
Дыскусія "Летуценнікі і практыкі: тры пакаленні беларускай культуры"
“Інтэграваць свой прадукт, а не сябе”. Адабралі галоўныя тэзы з дыскусіі “Летуценнікі і практыкі” на кракаўскім фэсце “Летуцень”
Вернемся ў пачатак жніўня, калі на кракаўскім фестывалі “Летуцень” адбылася дыскусія «Летуценнікі і практыкі: тры пакаленні беларускай культуры». Зафіксаваць гаворку падаецца важным, паколькі думкі, на ёй агучаныя, дрэйфуюць па многіх публічных размовах незалежнага белкульту ў эміграцыі, але падаецца, што адказваць на іх атрымліваецца ўжо больш бадзёра.
Партнёрскі матэрыял
Следуючы назве, дыскусія сапраўды праявіла гэтыя дзве оптыкі ў дачыненні культуры: летуценна-настальгічная фаза перайшла ў публічны практыкум па фінустойлівасці для арт-праектаў. А скончылася – развагамі пра зоны росту, буду не на сваёй тэрыторыі. Размова мела сваю драматургію – што мы пастараліся перадаць ніжэй, захоўваючы стыль і факталогію.
Тры пакаленні беларускай культуры ў размове увасобілі сабой тры госця. За моладзь “граў” Дзяніс (Дзёня) MANDZIK — беларускі рэпер і грамадскі актывіст; за “дарослых” — Ліза Ветрава, выкладчыца, блогерка і папулярызатарка беларускай культуры, менеджарка культурніцкіх праектаў кампаніі «Годна!». Старэйшае пакаленне агучваў драматург, мастацкі кіраўнік і сузаснавальнік Свабоднага беларускага тэатра Мікалай Халезін.
Мадэравала дыскусію Вольга Салахеева, культурная менеджарка і фандрайзерка каманды фестываля «Летуцень».
Дзея першая. Настальгічная
Раскажыце пра свой шлях у культуру. Як вы пачыналі і што шукалі?
Дзяніс MANDZIK: Мой шлях у культуру быў даволі просты. Спачатку я зацікавіўся беларускай палітыкай — даведаўся, што адбывалася ў 90-х і ў пачатку нулявых. Усё гэта, канешне, было вельмі сумна, таму я пачаў шукаць пазітыў і звярнуўся да музыкі беларускай. Пачаў вельмі шмат яе слухаць.
Калісьці я пісаў вершы і аднойчы прынёс іх паэту Віталю Рыжкову. Ён сказаў: «Дзёня, у цябе… (паўза) дрэнныя вершы, паспрабуй чытаць рэп». Я паспрабаваў — і ўжо 10 гадоў гэтым займаюся. Так і знайшоў галоўную справу свайго жыцця — музыку.
Ліза Ветрава: Я нарадзілася ў Нясвіжскім раёне і расла ў культуры Радзівілаў. Сорамна прызнацца, але я толькі ў дарослым узросце даведалася, што ёсць попыт на “вышыванкі” – народная культура прайшла міма мяне. У Нясвіжы ўсё пра Радзілілаў: з дзіцячага садка цябе возяць і паказваюць Нясвіжскі палац, гісторыі пра тое, як можна класна патусіць: катацца на солі і з мядзведзьмі.
Да таго ж, у месцы, дзе я нарадзілася, беларуская гаворка была вельмі моцная, таму ў мяне не было складанасцяў ні з мовай, ні з разуменнем культуры ў цэлым.
Мікалай Халезін: Мне непрыстойна казаць год, калі ў мяне ўсё пачалося… У пачатку 90-х мы арганізавалі першы тэатр у Мінску -- Альтэрнатыўны тэатр. Потым я адкрыў галерэю (Vita Nova – паз. sekktor), а потым пераўтварыў яе ў цэнтр сучаснага мастацтва. Там пачаў пісаць п'есы.
Раптоўна ў нас з'явіўся прэзідэнт, і на гэтым мой паход у мастацтва скончыўся -- я стаў займацца журналістыкай, потым палітыкай. А потым мне страшэнна надакучылі палітыкі, бо стала проста вельмі цяжка з імі размаўляць. І я зноў пачаў пісаць п'есы. А потым, так здарылася, арганізаваў тэатр (Свабодны тэатр, 2005 год – паз. sekktor) – дапамаглі сямейныя сувязі, у якіх мяне часам дакараюць.
Нядаўна я паспрабаваў вярнуцца ў сучаснае мастацтва. Да 22 лістапада на Венецыянскай біенале працуе беларускі павільён -- там можна паглядзець маю працу. На сённяшні дзень, медыйны ахоп беларускага павільёну склаў больш за 400 мільёнаў чалавек, так што [пры ўсёй крытыцы] у выніку неяк я задаволены тым, як прайшла гэтая спроба вярнуцца…
А, зараз я заканчваю кнігу – а гэта зусім іншая гісторыя. Увогуле, усюды і нідзе -- такая гісторыя ў мяне з сучасным мастацтвам.

