Інстытуцыйная падтрымка для творцаў і дзеячаў культуры: якая яна бывае?

  • Лакацыя: ЕС local

У гэтым матэрыяле мы выйдзем па-за звыклы маніторынг оўпэнколаў і вернемся да “базы” – зместу самога феномену падтрымкі для культурнцікіх дзеячаў і дзяячак з боку інстытутаў. 

Канцэпцыя інстытуцыйнай падтрымкі творцаў развівалася з цягам часу ў адказ на змяненне ролі мастакоў у грамадстве і эканоміцы. Інстытуцыяналізацыя культурнай падтрымкі пачала фармавацца галоўным чынам у сярэдзіне 20-га стагоддзя пад уплывам намаганняў пасляваеннага аднаўлення Еўропы і з'яўлення сацыяльнай дзяржавы.

“Машына часу": прэцэдэнты ў гісторыі

Карані інстытуцыйнай падтрымкі прасочваюцца ў больш ранніх сістэмах культурнага патранажу, такіх як акадэміі, фінансаваныя дзяржавай (напрыклад, французскай Акадэміі прыгожых мастацтваў) у ХІХ ст. і прыватнага патранажу ў эпоху Адраджэння. Гэтыя першыя формы падтрымкі часта былі элітарнымі і пры гэтым выбарчымі, а прыярытэты аддаваліся прасоўванню мастацтва, што адпаведала нацыянальным ці рэлігійным ідэалам.

У 1940–1950-я, пасля Другой сусветнай вайны, інстытуцыянальная падтрымка мастакоў значна пашырылася ў Еўропе, асабліва ў рамках намаганняў па нацыянальнай рэканструкцыі. Урады прызналі важнасць культуры ў аднаўленні нацыянальнай ідэнтычнасці, і многія краіны стварылі міністэрствы культуры, а таксама адаведныя дзяржаўныя фінансавыя органы. Прыклад: Савет мастацтваў Вялікабрытаніі (1946), натхнёны Джонам Мейнардам Кейнсам, і які фактычна працаваў на дэмакратызацыю доступу да мастацтва і аказанне дзяржаўнай падтрымкі творчым практыкам.

У наступныя два дзесяцігоддзі культурная палітыка пачала прызнавацца навуковай галіной і набыла адметную моц з ростам сацыяльнай дзяржавы ў Еўропе. У 1967 годзе ЮНЕСКА апублікавала Першую сусветную канферэнцыю па культурнай палітыцы, дзе падкрэслівалася роля культурных установаў у развіцці і адукацыі, правах чалавека і ўстойлівым развіцці. Да 1970-х гадоў многія заходнееўрапейскія ўрады стварылі мастацкія рады ці падобныя ўстановы для размеркавання дзяржаўнага фінансавання сярод мастакоў і творчых арганізацый. Аналагічны працэс адбываўся і ў СССР, з папраўкай на адміністрацыйна-камандную сістэму. Паўночныя краіны Еўропы сталі вядомыя сваімі комплекснымі сістэмамі падтрымкі, уключаючы пенсіі і субсідыі артыстам.

У 1990-я – 2000-я гады, калі эканоміка зрушылася ў бок ведаў і творчасці, мастацтва пачало разглядацца не толькі праз оптыку ідэнтычнасці і сэнсаўтварэння, але і як эканамічны рухавік. Такія аўтары, як Джон Хоўкінс у «Крэатыўнай эканоміцы» (2001) і Рычард Фларыда ў «Паўстанні крэатыўнага класа» (2002), пачалі лічыць творчасць цэнтральнай часткай эканамічнага развіцця, што прымусіла ўрады і далей інвеставаць у падтрымку мастакоў і творцаў праз палітыку, якая звязвае культуру з аднаўленнем гарадоў і інавацыямі.

Пачытаць больш:

Французскі сацыёлаг П’ер Бурдзьё ў сваёй кнізе “Правілы мастацтва” (1992) абмяркоўваў спосабы, як інстытуты фармуюць поле культурнай вытворчасці. Ён выказаў тэорыю, што інстытуты адыгрываюць ключавую ролю ў пасрэдніцтве каштоўнасці і прызнання мастацкай творчасці шляхам стварэння «культурнага капіталу». Кніга дапаможа зразумець, як інстытуты ўзаконьваюць пэўныя мастацкія практыкі.

Рэйманд Уільямс у сваіх працах аб культурным матэрыялізме, асабліва ў «Культуры і грамадстве» (1958), даследаваў, як культура пераплятаецца з палітычнымі і эканамічнымі структурамі грамадства. Яго крытыка камадыфікацыі мастацтва як прыватнымі патронамі, так і дзяржавай дае тэарэтычную аснову для разумення таго, як і чаму з'явілася інстытуцыйная падтрымка.

Юрген Хабермас - «Структурная трансфармацыя публічнай сферы» (1962). Хоць ён і не засяроджваецца на мастаках як такіх, гэтая праца падкрэслівае важнасць культурных інстытутаў у развіцці дэмакратычных дэбатаў і практыках удзелу, што паўплывала на пазнейшую думку аб дзяржаўным фінансаванні мастацтва.

