Трымайце традыцыйную нядзельную падборку лепшага калякультурніцкага кантэнту на беларускім YouTube

ІВУЛІН раскапаў усё пра ВАСІЛЯ БЫКАВА: вярнуў Шагала, дапамагаў Алексіевіч, стаў ворагам Лукашэнкі

На канале ЧастнОК-LIVE выйшаў вялікі выпуск пра чалавека, якога называлі сумленнем беларускай нацыі. Здаецца, для многіх Васіль Быкаў — усяго толькі радок з падручніка беларускай літаратуры. Але пасля гэтага фільма Сашы Івуліна вы зразумееце, як шмат пісьменнік зрабіў для Беларусі.

Чым каштоўныя Статуты ВКЛ? — Прававыя летапісы

Праваабарончы цэнтр “Вясна” прадстаўляе серыю відэа “Прававыя летапісы” — разбор, у якім прававым полі жылі беларусы і беларускі ў розныя гістарычныя часы. Першы выпуск пра Вялікае Княства Літоўскае.

Даказваем, чаму Беларусь можа лічыць Адама Міцкевіча сваім: складаны лёс вялікага пісьменніка

Адам Міцкевіч — адзін з найвялікшых паэтаў Усходняй Еўропы. Для палякаў ён нацыянальны геній, для літоўцаў — частка іхняй культуры, але хто ён для беларусаў? Мікіта Мелказёраў на канале ЗАГЛЯНЕ СОНЦА разбіраецца, як паэт з беларускай/ліцвінскай зямлі стаў сімвалам для некалькіх народаў, ворагам для Расіі (і чаму ім захапляўся Пушкін), а таксама даказвае, чаму Міцкевіч — гэта і наша культурная спадчына.

Маларыцкі майстар. Безназоўны геній іконы з XVII стагоддзя

Ці можа іканапісец быць геніем? Гісторыя ведае прыклады: Фра Анджэліка, Андрэй Рублёў, Дзанабадзар. А як наконт Беларусі? У гэтым відэа Мікіта Моніч расказвае пра мастака, імя якога мы не ведаем. Але ведаем яго руку. Гэта так званы Маларыцкі майстар, аўтар ікон сярэдзіны XVII стагоддзя, чые работы лёгка пазнаюцца па выразнай пластыцы, увазе да твараў, дэкаратыўным фонам і адчуванню ўнутранага святла.

https://youtube.com/watch?v=bA8RP2wUo3U

Бонус: ГУТАРКІ | СЯРГЕЙ ДЗЯТКОЎ, ІДРАК, МІХАСЬ ІЛЬІН, ПАША КРЫВЕЦ | ПРА ЕЖУ

Гэта забаўляльна-інтэрактыўнае шоў на канале lokal, у якім Ідрак, Міхась Ільін і Паша Крывец гутараць на розныя тэмы. Госць гэтага выпуску — комік Сяргей Дзяткоў. Гэты выпуск адразу на дзвюх мовах — беларускай ды ўкраінскай. Тэма выпуску — ежа.