Як вы апісалі б розніцу, якая была культура і ўмовы для яе раней, на вашым старце ў ёй, і што зараз?
Мікалай Халезін: У мяне супалі палітычная акцыя і першая творчая праца. Гэта быў, не палохайцеся, 88-ы год. Тады яшчэ было вельмі смешна біцца з мянтамі, бо яны былі ў шынелях і з пластыкавымі шчытамі, і гэтыя шчыты разляталіся аб сасну.
Калі паглядзець з цяперашняй сітуацыі, тады гэта быў такі анты-Камедзі-шоу. І мастацтва было такім жа: гэта быў дыктат музыкі: «Уліс», «Мроя». Усе хацелі спяваць. Літаратары хацелі пісаць, але ў іх мала што атрымлівалася. Усё было вельмі непрафесійна і вельмі наіўна -- але менавіта таму неверагодна шчыра.
Вучыцца мы тады не маглі -- вучыцца маглі толькі абраныя, тыпу Валодзі Цэслера, Сяргея Грыневіча або Алеся Пушкіна. Пра Алеся хачу расказаць гісторыю. Калі ён выйшаў на акцыю, яго адразу ўзялі мянты — і тут жа пачалася забастоўка ў тэатральна-мастацкім інстытуце. Праз пару дзён яго вызвалілі. Уяўляеце сабе такую атмасферу? Вось такое было асяроддзе мастацтва. Гэта было нават не асяроддзе -- гэта былі ўсполахі шаленства.
Ліза Ветрава: Калі казаць ад імя арганізацыі «Годна!», 2020-м стаў памежным годам. У нас было запланавана вельмі шмат фестываляў у Менску. Якія спачатку перакрэсліў кавід – мы перайшлі ў анлайн-фармат. І так, гэта мела свой плён – у 2021-22-м «Годна» быў адным з самых папулярных грамадзянскіх праектаў.
Зараз у нас ідзе праект lepsh.school — мы робім курсы. Нашая задача, каб беларускамоўных курсаў на самыя розныя тэмы было як мага больш. Адзіная ўмова — курсы мусяць выкладацца па-беларуску.
Дзяніс MANDZIK: (да Лізы) У мяне, дарэчы, ёсць лекцыя па гісторыі беларускага рэпу. Я пачынаў на пачатку 2017-га года — тады рэп-артыстаў можна было пералічыць літаральна на пальцах адной рукі. Новых артыстаў я дачакаўся, ужо калі быў у Польшчы -- у 2021-м. Зараз я гляджу на тое, што адбываецца ў Беларусі, і вока цешыцца: там зноў дазваляюць фэсты, артысты могуць па-беларуску спяваць. Мы самі маленькімі крокамі прабіваем нейкую стабільнасць беларускай культуры.
Дзея другая. Прагматычная
Што дапамагае нашым беларускім праектам быць устойлівымі ў эміграцыі? Што дапамагае вашым праектам і вам асабіста?
Дзяніс MANDZIK: Я проста пражыў гэтыя 10 год (у музыцы) і не спыніўся, таму што для мяне мая творчасць – гэта маё жыццё. Ці гэта ўстойліва? Хутчэй не. Вось зараз у мяне ляжыць напісаны альбом, але выпусціць яго – грошай няма. Я працую проста звычайным кухарам. Але ёсць і іншая праблема – я трошку саромеюся прасіць у людзей грошы.
Ліза Ветрава: На чым трымаемся мы ў “Годна”? Мне падаецца, на нейкім дурным аптымізме. Ну праўда. Калі няма фінансавання — валанцёрым, працуючы на іншых праектах, бо нам баліць за беларускую культуру. Мы хочам, каб яна была ў вашай штодзённасці — каб вы глядзелі беларускі YouTube, слухалі беларускую музыку, таму што гэта кайфова.
Трэба падтрымліваць беларускіх творцаў, у тым ліку фінансава. Калі ў вас ёсць магчымасць даць хаця б 5–10 еўра — для любога творцы, кнігавыдаўца, Youtube-блогера – гэта стварае для іх вельмі важную базу. Калі маеце з сабой наяўныя – падтрымайце Дзёню! Бачыш, Дзёня, я не баюся прасіць для цябе грошы.
Мікалай Халезін: (да Дзёні) Якая сума табе патрэбная для запісу альбома?
Дзяніс Мандзік: Не ведаю… магчыма, тысячы тры (задумаўся).
Выкрыкі з “залы”: Кажы больш!
Дзяніс MANDZIK: Добра, напрыклад, 4 тысячы еўра.
