Кошт рукапісных кодэксаў ацэньваюць прыкладна ў адзін мільён еўра, піша LRT.

Унікальныя помнікі кніжнага мастацтва ўпершыню вяртаюцца ў краі, дзе былі створаныя. Раскошныя альбомы бул папы Пія IX з Ватыканскай Апостальскай бібліятэкі можна пабачыць на міжнароднай выставе «Пагоня і лілея» (Vytis ir Lelija) у Ракішскім краязнаўчым музеі.

У 1854 годзе папа Пій IX абвясціў догмат пра Беззаганнае Зачацце Найсвяцейшай Панны Марыі ў сваёй буле Ineffabilis Deus. Французскі тэолаг Мары-Дамінік Сір (1827–1917) прапанаваў перакласці яе на як мага больш моў і аформіць кожны пераклад як унікальны раскошны рукапіс з нацыянальнай і рэлігійнай сімволікай. Цягам 1870—1880‑я гадоў у Ватыкан было перададзена каля трохсот такіх альбомаў.

На выставе ў Ракішках паказваюць арыгінальныя рукапісы літоўска- і польскамоўнай версій, а таксама іканаграфію царкоўнаславянскай.

Літоўскую версію аздобіла Ідалія з Сабанскіх Броэль-Плятэр (1808–1891), а кірылічную — Наталля з Біспінгаў Кіцкая (1806–1888). Усе тры былі пабожнымі патрыёткамі і не прызнавалі ўлады Расійскай імперыі праз той боль, што яна прынесла іх краіне і сем’ям.

Як сцвярджае «Наша Ніва», графіні цесна звязаныя і з сённяшнімі беларускімі землямі: Марыя Пшаздзецкая, дачка знакамітага арнітолага Канстанціна Тызенгаўза, нарадзілася і вырасла ў Паставах, а Наталля Кіцкая, дачка маршалка шляхты Ваўкавыскага павета, выхоўвалася ў радавым маёнтку ў Галоўчыне (цяпер Пружанскі раён).

Польскі і царкоўнаславянскі варыянты ілюстраваныя мініяцюрамі з важнымі гістарычнымі падзеямі і постацямі Польшчы і Вялікага Княства Літоўскага, змяшчаюць выявы «Пагоні», гербаў розных шляхетных родаў і сімвалы вызваленчай барацьбы.