Нягледзячы на ​​тое, што няма канкрэтнага аўтара або вызначальнай даты нараджэння паняцця інстытуцыйнай падтрымкі, пашырэнне дзяржавы дабрабыту і пасляваенная культурная рэканструкцыя ў Еўропе адыгралі вырашальную ролю ў афармленні сістэм падтрымкі, якія існуюць сёння.

Якія бываюць формы інстытуцыйнай падтрымкі?

Top of the top: Фінансаванне: 

  • Гранты, якія прадстаўляюцца дзяржаўнымі ці міждзяржаўнымі ўстановамі (мастацкімі радамі, міністэрствамі культуры, агенцыямі развіцця і да т.п.), карпаратыўнымі або прыватнымі фондамі для фінансавання мастацкіх праектаў, рэзідэнцый або выдаткаў на пражыванне. У дзяржсістэме Беларусі гэты ўзровень падтрымкі сустракаецца як датацыі і тэндары на дзяржзамовы. 
  • Праграмы мабільнасці, альбо трэвэл-гранты – вельмі важны тып падтрымкі міжнароднай мабільнасці, які можа пакрыць выдаткі, звязаныя з паездкай на іншыя мерапрыемствы. 
  • Падатковыя і фінансавыя ільготы: некаторыя ўрады прапануюць падатковыя льготы, выключэнні або іншыя фінансавыя льготы спецыяльна для творчых асоб. Напрыклад, многія еўрапейскія краіны прапануюць зніжэнне ПДВ на культурную дзейнасць і падатковыя кодэксы для асобных артыстаў.

Іншыя рэсурсы: умовы, інфраструктура, статус

  • Стыпендыі і рэзідэнцыі для мастакоў: праграмы, якія даюць мастакам час, прастору і рэсурсы для працы над сваімі творчымі праектамі, часта ва ўмовах, якія спрыяюць міждысцыплінарнаму супрацоўніцтву і эксперыменту. Гэтыя праграмы распаўсюджаны ў ЕС і ЗША і забяспечваюць крытычны перыяд бесперапыннага часу для стварэння.
  • Магчымасці для выставаў і перформансаў: Музеі, галерэі, тэатры і фестывалі, якія фінансуюцца дзяржавай, забяспечваюць важныя платформы для дэманстрацыі і прасоўвання творчасці мастакоў. Гэтыя ўстановы дапамагаюць звязваць мастакоў з больш шырокай аўдыторыяй, рынкамі і светам мастацтва.
  • Студыйныя памяшканні. Некаторыя ўстановы прадастаўляюць субсідаваныя або недарагія студыйныя памяшканні для працы мастакоў. Такая падтрымка асабліва карысная ў гарадскіх раёнах з высокай арэнднай платай, дзе бывае складана знайсці даступныя студыйныя памяшканні.
  • Сацыяльнае забеспячэнне і юрыдычная падтрымка: у некаторых краінах артысты могуць атрымаць доступ да спецыяльных субсідый па беспрацоўі, пенсійных праграм і медыцынскага страхавання. Médiateur de la musique у Францыі, напрыклад, абараняе правы музыкаў у спрэчках з зацікаўленымі бакамі галіны. Апошнія 3 гады Еўрапарламент прасоўвае дырэктыву аб “статусе мастака”, які мусіць зраўняць (і паскорыць) тэмп краін-чальцоў ЕС у паляпшэнні жыццёвых і працоўных умоваў для арт-прэкарыяту. 

Нетворкінг і супрацоўніцтва

  • Конкурсы на ўдзел у персанальных або групавых выставах ад галерэй, музеяў і культурных цэнтраў, куды можна падаць сваю працу, каб вас заўважылі. Для многіх творцаў выставы – самыя прывабныя пляцоўкі для зносін з больш шырокай аўдыторыяй, калекцыянерамі і іншымі прафесіяналамі ў галіне мастацтва.
  • Тут жа – конкурсы на ўдзел у фестывалях, шоўкейсах, канферэнцыях і іншых публічных івэнтах, фармат якіх залежыць ад сферы дзейнасці. 
  • Праграмы міжнароднага ці міжкультурнага абмену і супрацоўніцтва – праекты, якія аб'ядноўваюць культурных дзеячаў з розных краін альбо нават слаёў грамадства для супольнай творчай працы. 

Яшчэ адна вялікая група – самыя розныя праявы мастацкай адукацыі:

  • Ад дадатковай дзейнасці саміх інстытуцый, калі школы і цэнтры мастацтваў прапануюць майстар-класы, семінары і размовы з мастакамі, даючы творцам магчымасць дзяліцца ведамі і вучыцца ў іншых,
  • ...да вырошчвання новых кадраў ці павышэння кваліфікацыі мастакоў, уключаючы семінары, ментарства і праграмы бізнес-навучання.

Што можа быць цікавей за інстытуцыянальную падтрымку? Канешне ж, інстытуцыянальная крытыка, пра якую ў беларускім поле час ад часу грыміць Facebook і пра якую раскажам у наступных "серыях".