Рэжым у Беларусі ўзгадніў шэсць барэльефаў, якія сімвалізуюць шэсць гістарычных перыядаў у краіне, паведаміў дзяржканал СТБ.

На першым барэльефе размесціцца зборны вобраз трох плямёнаў — Крывічы, Радзімічы і Дрыгавічы.

На другім барэльефе (ранняе сярэднявечча) будуць прадстаўнікі Полацкага і Тураўскага княстваў: Усяслаў Чарадзей, Еўфрасіння Полацкая, Кірыла Тураўскі, Рагвалод, Тур, Брачыслаў Ізяславіч, Рагнеда, Ізяслаў, Тураўскі князь Юрый Яраславіч.

На трэцім барэльефе (XIII — XVIII стагоддзі) размесцяцца Францыск Скарына, Войшалк, Афанасій Філіповіч, Сімеон Полацкі, Георгій Каніскі, Давыд Гарадзенскі, Васіль Цяпінскі, Казімір Семяновіч, Сымон Будны.

На чацвёртым барэльефе (канец XVIII — пачатак XX стагоддзяў) будуць Яфім Карскі, Максім Багдановіч, Іван Насовіч, расійскі генерал Іосіф Гурко, Францішак Багушэвіч, Браніслаў Эпімах-Шыпіла, Ігнат Буйніцкі, Алаіза Пашкевіч (Цётка), Іосіф Сямашка. Як піша “Наша Ніва”, апошні на пасадзе мітрапаліта дабіваўся вынішчэння слядоў уніяцтва і змагаўся з “цвіковай ерассю”, асабіста распілоўваючы статуі Хрыста, на якіх абедзве нагі былі прыбітыя адным цвіком.

На пятым барэльефе (1917-1991 гады) размесцяцца Янка Купала, Якуб Колас, Аляксандр Чарвякоў, Пятро Машэраў, Кірыла Мазураў, Кірыла Арлоўскі, Мікалай Барысевіч, Максім Танк, Вера Харужая, заходнебеларускі камуніст-тэрарыст Сяргей Прытыцкі.

На шостым барэльефе (сучасны перыяд) размесцяць Міхаіла Савіцкага, мітрапаліта Філарэта, Міхаіла Высоцкага, Івана Шамякіна, Аляксандра Дубко, Ігара Лучанка, Уладзіміра Мулявіна, Стэфанію Станюту, Міхаіла Пташука, Аляксандра Мядзведзя.