Музыка Яўген Кучмейна, менавіта ён выступае пад гэтым псеўданімам, адгукнуўся на прапанову солтыса, які вырашыў ажывіць невялікую вёску Малыя Азяраны на Падляшшы. Пра гэта паведамляе tvn24.pl.
Раней солтыс Лешак Скродскі абвясціў, што гатовы здаваць зямлю ў вёсцы за сімвалічную плату — 100 злотых у месяц за 1000 квадратных метраў. Акрамя таго, ён паабяцаў дапамогу з пошукам спадкаемцаў пустых хат.
Восенню беларускі музыка Яўген Кучмейна адным з першых пераехаў у Малыя Азяраны. Цяпер ён жыве ў пераабсталяваным амбары солтыса, які хутчэй нагадвае лофт: унутры ёсць гасцёўня, спальня, ванная. У спальні Яўген зрабіў студыю гуказапісу і працуе над новым альбомам.

«Я пераехаў у верасні. Дакладна буду жыць тут год, бо, думаю, столькі зойме запіс альбома пра Азяраны — зараз гэтым і займаюся. Зрэшты, я часта мяняю месца жыхарства, вяду, можна сказаць, качавы лад жыцця», — распавёў ён.
