VII фестываль інтэлектуальнай кнігі аб’яднае Вільню, Прагу, Познань і Варшаву.

Сёлетні логунг фестывалю — “Птушкі без гнёздаў” — адсылае да асобы Ларысы Геніюш, якая стала сімвалам нязломнасці і вернасці сваім ідэалам.

10–12 кастрычніка фестываль распачнецца ў Вільні.

Вас чакае размова пра Беларусь з літоўскімі пісьменнікамі, дыскусія пра постфікшн, гутарка пра сацыяльныя перамены і ролю пісьменніка ў фіксацыі нацыянальнай гісторыі, а таксама размова з нагоды выхаду анталогіі, прысвечанай гісторыі фемінізму і правам жанчын у Цэнтральнай і Усходняй Еўропе.

На фестывале адбудзецца прэзентацыя аўтабіяграфічнага рамана “Яблык у валізцы” франтмена гурта Gods Tower Уладзіслава Наважылава (Lesley Knife) і новага выдання “Майстроўня. Гісторыя аднаго цуду” Сяргея Дубаўца.

Дзяцей чакае спектакль “Сумны суп” паводле твораў Вольгі Гапеевай ад тэатра “Прыехалі”. Гэты сямейны спектакль запрашае задумацца пра сяброўства, веру ў сябе і павагу да іншых.

Таксама арганізатары абяцаюць канцэрт віленскіх клезмераў і многа іншых цікавых мерапрыемстваў на самы розны густ.

Партнёры віленскай праграмы фестывалю: Міжнародны саюз беларускіх пісьменнікаў і сайт bellit.info, Беларускі музей імя Івана Луцкевіча, клуб “Paviljonas”.

Сёлета фестываль у Вільні чакае гасцей на дзвюх пляцоўках: Клуб “Paviljonas” (Pylimo g. 21B; тут адбудзецца і кніжны кірмаш ад беларускіх выдавецтваў) і Беларускі музей імя Івана Луцкевіча (Vilniaus g. 20).

Праграма цалкам

24–26 кастрычніка фестываль адбудзецца ў Празе.

На панэльнай дыскусіі “Беларусь і Чэхія ва ўзаемных уяўленнях” гісторыкі і журналісты з дзвюх краін абмяркуюць гісторыю і сучасны стан адносін, разгледзяць пытанні культурных сувязяў, узаемных стэрэатыпаў і магчымасці для новага збліжэння.

На фестывале адбудзецца прэзентацыя рамана Мілаша Урбана “Сямікасцёлле” з удзелам аўтара і перакладчыка Сяргея Сматрычэнкі, а таксама цыкла гістарычных раманаў Крысціны Сабаляўскайце “Silva rerum” у перакладзе Сяргея Шупы.

Госці фестывалю атрымаюць унікальную магчымасць пазнаёміцца з выданнямі часопіса Arche, якія выйшлі ў 2023–2024 гадах і ў выніку рэпрэсій засталіся амаль па-за ўвагай.

Вас чакаюць дыскусіі і выступы, прысвечаныя нацыянальнай гісторыі, дэмакратыі і інклюзіўнасці, аналізу беларускай жаночай і квір-літаратуры, размова пра будызм ад Макса Шчура і малавядомыя старонкі беларускага самвыдаву.

Кінапраграма PRADMOVA ў Празе прэзентуе кароткаметражку “Суд мёртвых”, пасля якой запланавана дыскусія пра адлюстраванне падзей 2020 года ў мастацтве.

Завершыцца фестываль ў Празе аўтарскім вечарам Андрэя Хадановіча “Дзень роўны жыццю”.

Партнёры пражскай PRADMOVA: “Беларускі інстытут у Празе” і Грамадзкае аб’яднаньне “Пагоня”.

Праграма цалкам

PRADMOVA — гэта найбуйнейшы міжнародны фестываль інтэлектуальнай кнігі, які стаў пляцоўкай падтрымкі і папулярызацыі беларускай культуры па-за межамі краіны. Ён збірае аўтарак і аўтараў, выдаўцоў і выдаўчынь, даследчыц і даследчыкаў, чытачак і чытачоў з розных краін свету, ствараючы прастору для адкрытага дыялогу, творчасці і культурнага абмену. Фестываль падтрымлівае разнастайнасць інтэлектуальных фарматаў — ад традыцыйных кніжных праектаў да эксперыментальных культурных практык.

7–9 лістапада фестываль наведае Познань, а завершыцца PRADMOVA 21–24 кастрычніка ў Варшаве