Нагадаем, раней Януш Гаўрылюк заявіў, што «час зноў увайсці ў партызанскую пазіцыю».

Паводле ягоных слоў, гэтаму рашэнню паспрыяла адсутнасць зацікаўленасці з боку фармальнага арганізатара — «Фільматэкі» (польскай дзяржустановы, якая захоўвае і папулярызуе аўдыёвізуальную спадчыну).

Другая прычына — эстонскі фестываль Northern Lights зноў паказвае ў Варшаве беларускія фільмы непасрэдна перад датамі «Бульбамуві».

«Таму паказваць тыя ж фільмы праз два тыдні ўжо не мае сэнсу», — лічыць стваральнік кінафестывалю.

Таксама, паводле слоў Гаўрылюка, цяпер мала новых беларускіх фільмаў і абмежаваны доступ да кінастужак, знятых у Беларусі.

«Бульбамуві» — фестываль беларускіх відэа- і кінафільмаў, які праводзіцца з 2011 года па ініцыятыве часткі беларускіх кінематаграфістаў і культуролагаў як альтэрнатыва дзяржаўным кінафестывалям у Беларусі.

Пасля 2020 года «Бульбамуві» стаў галоўнай міжнароднай вітрынай для незалежных беларускіх стужак, якія закранаюць вострыя сацыяльныя і палітычныя тэмы.

У 2024 годзе фестываль адбываўся ў кінатэатры «Ілюзіён» у Варшаве.

«Дзякуем усім аўтарам, партнёрам і гледачам за падтрымку на працягу ўсіх гэтых гадоў і ўжо цяпер запрашаем усіх на „Пахаванне Bulbamovie“, якое адбудзецца неўзабаве! Хутка паведамім падрабязнасці», — паабяцаў Гаўрылюк.