Сетка бізнес-анёлаў, якая была створана ў Беларусі ў 2018 годзе і на піку аб’ядноўвала каля 100 інвестараў, перазапускаецца ў Еўрасаюзе. Пасля 2020 года арганізацыя была вымушана спачатку спыніць сваю дзейнасць, а потым самаліквідавацца.
Angels Band 2.0 хоча зноў аб’яднаць беларускіх бізнес-анёлаў у розных краінах, аднавіўшы такім чынам важны элемент экасістэмы венчурнага фінансавання, і падтрымаць стартапы, якія рэлацыраваліся, выкарыстоўваючы магчымасці еўрапейскага рынку.
Удзельнікам абяцаюць навучанне інвесціраванню для рознага ўзроўню кампетэнцый, нетворкінг як на ўласных рэгулярных сустрэчах сеткі, так і на сайд-івентах галоўных стартап-канферэнцый па ўсёй Еўропе, і галоўнае — пошук, менторынг і інвесціраванне ў перспектыўныя стартапы, заснаваныя фаўндэрамі з Беларусі.
Сетка запрашае далучацца бізнес-анёлаў, стартапы абнавіць свой профіль у Dealum або зарэгістравацца і рыхтавацца да першай пітч-сесіі, якая адбудзецца ўжо ў верасні!
Перазапуск стаў магчымы дзякуючы падтрымцы Агенцтва ЗША па міжнародным развіцці (USAID).