Праект “Па што ідзеш, воўча?” пачаўся з творчай лабараторыі InexKult “Мультылінгвізм на сцэне” пад кіраўніцтвам рэжысёркі Монікі Дабраўлянскай, якая і стала рэжысёркай спектаклю. Пасля чытак ў Варшаве і Берліне, цяпер трупа гатовая дa прэм’еры спектакля.
Яны падзеляць сцэну разам з тэатрамі з Чэхіі (Městská divadla pražská), Грузіі (Movement Theatre), Літвы (Alytaus Miesto Teatras), Македоніі (NU Naroden Teatar Bitola) і ЗША (Lit Moon Theatre) — гэта ўнікальная магчымасць абмяняцца досведам і прадставіць сучасны беларускі тэатр.
5 кастрычніка адбудуцца два паказы: у 16:00 і 20:00, – на сцэне Uniwersyteckie Centrum Kultury ў Беластоку.
Пасля першага сеансу адбудзецца сустрэча з камандай праекту і аўтаркай аповесці “Па што ідзеш, воўча?” Святланай Курс.
Уваход на паказы вольны, бясплатныя квіткі можна атрымаць у касе Тэатра Драматычнага ў Беластоку з 25 верасня.