19 верасня ўсе жадаючыя запрашаюцца на анлайн-семінар “Археалогія Беларусі за мяжой: праблемы інкарпарацыі беларускіх даследчыкаў у цэнтральнаеўрапейскія навуковыя працэсы”.

У межах семінару ў ZOOM запланаванае абмеркаванне наступных пытанняў:

— Найноўшыя адкрыцці ў археалагічным вывучэнні Беларусі;

— Праблемы ажыццяўлення навуковай дзейнасці ва ўмовах адсутнасці доступу да беларускіх архіваў і музейных збораў;

— Праблемы інтэграцыі беларускіх археолагаў у цэнтральнаеўрапейскую навуковую супольнасць і асаблівасці інкарпарацыі ў рэгіянальныя даследчыцкія супольнасці, пашырэнне ведаў аб археалогіі і старажытнай гісторыі Беларусі ў цэнтральнаеўрапейскіх даследчыцкіх асяродках,

— Арганізацыя падрыхтоўкі маладых спецыялістаў у галіне археалогіі ў вышэйшых навучальных установах Цэнтральнай Еўропы.

Каардынатар семінару — доктар гуманітарных навук Мікалай Плавінскі.

У праграме плануюцца наступныя выступы:

Вадзім Белявец, доктар гуманітарных навук: Паміж Germania і Sartatia: да вывучэння археалагічнай спачныны зямель сучаснага беларуска-польскага памежжа ў ІІІ ст. да н.э. — VІ ст. н.э.

Ірына Мароз: Арганізацыя сістэмы аховы помнікаў на тэрыторыі паўночна-заходніх ваяводстваў Другой Рэчы Паспалітай.

Мікалай Плавінскі, доктар гуманітарных навук: Вядомая і невядомая археалагічная спадчына: матэрыялы з сярэднявечных пахавальных помнікаў Заходняй Беларусі ў зборы Дзяржаўнага археалагічнага музея ў Варшаве.

Тарасевіч Вікторыя: Беларусь & Польшча: асоба і дзейнасць археолага Сяргея Дубінскага (1884–1937) як прыклад супольнай спадчыны дзвюх краін.