sekktor, дзе збіраюцца магчымасці для людзей мастацтва, культуры і актывізму, выходзіць па-за “берагі” канала ў Telegram — зараз мы ідзем да мары стварыць медыя для гэтых прафесійных супольнасцяў. Навошта рабіць медыя на кантэнце пра культуру, які часта не выцягвае спаборніцтва з іншымі тэмамі, трапляючы ў “падвал” і хаваючыся ў лайфстайл у сталых беларускіх СМІ? Расказваем, як мы бачым гэты эксперымент.

Агулам, ідэя

…ў тым, каб мець медыяпляцоўку пра беларускую культуру і творчыя індустрыі, якая адказвае інтарэсам людзей, што працуюць у гэтых сферах. А таксама зрабіць арыентацыю ў культурніцкай прасторы Беларусі хуткай і зручнай. У прыярытэце — практычныя бакі працы грамадска-культурніцкіх і творчых адмыслоўцаў, таму мы прадумваем платформу як набор сервісаў пошуку: працоўных магчымасцяў, публічных падзей, патэнцыйна — экспертаў, людзей і іншую падтрымку для вашых праектаў. А таксама ёсць прапанова акумуляваць на sekktor прафесійна значныя веды: ад чэк-лістоў і падборак лепшых практык — да глыбокіх рэфлексіўных тэкстаў пра тое, што адбываецца ў беларускай культуры сёння. Наколькі атрымаецца такім чынам пераадолець непразрыстасць, фрагментаванасць і разрыў умоваў існавання культурніцкага поля ў Беларусі vs. замежжы? Мы не ведаем, але абіраем да гэтага імкнуцца.

Культура і Крэатыўнасць

Вось якія дзве К звязваюцца ў sekktor. Назва праекта паўстала з жадання даследаваць і прасоўваць працу ў розных галінах культуры ў кантэксце культурнай і крэатыўнай эканомікі. І нават з тым, што пра эканамічнае вымярэнне культуры казаць унутры Беларусі складана, як ніколі, а ў іншых краінах мы паглынаемся мясцовымі эканомікамі, пра ўстойлівасць культурніцкіх і творчых прафесій сёння ствараць кантэнт самы час.

Value driven беларусы

Зараз у назву праекта можна дадаць і Каштоўнасці, таму што фактычна збіраем кантэнт для беларусаў і беларусак, якім у працы і праектах прынцыпова важныя складнікі вартасці, сэнсу і годнасці. Гэта грамадска-культурніцкія дзеячы, крэатары, бізнесоўцы, візіянеры любога ўзросту, гендару і ўзроўню прыбыткаў.

Сommunity-led платформа

Як мінімум, гэта ролевая мадэль для sekktor. Мы плануем спалучаць рэдакцыйны і карыстальніцкі кантэнт. Напрыклад, хутка вы зможаце:

  •  Даслаць і апублікаваць анонс свайго мерапрыемства ці магчымасці
  •  Стаць аўтарам(-кай) будучай рубрыкі Блогі ці іншых матэрыялаў (пры гэтым прасоўваць сваю экспертнасць сярод калег!) 
  •  Мець свой профіль-CV, у якім будуць свае ўнікальныя функцыі.

Як можна далучыцца ўжо зараз?

Калі вам падабаецца ідэя, вы можаце падтрымаць шматлікімі спосабамі! Напрыклад, 

  •  Прыняць удзел у нашых CustDev інтэрв’ю, на якіх мы пацікавімся вашымі pains and gains у працы ў сферах культуры.
  •  Прапанаваць партнёрскі праект альбо нават далучыцца да каманды
  •  Даць зваротную сувязь у Telegram-чаце і падказаць, як і што можна ўдасканаліць на платформе
  •  Падтрымаць нас адзінкавым ці рэгулярным данатам на Ko-Fi

Пра кожны спосаб раскажам асобна. І таму, канешне ж, сачыце за навінамі sekktor у нашых сацсетках!