Мікалай Халезін: Для якой-небудзь IT-кампаніі, якая базуецца тут жа, у Кракаве, 4 тысячы еўра — гэта не сума. Гэта добрая вячэра некалькіх чалавек.
Давай я проста падкажу табе адзін лайфхак. Бярэш паперку, дзеліш напалову: злева пішаш "хто", а ў другой графе -- "колькі". Праз месяц ты збярэш усё.
Вельмі рэкамендую рабіць так, калі вам патрэбныя грошы на праекты. Тады бізнесмены, якія даюць грошы, не адчуваюць, што да іх прыйшлі толькі па тое, каб узяць грошай. Замест "дайце грошай", кажыце: "Я хачу ўключыць вас у свой праект".
Упершыню беларускія бізнесоўцы закрылі 60% бюджэту нашага павільёна ў Венецыі -- а гэтую лічбу страшна называць публічна. Адзін з іх, калі прыехаў у Венецыю на адкрыццё, сказаў мне: "Я аб'ехаў 20 павільёнаў. Наш -- лепшы". Разумееце, у чым сэнс? Не ў тым, што наш павільён лепшы, а ў тым, што ён сказаў "наш". Гэта значыць яго -- гэтак жа, як і наш. Ён ужо лічыць павільён сваім, бо гэта ёсць яго ідэнтычнасць, гэта ёсць яго прызнанне таго, што мы ідзем кудысьці разам. Гэта не прыйсці з просьбай даць грошай -- гэта прапанаваць зрабіць свой уклад у нешта.
Вось мой унёсак у твой альбом (перадае грошы).
Дзяніс MANDZIK (расчулены): Божа, гэта ж цудоўна... Я вельмі вам удзячны! Проста я не хачу, каб людзі мне... спачувалі. Я ж шчаслівае жыццё жыву – мне вельмі падабаецца маё жыццё – і часткай гэтага жыцця з'яўляецца рэп. Вось вы кажаце, як бы “ўключыць” людзей у гэта… Атрымліваецца, што мне трэба “ўключыць” іх у сваё жыццё… (тым часам гледачы перадаюць новыя данаты на стол) Гэта… божа, рабяты, вы проста супер!.. Бачыць бог, я не хацеў!
Мікалай Халезін: Я даў табе грошы не для таго, каб паспачуваць. Для мяне гэта --- тыповая самарэклама. Гэта я ўдзячны табе за тое, што магу стаць першым чалавекам, які падтрымаў выданне твайго альбома!
Я заўсёды выступаю за тое, каб усе нашыя афіцыйныя структуры: Офіс, Кабінет і гэтак далей, — усвядомілі, што цяпер нам вельмі важныя медыя і культура. Культура --- гэта тое, як мы рэпрэзентуем сябе ў свеце. Мы павінны ствараць і вялікія, флагманскія праекты (а мы здольныя), і падтрымліваць малыя. Флагманскія праекты здольныя выцягнуць з сабой шмат дробных. Але! Флагманскі праект павінен стылічна і тэматычна дакладна трапіць у сусветны кантэкст. Вось тады да нас прыйдзе наш поспех, які паскорыць нашае вяртанне на радзіму.

ІНТЭГРАЦЫЯ
Дзяніс MANDZIK: Дадам тут. Я лічу, што беларуская культура павінна больш інтэгравацца — і я не пра тое, каб забываць свае карані, а пра тое, каб больш людзей вакол нас маглі зразумець, пра што мы і хто мы. Я стасуюся кожны дзень з замежнікамі і бачу, што зацікаўленасць намі ёсць, і яна вялікая.
Аднак мы жывем у гасцях у палякаў, але забываемся нават прадубляваць пасты і анонсы ў сацсетках на іх мове. Дзеля іх я пачаў весці свой Instagram хаця б не на кірыліцы, на беларускай лацінцы.
Дзе баланс паміж інтэграцыяй і захаваннем свайго, беларускага?
Дзяніс MANDZIK: Мне падаецца, мяжу кожны абірае сам для сябе. Вось у мяне ёсць альбом з 12 трэкаў: шэсць будзе па-беларуску, тры па-польску і два на міксе. Гэта што значыць? Я згубіў свае карані ці не?
Мікалай Халезін: Ты мусіш інтэграваць свой прадукт -- не сябе. Праблема з мовай моцна перабольшана. Опера "Дзікае паляванне караля Стаха" -- першая опера, якая прагучала на галоўнай брытанскай сцэне па-беларуску. Кагосьці ў зале бянтэжыла, што гэта па-беларуску? Не.
У Мексіцы на стадыёне мексіканцы жыўцом спяваюць тэксты Molchat Doma. Вы ўвогуле ўяўляеце гэта? Такія праекты працуюць, таму што прымушаюць людзей думаць, што беларусы -- гэта не лапці. Гэта пра сучаснае мастацтва.
