Трымайце падборку лепшага калякультурніцкага кантэнту на беларускім YouTube
Пагромы тралейбусаў, перадоз вакаліста, канцэрт у цырку. Героі беларускага металу EXHUMATOR
На канале «Міністэрства сепультуры» выйшла гісторыя пра беларускі метал і яго герояў Exhumator. Яны пачыналі рубіць дэз-метал яшчэ ў канцы васьмідзясятых. Пасля іх канцэртаў грамілі тралейбусы, яны выступалі з Cannibal Corpse у мінскім цырку і на культавым фестывалі Extremum. Па іх біяграфіі можна вывучаць гісторыю беларускага металу: там ёсць і трагедыі, і камедыя.
Чаму ўкраінцы вярнулі, а беларусы — не? Забароненая літара беларускай мовы: Ґ
Так, у нас існуе не адзін гук «г», а два — фрыкатыўны [ɣ] і выбухны [g]. І калі фрыкатыўны ўсе ведаюць як «гэканьне», то выбухны Ґ — гэта тое, пра што ў школе часта маўчаць. Глядзіце новае відэа на канале «На пачатку было слова».
ВОЛЬСКІ: Пра N.R.M., папулярнасць, піратаў і чарапах
На канале #IMBY выйшла грунтоўнае інтэрв’ю з рок-зоркай: выгаранне ад музыкі, грошы ў N.R.M., фан-клуб, трыб’ют і выступ голым.
Заява Парфёнава: што не так? Дык чый Марк Шагал? / СЦЕБУР, Раніца з Белсатам
Леанід Парфёнаў назваў Марка Шагала расейскім мастаком. А чыя група «Би-2»? Што робіць творца беларускім — мова, паходжанне, пашпарт? І ці можна паставіць кропку ў гэткіх спрэчках? Як Беларусі адстаяць свае таленты? На гэтую складаную тэму на канале БЕЛСАТ LIFE паразважала даследчыца Антаніна Сцебур куратарка выставы transmediale 2027 у Берліне.
Вялікая гісторыя пра яўрэяў у Беларусі: чаму іх выгналі і як яны стварылі Ізраіль
Нашу краіну некалі называлі кузняй кадраў для Ізраіля. Але хто былі гэтыя людзі, чаму яны пакінулі наш край і што аб’ядноўвае беларусаў і яўрэяў праз 600 гадоў супольнага жыцця?
Хто яны — жыды, габрэі, яўрэі? Адкуль прыйшлі, чым займаліся, як уплывалі на беларускія гарады і мястэчкі, і чаму іх голас амаль знік з нашай зямлі?
У новым выпуску «Загляне сонца» — гісторыя народа, які змог зберагчы сябе праз мову, адукацыю і адзінства. Гісторыя, якая паказвае, што і беларусы могуць узняцца, калі вераць у сваю будучыню.