Сабралі пяць цікавых (і страшных) беларускіх фільмаў, якія трэба паглядзець.
Вупыры (2019)
Беларускі незалежны слэшар. Сярод рэжысёраў — Макс Сіры. Адзін са сцэнарыстаў — Андрэй Курэйчык. У галоўнай ролі — Вадзім Галыгін. Асноўнае месца здымак — затопленыя крэйдавыя кар’еры ў Ваўкавыскім раёне.
Журналістка Ганна Яфрэменка выказала меркаванне, што «Вупыры» не прэтэндуюць на пераасэнсаванне жанру хорар як такога і паспяховы фестывальны лёс, паколькі фільм — жанравы атракцыён.
Па сюжэце, Паліна і Маша разам з французам Габрыэлем і кітайцам Сянам едуць адпачываць на возера, акутанае старажытнымі легендамі. Мясцовыя да гэтага часу практыкуюць рытуальнае спальванне тапельцаў на вогнішчы. Калі не зрабіць гэтага да заходу сонца, ажыўшыя трупы выпыроў стануць нападаць на жывых.
Сашава пекла (2019)
Зняты на VHS-плёнку гутарковы трылер Мікіты Лаўрэцкага. Калі рэпер Олі, які набірае папулярнасць, нарэшце сустракае свайго віртуальнага суаўтара Сашу, іх тусовачны ўікэнд змяняе фарбы ад мілага да балюча няёмкага і нават жудаснага.
Забароненая група (2022)
Школьніца Аня, даведзеная да адчаю дамаганнямі з боку айчыма і нявер’ем маці, вырашае інсцэніраваць уласнае самагубства для прыцягнення ўвагі. У гэтым ёй дапамагае новы сябар Улад, у сям’і якога таксама не ўсё гладка. Хлопцы аказваюцца ўцягнутыя ў таемную групу «Белы крумкач», якая ўжо давяла да добраахвотнага сыходу з жыцця некалькіх падлеткаў. Падчас няўдалай спробы самагубства Аня ўпадае ў кому і на тым свеце сустракае свайго бацьку, які даўно пакінуў сям’ю. Ад яго яна даведаецца, што жыццё не скончана, і ў дзяўчыны ёсць важная місія па выратаванні нявіннай душы маладога мастака.
Трылер — дэбют у поўным метры рэжысёра Яўгена Лыткіна — выйшаў у пракат у Расіі. Але пасля пачатку паўнамасштабнай вайны аўтар вырашыў не звязваць сваю будучыню з расійскім кінарынкам і з’ехаў у Польшчу.
Масакра (2010)
Мастацкі фільм, пастаўлены рэжысёрам Андрэем Кудзіненкам на кінастудыі «Беларусьфільм».
Дзеянне стужкі адбываецца на беларускіх землях у 1860-я гады, пасля жорсткага падаўлення паўстання Каліноўскага. За сцэнарную аснову ўзяты навэла Праспэра Мерымэ «Локіс» пра мядзведзя-пярэваратня і матывы старабеларускіх легенд.
Большая частка фільма здымалася ў палацава-паркавым комплексе Святаполк-Чацвярцінскіх у пасёлку Жалудок Шчучынскага раёна.
Суд мёртвых (кароткаметражка, 2025)
Хорар рэжысёра Андрэя Кашперскага нават ўвайшоў у праграму фестывалю Macabro
— першага і найбуйнейшага феста жанравага кіно ў Мексіцы.
«У 2023 годзе ў Беларусі быў прыняты закон, які дазваляе ажыццяўляць судовы пераслед памерлых. Праўладная суддзя Аляксандра ініцыюе масавыя судовыя працэсы над спачылымі праціўнікамі рэжыму, каб канфіскаваць іх маёмасць на карысць дзяржавы. Асуджаныя беларусы паўстаюць з мёртвых і ідуць да суддзі…», — гаворыцца ў анонсе фільма.
У галоўнай ролі знялася народная артыстка Беларусі Зоя Белахвосцік.