З разнастайнасцю рэзідэнцый і іх неабходнасцю творцам і дзеячам культуры разабраліся. Як жа на іх трапіць? У сённяшнім, трэцім, гайдзе разам з фаўндаркай Telegram-канала sekktor Кацяй Раманчык прапануем некалькі важных парадаў у справе падачы заявак на праграмы Artist-in-Residence. 

У фармальнай мастацкай адукацыі Беларусі бракуе выкладання дысцыплін, звязаных з прагматычнымі аспектамі развіцця кар’еры ў сучасным мастацтве: напісаннем праектных прапановаў і канцэптаў, фармаваннем уласнай стратэгіі і канцэпцыі самапрэзентацыі ці супрацы з інстытуцыямі. Што значыць, што адпаведныя веды і навыкі, праактыўнасць і свядомасць вам, верагодна, ужо даводзіцца «дабіраць» самастойна. Добрая навіна ў тым, што падача заявак на рэзідэнцыі можа стаць выдатным і заўсёды актуальным трэнажорам у асэнсаванні вашай кар’ернай стратэгіі і месцы ў сусвеце сучарту. З чаго тут пачаць? 

Пастаўце сябе на першае месца 

Калі абставіны не вымушаюць, не кідайцеся адразу пісаць заяўкі – толькі б кудысьці патрапіць*. Запішыце і ацаніце свае ўласныя мэты і задачы і ўжо пасля параўнайце іх з цікавымі вам рэзідэнцыямі: ці адпавядае іх прапанова вашым мэтам? Задайце сабе «праверачныя» пытанні: «На якім этапе кар’еры я знаходжуся? Якім я бачу свой будучы шлях? Ці хачу я працаваць у калектыве ці засяродзіцца на сваім бачанні і ўласным праекце? Ці хачу (гатовы) я працаваць у зусім новым асяроддзі ці буду шукаць студыю ў сваім горадзе, каб жыць дома?».

Не спрабуйце трапіць у рэзідэнцыю, якая не адпавядае вашай катэгорыі: вы не проста дарэмна выдаткуеце час на заяўку – гэтая рэзідэнцыя проста не зможа вам дапамагчы. Сёння міжнародная інфраструктура мастацтва настолькі вялікая, што AiR-праграмы адмыслова абмяжоўваюць «выбарку», каб быць карыснымі менавіта творцам з іх вузкай нішы.

*У абставінах асабістага ці знешняга крызісу і турбулентнасці любое дзеянне мае больш шанцаў стаць паваротнай магчымасцю, чым бяздзеянне. У sekktor год таму мы публікавалі кейс Лены Рабкінай, на той момант, фатографкі на самым старце кар’еры, якая ўзялася за напісанне заявак на ўсе праграмы рэзідэнцый, якія, увага, усё ж адпавядалі яе інтарэсам – аднак не досведу. Яна падыйшла да задачы як да працы на поўную стаўку – і як вынік напісання цэлымі днямі першых заявак, яна за некалькі месяцаў паехала на тры першыя вялікія міжнародныя праграмы, якія дазволілі ёй канструктыўна выкарыстаць неспрыяльны час на творчасць, навучанне і міжнародны абмен з іншымі творцамі. Зараз Лена працягвае працаваць па праграмах рэзідэнцый, вандруючы па краінах Еўропы і набіраючы партфоліа грамадскаарыентаваных арт-праектаў. 

Таксама пашукайце, хто быў у рэзідэнцыі да вас. Наколькі вы адпавядаеце гэтым творцам па ўзросце? Ці падобныя іх працы на тое, чым вы займаецеся? На якім этапе сваёй кар’еры яны знаходзіліся: пачаткоўцы ці ўжо сталыя? Часта рэзідэнцыі арыентуюцца менавіта на творцаў пэўнага тыпу. 

