Беларускі творца быў адабраны ў лабараторыю Script Station праграмы Berlinale Talents-2026 з новым ігравым праектам INCUBATOR.
Раней рэжысёр і сцэнарыст ужо ўдзельнічаў у Berlinale Talents-2022, а зараз вяртаецца як alumni з праектам у распрацоўцы.
Яго паўнаметражны дакументальны дэбют Courage, прысвечаны пратэстам у Беларусі, таксама быў паказаны на Берлінале.
Berlinale Talents — гэта прафесійная праграма Берлінале для 200 кінематаграфістаў і стваральнікаў серыялаў з усяго свету: панэльныя дыскусіі, воркшопы, нетворкінг і праектныя лабараторыі.
Talents Lab у 2026-м асобна факусуецца на праектах alumni «у распрацоўцы», а Script Station – адзін з трэкаў, дзе ўдзельнікі развіваюць поўнаметражныя сцэнары разам са скрыпт-кансультантамі.
Berlinale Talents 2026 пройдзе 13-18 лютага ў Берліне на новай пляцоўцы Radialsystem.
Пра што INCUBATOR?
Гераіня Марыя (35), маці з Беларусі, ідзе на сурагатнае мацярынства ва Украіне, каб выратаваць мужа, асуджанага рэжымам Лукашэнкі, але пачатак вайны радыкальна мяняе яе план — і яна з нованароджаным дзіцём аказваецца ўцягнутая ў небяспечную штодзённасць ваеннага часу.