Пытанне да Мікалая. Уявім: усё добра, усё скончылася, рэжым паў. Што ты робіш?
Мікалай Халезін: Хутка еду ў Беларусь афармляць пенсію і пішу хадайніцтва майму прэзідэнту, каб мне нешта далі. А калі сур'ёзна, я магу стварыць, напрыклад, культурны цэнтр на базе нейкай фабрыкі ці завода: прывозіць нешта сучаснае, зусім новае з розных краін свету. Пытанне толькі ў тым, што калі ўлада мяняецца, трэба ёй гэта ці не трэба?

Беларуская культура моцна палітызаваная. Ці не з'яўляецца гэта нашай стратэгічнай памылкай?
Дзяніс MANDZIK: Я лічу, што беларускую культуру палітызуе не культура, а ўлада. Што важна творцу? Воля. І калі ў цябе няма гэтай волі, ты пачынаеш пісаць пра тое, што ў цябе яе няма.
Ліза Ветрава: Творчасць адлюстроўвае ўнутраны стан, хочаш ты таго ці не. А мы знаходзімся ў такім кантэксце, што пісаць пра штосьці класнае даволі складана. Як маляваць нейкія сонечныя дні, калі ва Ўкраіне вайна пачалася і ты ведаеш, што твой сябра там ужо загінуў, а ты не можаш нават на пахаванне паехаць?
Мікалай Халезін: Нам трэба сканчваць з гэтай віктымізацыяй і абмеркаваннем таго, хто на якіх антыдэпрэсантах сядзіць.
[мантажная склейка] Ліза Ветрава: Тое, што мы сустракаемся і кажам, хто якія антыдыпрэсанты прымае, гэта нармальна. Гэта не пра нашую слабасць, гэта пра нашую моц, бо мы можам пра гэта казаць. Я кажу шчыра як чалавек, які мае дэпрэсіўныя эпізоды: вельмі складана публічна сказаць пра гэта. Але калі ты пра гэта кажаш, іншыя людзі адчуваюць сябе лепш і маюць большую эмпатыю, большы давер.
Мікалай Халезін: Калі казаць агулам, наш востры крызісны перыяд заканчваецца, мы пражываем хутчэй за яго водгаласы. Я пра іншае. На Венецыянскім біенале, мы прадставілі беларускую праблематыку як кропку ўваходу ў шырэйшую палітычную і сацыяльную рамку, "рассунулі" яе на іншыя краіны. Толькі на гэтым нельга спыніцца: ты мусіш растлумачыць, чым гэта пагражае астатняму свету: сістэмы сачэння, кантроль над асобай, ICE, якая забівае людзей, і гэтак далей.
Тады гэта не віктымізацыя -- гэта сур'ёзная размова на актуальную праблему, і запатрабаваная яна значна больш.
Financial Times унёс беларускі павільён у топ лепшых на Біенале менавіта таму: гэта была размова аб свеце цяперашнім. А размовы аб тым, што нас ціснуць, што мы там паміраем -- гэта ніхто ўжо не будзе слухаць.
Проста гэта ўжо не актуальна. Больш актуальным быў бы, напрыклад, серыял “Сябры” пра шасцярых беларусаў, якія жывуць у Кракаве. Чаму ён яшчэ не зняты? Вось чаго я чакаю -- моманту, калі мы пачнем весела казаць пра нас. І так, з улікам усіх нашых "гемарояў". Нам пара перайсці ў фазу, добра, калі не вясёлага наратыву, то проста разваг, спробаў усвядоміць сябе новымі.
Для мяне тут адзін прынцып найважнейшы -- гэта ўспрымаць эміграцыю не як трагедыю, а як шанец. Калі я ўжо стаў жыць у Лондане, у нейкі момант я раптам зразумеў: "Пачакайце. Тут жа патрэбныя мае заіскванні або перамовы з кімсьці. Тут патрэбна ідэя. А пад гэтую ідэю там ёсць усе інстытуцыі. Яны тваю ідэю гатовы падтрымаць, развіць і ўвасобіць. Але ты павінен гэтую і само ўзяць. Тое ж самае зараз ёсць тут, у Польшчы, --- дастаткова інстытуцый, якія ў стане гэта падтрымаць.. А беларусы ўмеюць ствараць ідэі.
І апошняя просьба, калі раптам у вас ёсць жаданне дапамагчы Дзёне на альбом, то вось тут можна пакласці на столік, калі ласка. Дзякуй.
Эпілог

10 жніўня ў сваім Telegram-канале Дзёня апублікаваў апдэйт па падтрымцы свайго альбому. Аднак хочацца верыць, што практыкаванне ў краўдфандынгу яшчэ сябе праявіць. Бачыць бог, гэта карысна і беларускім творцам, і іх публіцы!