Інвестуйце ў самапрэзентацыю

Каб падрыхтаваць заяўку як на рэзідэнцыі, так і на многія іншыя прафесійныя магчымасці сферы мастацтва, вам неабходна мець тыповы мінімальны пакет дакументаў: 

Проза жыцця ў тым, што версій дакументаў з гэтага спісу ў вас назбіраецца мноства, паколькі рэкамендуецца адаптоўваць іх пад канкрэтную магчымасць. Больш за тое, таксама вам могуць спатрэбіцца: рэгістрацыйная анкета, праектная заяўка плюс бюджэт, матывацыйны (суправаджальны) ліст. Падача заявак – гэта пуць не без болю, і каб найхутчэй дасягнуць фазы прыняцця, знайдзіце магчымасць прайсці нават самы базавы курс па фандрайзінгу – так вы хутчэй пазбавіцеся мноства тыповых памылак у апісанні сваіх ідэй у праектнай логіцы і даволі тэхнічнай лексіцы. Праўда, адзначу, што ў падачы менавіта на рэзідэнцыі фармальную мову варта збалансоўваць жывым асабістым тлумачэннем матывацыі. Абгрунтоўваючы матывацыю, шчыра (і без «вады») пішыце, напрыклад, што ў вас паваротны момант у кар’еры, альбо праект мае канкрэтныя тэрміны ці інфанагоды з бягучага кантэксту.

Кансультуйцеся з дасведачанымі калегамі па арт-супольнасці

А іх сярод беларусаў немала! Уласна, у аснове прапанаванай інструкцыі па пакеце неабходных дакументаў – мініканспект нядаўняй лекцыі куратаркі Вольгі Кліп па партфоліа менеджменце. Зараз Вольга набірае новую групу на адпаведны мінікурс, асноўную тэорыю хутка можна будзе «падвучыць» на sekktor. Індывідуальна кансультуе па пытаннях кар’еры ў мастацтве беларускі мастак і аўтар Аляксей Талстоў. Сваю адукайцыную базу па тэме прапануе «Амбасада культуры» на сайце рэзідэнцыйнай праграмы PerspAktiv, рэалізаванай імі супольна з шэрагам партнёраў, за дзейнасцю якіх, дарэчы, варта сачыць. 

Стратэгія ўласнага прафесійнага прасоўвання ў свеце мастацтва – асобная і комплексная тэма. Але калі набыць сістэмныя веды магчымасцяў не бачна, ёсць базавая парада: назапашвайце нагледжанасць за анлайн-прадстаўленасцю іншых творчых дзеячаў. 

Можна адзначыць цэльнасць і паслядоўнасць самапрэзентацыі мультыдысцыплінарнай мастачкі Дашы Цемры, якія можна назіраць па яе сайце, профілю ў Instagram і партфоліа, промароліках для экспазіцыйных праектаў. І нават па кожным выхадзе у публічнасць, што выдатна падтрымлівае яе адметнасць як мастачкі, што камбінуе мастацкія сродкі ад жывапісу да перформансу. 

Памятайце, што вы ўсталёўваеце стасункі – найперш з людзьмі, а не інстытуцыямі

Як аўтарка мікрамедыя, дзе асноўны кантэнт – оўпэнколы менавіта на рэзідэнцыі, я не магу не пацвердзіць базавае правіла: уважліва чытайце тэкст абвесткі – там, як у добрым пытанні, ёсць палова адказаў і лепшыя падказкі. У ідэале – вывучце профіль рэзідэнцыі, канкрэтных яе арганізатараў і куратараў, калі ёсць, тэмы і папярэднія наборы – нават пры змене акцэнтаў кожны год, звычайна прасочваецца сістэма прыярытэтаў у ацэнцы заявак. 

Пры гэтым на практыцы асабістыя кантакты граюць не апошнюю ролю. Як многія праграмы падтрымкі агулам, кожная рэзідэнцыя схільная мінімізаваць свае рызыкі. Таму знаёмства з супрацоўнікамі ці нават папярэднімі ўдзельнікамі рэзідэнцыі грае вялікую ролю: арганізацыі лягчэй даверыцца чалавеку, пра (адэкватнасць) якога нешта ўжо вядома.

Карысна патэлефанаваць ці звязацца па пазначаных кантактах, апісаць свой праект супрацоўнікам і спытаць, ці пасуе ён у прынцыпе. Гэта зберажэ ваш час, і вы не сутыкнецеся з непрыемнай сітуацыяй, калі працу адхіляюць, напрыклад, з-за тэхнічнай немагчымасці яе рэалізаваць, што з інструкцыі не відавочна.

Ёсць сэнс і падавацца на адну і тую ж рэзідэнцыю, якая вас захапляе, некалькі разоў, нават калі ў мінулы вас не ўзялі. Па-першае, ваша імя могуць запомніць і пачаць пазнаваць. Па-другое, могуць змяніцца абставіны, а значыць, і прыярытэты. Акрамя таго, рэзідэнцыі часта запрашаюць для ацэнкі заявак новых куратараў, і тыя могуць убачыць ваш праект праз сваю сістэму каштоўнасцяў, этыку і густ. 

