У інтэрв’ю для праекта EU NEIGHBOURS east, якое выйшла на сайце «Люстэрка», Аляксандр Багданаў даў парады беларускім дзеячам культуры, якія, як і ён, былі вымушаныя з’ехаць і цяпер шукаюць сваё месца.

— Вучыць мову, абавязкова. Я ўпэўнены, што калі б у мяне англійская і польская былі на пару узроўняў вышэйшыя, то з’явіліся б і іншыя магчымасці, я быў бы больш рэалізаваны. Мне не хапае добрай англійскай, каб, напрыклад, падавацца ментарам у міжнародную праграму для маладых артыстаў, дзе плацяць добрыя ганарары. Ведаў, досведу і кваліфікацыі для гэтага хапае, але ўзровень мовы недацягвае, каб у поўнай меры весці інтэнсіўныя курсы для дзесяці замежных музыкаў, — расказаў Папа Бо. — Таксама праз гэта я не магу паўнавартасна ўдзельнічаць у міжнародных канферэнцыях, бо, хоць маёй англійскай хапае для разумення і базавага тлумачэння, гэтага недастаткова, каб удзельнічаць у панэлі на канферэнцыі або даваць глыбокае інтэрв’ю, шчыльна дыскутаваць і разважаць.

Нагадаем, арт-менеджар і дыджэй стаў шырока вядомы ў 2020-м, калі граў свае сэты проста падчас вулічных маршаў. Пасля жорсткага затрымання са збіццём, некалькіх месяцаў у СІЗА і прызначэння «хіміі», ён быў вымушаны пакінуць Беларусь. Цяпер жыве ў Польшчы і працягвае развіваць праект Belarus Outside Sound System — рух музычнай салідарнасці.