46-гадовы гамяльчанін Кірыл Краўцоў быў затрыманы ў чэрвені 2025 года, піша “Флагшток”.
Дома ў яго засталіся жонка і непаўналетнія дзеці.
Кірыл Краўцоў вядомы як сузаснавальнік унікальнай арт-вёскі “Чырвоны Кастрычнік” у Рэчыцкім раёне. Тут ён жыў, займаўся рамесніцтвам, арганізаваў сваю ганчарную вытворчасць, ладзіў фестывалі, творчыя сустрэчы.
Амаль 15 гадоў таму Кірыл удзельнічаў у падарожжы “З табурэткай да акіяна” — тады некалькі чалавек аўтаспынам аб’ехалі палову свету.
Мяркуецца, што па “справе Гаюна” ў Гомельскай вобласці затрыманыя больш за 250 чалавек, якія адпраўлялі паведамленні праекту аб перамяшчэнні расійскай тэхнікі па Беларусі пры наступе на Украіну.