«Мы рады паведаміць, што куратаркай выставы transmediale 2027, прысвечанай 40-годдзю фестывалю, стане Антаніна Сцебур. Куратарка і даследчыца была абраная паводле вынікаў адкрытага конкурсу — яе прапанова вылучылася сярод мноства заявак», — гаворыцца на сайце падзеі.

Антаніна разглядае юбілей transmediale праз прызму «руін інфраструктуры» як метаду.

«Замест святкавання дасягненняў я прапаную затрымацца ў стане паломкі, мілітарызацыі паўсядзённых сістэм. Мне хацелася б пераасэнсаваць саму transmediale як канфігурацыю — не проста пляцоўку для рэпрэзентацыі, а як структуру ўяўлення будучыні, у якой мы востра маем патрэбу», — напісала куратарка.

Антаніна Сцебур — даследчыца, куратарка, галоўная рэдактарка AWC Journal і заснавальніца дэколаніяльнай даследчай лабараторыі Mycelium.

Transmediale — адзін з найвядомейшых міжнародных фестываляў лічбавага і медыямастацтва, які штогод адбываецца ў Бэрліне з канца 1980-х гадоў.

Галоўная выстава transmediale 2027 адчыніцца адначасова з фестывалем у канцы студзеня 2027 году ў Акадэміі мастацтваў у Бэрліне (Akademie der Künste, Hanseatenweg) і будзе працаваць каля шасці тыдняў.

Фота: Віялета Саўчыц