Разгледзьце альтэрнатывы класічным рэзідэнцыям

Напрыклад, звярніце ўвагу на карпаратыўныя рэзідэнцыі. Буйныя, зазвычай тэхналагічныя, карпарацыі таксама сталі ладзіць арт-рэзідэнцыі. У 2005-м Марк Цукерберг запрасіў мастака Дэвіда Чоэ выканаць некалькі насценных роспісаў у офісе кампаніі ў абмен на пакет яе акцый. З 2012 года Facebook ужо рэгулярна запрашае творцаў папрацаваць у розных філіялах і наняла для гэтага каманду куратараў. Для замоўцы ў гэтым шмат пераваг: мастак пераўтворыць прастору, стварае творчую атмасферу для супрацоўнікаў, транслюе такія каштоўнасці кампаніі, як наватарства і схільнасць да эксперыментаў. Акрамя таго, у супрацоўнікаў узнікае магчымасць увесь час назіраць, як працуе мастак. Мастакі-рэзідэнты пры гэтым могуць інтэграваць свой праект (ад жывапісу да перформансу) у працу кампаніі.

Добрай ідэяй будзе таксама сачыць за кампаніямі, якія займаюцца вытворчасцю тэхналагічных інструментаў і платформ для дызайнераў і творцаў. У 2017 годзе Google збіраў мастакоў, мультыплікатараў, дызайнераў і нават танцораў, каб патэсціць Tilt Brush – новы інструмент для стварэння 3D-малюнкаў у віртуальнай рэальнасці. 

Мастак Брэдлі Тэадор выкарыстоўвае HTC Vive і Google Tilt Brush. Аўтар: Google

https://www.youtube.com/watch?v=LBJPIgNXUDI

Вы можаце сказаць, што гэта прыклады з іншай рэчаіснасці, але ўжо іх можна выкарыстоўваць для фармавання нашай – прапануючы праекты падобных арт-рэзідэнцыі знізу. Калі вы самі ці хтосьці з вашых знаёмых дастаткова праактыўны, каб прапанаваць ідэю рэзідэнцый пэўнай кампаніі, чые прастора, прадукты альбо карпаратыўная культура вам падабаецца, то абавязкова спрабуйце! Гэта будзе добрым лакальным прэцэдэнтам рэстарту супрацы дзеячаў культуры з бізнес-партнёрамі. 

Падайце заяўку на… сваю ўласную рэзідэнцыю

Калі гара не ідзе да Магамета, то арганізуйце арт-рэзідэнцыю самі – асабліва, калі вы гарыце нейкай ідэяй, маеце сваю мастацкую супольнасць і напрацавалі пэўны сацыяльны капітал. А для пошуку фінансавага капіталу зараз выключна спрыяльныя часы: для донарскіх інстытуцый арт-рэзідэнцыя можа быць прывабным фарматам працы з самымі рознымі і асабліва ўразлівымі групамі, альбо на тэмы, якія могуць якасна паўплываць на грамадскі дыскурс, супрацьстаяць пашырэнню дэзынфармацыі, прасунуць новыя наратывы ў шырокіх грамадскіх колах. У краінах ЕС не менш значны прыярытэт – прыцягненне ўвагі да экалагічнай павесткі. Падкрэслю, што праекты на гэтыя і падобныя тэматыкі зараз вельмі чакаюцца ад дзеячаў мастацтва і культуры ў большасці конкурсах грантаў, а рэзідэнцыі як па сутнасці творчыя лабараторыі і інкубатары здольныя паскорыць стварэнне арт-праектаў, якія робяць свет крыху лепшым. 

Аб’ектыўна, арганізацыя ўласнай рэзідэцыі – тэма для асобнай серыі гайдаў. Гэтую ж у наступным тэксце мы завершым аглядам платформ і крыніц інфармацыі пра праграмы інстытуцыйнай падтрымкі для мабільнасці творцаў, каб вы маглі шукаць такія магчымасці самастойна. 

Пакінуць адказ

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны. Неабходныя палі пазначаны як *

Прывіт! Мы працягваем рабіць сайт і таму запускаем яго часткамі. Пра ўсе апдэйты трымаем у курсе ў нашых сацсетках. Застаемся на сувязі!