьмуць удзел Максім Жбанкоў, Мікалай Лаўранюк, Юрый Сямашка і польскі кінакрытык Міхал Канарскі», — распавеў Гаўрылюк у інтэрв’ю «Белсат».

«Бульбамуві» — фестываль беларускіх відэа- і кінафільмаў, які праводзіцца з 2011 года па ініцыятыве часткі беларускіх кінематаграфістаў і культуролагаў як альтэрнатыва дзяржаўным кінафестывалям у Беларусі.

Пасля 2020 года «Бульбамуві» стаў галоўнай міжнароднай вітрынай для незалежных беларускіх стужак, якія закранаюць вострыя сацыяльныя і палітычныя тэмы.

У 2024 годзе фестываль адбываўся ў кінатэатры «Ілюзіён» у Варшаве.