29 лістапада дзве выбітныя беларускія пісьменніцы стануць госцямі выставы Bliski Wschód, daleki Zachód — Kijowskie Biennale 2025 у варшаўскім Muzeum Sztuki Nowoczesnej, Audytorium (Marszałkowska 103).
«Пісьменніцы апісваюць складаную палітычную і сацыяльную сітуацыю ў сваёй краіне і актыўна супраціўляюцца рэжыму, які змагаецца з любымі праявамі мастацтва, што яго крытыкуюць», — гаворыцца ў анонсе мерапрыемства.
Гутаркі са Святланай Алексіевіч і Евай Вежнавец правядзе журналіст Войцех Шот.
Сустрэча на беларускай і рускай мовах з перакладам на польскую. Уваход вольны!
29.11, 16:00 – 17:30 Супраціўляйся! Пошук словаў. Размова са Святланай Алексіевіч
Святлана Алексіевіч — беларуская пісьменніца, лаўрэатка Нобелеўскай прэміі ў галіне літаратуры, вядомая сваёй паліфанічнай, дакументальнай прозай. Зараз яна працуе над новай кнігай, у якой разглядае экзістэнцыйнае вымярэнне жудаснай, усё большай бруталізацыі палітыкі. Карыстаючыся сведчаннямі відавочцаў, яна аналізуе механізмы гвалту, што ляжаць у аснове розных, узаемазвязаных падзеяў — у тым ліку расійскага ўварвання ва Украіну і ўсё яшчэ працягваючыхся ў Беларусі цяжкіх палітычных рэпрэсій.
Святлана Алексіевіч таксама з’яўляецца заснавальніцай выдавецтва Pflaŭmbaŭm, якое цяпер працуе ў выгнанні ў Літве. Pflaŭmbaŭm падтрымлівае жаночыя галасы ў літаратуры, каб натхняць на шырэйшую рэфлексію і аспрэчваць дамінуючыя наратывы.
Падчас размовы Святлана Алексіевіч распавядзе пра тое, як напісанне і выданне кніг можа стаць актам супраціву апантанасці і знішчэнню.
29.11, 18:00 – 19:30. Супраціўляйся! У падполлі і ў выгнанні. Ананімны дзённік з Мінска і размова з Евай Вежнавец
Найцяжэйшай і найбольш палохаючай задачай, якая стаіць перад літаратурай у часы вайны і крызісу, з’яўляецца апісанне таго, што адбываецца вакол нас. Знайсці адпаведныя словы ў момант, калі іх не стае, калі рэчаіснасць палохае і адбірае сілы дзейнічаць. Для сучасных беларускіх аўтараў гэта азначае складаную працу — пошук сцежкі амаль навобмацак у свеце гуманітарнага крызісу, які Беларусь адначасова і стварае, і ад якога сама пакутуе.
Падчас сустрэчы будуць агучаныя фрагменты ананімнага дзённіка, што апісвае падзеі жніўня 2025 года ў Мінску. Пісьменніца Ева Вежнавец распавядзе пра сваю працу і пра патэнцыял беларускай літаратурнай сцэны, якая застаецца актыўнай у падполлі і ў выгнанні, нягледзячы на рэпрэсіі. Адкуль бярэцца адвага, што дазваляе беларускім пісьменнікам і пісьменніцам супраціўляцца значна мацнейшаму суперніку і змрочнай будучыні? Якім чынам яны здольныя пераасэнсоўваць межы таго, што (не)магчыма?