Перайсці да асноўнага зместу

«Нармалізаваць не крызіс, а суіснаванне»: як беларуская культура ў выгнанні можа будаваць устойлівыя сувязі ў ЕС

Форум EU4Culture. Фота: Яўген Канаплёў-Лейдзік
Тэзісы

16 кастрычніка ў Warszawskie Obserwatorium Kultury (WOK) афіцыйна пачалася беларуская частка праграмы EU4Culture II. Старт праграмы адзначылі форумам «Па-за экзайлам: беларуская культура ў еўрапейскім кантэксце». Скразной і найбольш гучнай тэмай дыскусій форума стала развіццё міжнародных партнёрстваў і бачнасці беларускай культуры. Мы сабралі ключавыя цытаты выступоўцаў.

Тэкст: sekktor | Фота: Яўген Канаплёў-Лейдзік | Партнёрскі матэрыял.

Форум сабраў разам 6 арганізацый, адабраных у летніх конкурсах ад EU4Culture(знешні сайт, адкрываецца ў новай укладцы), а таксама прадстаўнікоў польскіх інстытуцый, заўважаных у шчыльнай супрацы з беларускай культурніцкай супольнасцю ў Варшаве.

Праграма складалася з трох дыскусій, прысвечаных, адпаведна, пытанням развіцця рэсурснай устойлівасці, выхаду на новыя аўдыторыі і ўсталявання партнёрстваў для беларускай культуры ў замежжы. Пакідаючы за скобкамі тэму рэсурсаў праз перавагу пытанняў, на якія мала новых адказаў агулам па супольнасці, ніжэй падсумуем важныя цытаты па пытаннях, да якіх сыходзіла літаральна кожная размова:

  • Як сёння ўспрымаюць беларускую культурніцкую супольнасць апошняй "хвалі" міграцыі польскія (і шырэй - еўрапейскія) інстытуцыі?
  • У якія сістэмныя "шэрыя зоны" ў культурнай палітыцы Польшчы мы трапілі, але адрэфлексаваць іх надыходзіць час?
  • Пра якія “цяжкасці перакладу” трэба нагадаць сабе, ідучы на новы кантакт?
  • Што не так з паняткам “інтэграцыя” не толькі для мігранцкай супольнасці, а і для польскай як прымаючай?
Форум EU4Culture. Фота: Яўген Канаплёў-Лейдзік

Лаўра Харц (Laura Hartz), дырэктарка Goethe-Institut у Грузіі

Мы далі Форуму назву “Beyond Exile” ("Па-за выгнаннем" - sekktor) невыпадкова. Мінула ўжо больш за 6 гадоў пасля падзей 2020 года. Тое, што спачатку выглядала як надзвычайная сітуацыя, цяпер — не хачу называць гэта статус-кво, – але гэта ўжо больш, чым момант крызісу. Уражвае, як сярод выгнання, нявызначанасці і страты інстытуцыйных структур у Беларусі культурныя ініцыятывы працягваюць ствараць, выдаваць, арганізоўвацца і злучаць людзей.

Пра гэта кажуць і нашыя грузінскія калегі: на жаль, цяпер многія глядзяць на тое, як беларуская культура адаптавалася, трансфармавалася і развіваецца па-за межамі краіны, як на ўрок.

Малгажата Бакалаж-Дзювергер (Małgorzata Bakalarz-Duverger), дырэктарка Варшаўскай абсерваторыі культуры (Warszawskie Obserwatorium kultury))

Мы лічым, што раптоўная шматкультурнасць і шматэтнічнасць, якая цяпер адбываецца ў Польшчы, — справа ўсіх нас, і наш абавязак — шукаць спосабы яе нармалізаваць. Мы не хочам нармалізаваць крызіс — мы хочам нармалізаваць суіснаванне і сумесную працу, перадусім у сектары культуры і мастацтва.

Такая нармалізацыя — гэта беларусы і ўкраінцы ў камандах польскіх інстытуцый, такіх як наша. Гэта сустрэчы, на якія мы запрашаем усіх спецыялістаў у пэўнай тэме — польскіх, беларускіх і ўкраінскіх. Мы робім даследчыя і мастацкія праекты вакол тэмы, а не паходжання: не стыгматызуем адно аднаго краінай, адкуль прыехалі.

Мы хочам паказаць, што ёсць «шмат культурніцкіх Варшаваў», і думаць, як ствараць больш кропак судакранання, каб мы не жылі ў паралельных светах. Але і як пакідаць контркультурныя прасторы, дзе можна быць асобна, адзначаць гэтую асобнасць і разумець, што гэта нармальна.

Форум EU4Culture. Фота: Яўген Канаплёў-Лейдзік
Форум EU4Culture. Фота: Яўген Канаплёў-Лейдзік
Форум EU4Culture. Фота: Яўген Канаплёў-Лейдзік

Як польскія інстытуцыі (не) бачаць беларускую культурніцкую супольнасць

Анатоль Бейфарт (Dr. Anatoli Beifert), кіраўнік праграмы EU4Culture, мадэратар

Марцін, вы сядзіце за адным сталом з беларускімі культурнымі актарамі і чуеце іх праблемы. Ці бачыце вы іх гэтак жа — альбо інакш?

Марцін Ясінскі (Marcin Jasiński), экс-дырэктар Старамейскага Дома культуры,
(Staromiejski Dom Kultury) ў Варшаве

Перш за ўсё трэба змяніць логіку: менш канцэнтравацца на праблемах і ўбачыць у дыяспары рэсурс, выбачайце за крыху дэгуманізуючае слова. Беларуская дыяспара, на мой погляд, выдатна самаарганізуецца і ўмее адраджацца з попелу. Мне нават здаецца, што досведу ў гэтай сферы ў беларускай дыяспары больш, чым у еўрапейскіх арганізацый.

Але дыяспара апынулася ў сітуацыі, калі трэба даваць рады з сістэмамі краін, дзе жывуць яе сябры. А Польшча на фоне Еўропы — не тая краіна, дзе сістэма простая, прыязная і дзе шмат грошай. У вялікіх гарадах недзяржаўны сектар атрымлівае прыблізна 10% сродкаў на культуру, а 90% ідзе на публічны сектар — інстытуцыі і іх утрыманне. Бывае, што грантавы конкурс у Варшаве мае бюджэт у 800 тысяч, а заяўкі падаюць на 7–8 мільёнаў.

Адказ просты: трэба рабіць гэта лепш за польскія арганізацыі. Што для дыяспарных арганізацый даволі цяжка. І справа не заўсёды ў непрыязнасці — гэта таксама недасканаласць сістэмы, не прыстасаванай падтрымліваць непублічнае і пазаінстытуцыйнае.

Але ёсць і вялікая сіла беларускай дыяспары: яна рассеяная па ўсёй Еўропе, а насамрэч па ўсім свеце. Гэта сетка людзей, якія працуюць, напрыклад, у інстытуцыях па ўсёй Еўропе. Мне здаецца, сістэма гэтай сеткі не бачыць.

І яшчэ адзін сістэмны недагляд. У Польшчы беларуская мова ахоўваецца як мова нацыянальнай меншасці. Але адкуль гэтай меншасці, што жыве на Падляшшы, браць культурны змест, як не ад беларускай дыяспары? Беларуская — мова, якая пад пагрозай ва ўласнай краіне. Убачыць гэта на польскім і еўрапейскім узроўні — магчыма, адзін са шляхоў бачнасці беларускай культуры.

Анатоль Бейфарт: Што перашкаджае перайсці ад выпадковага супрацоўніцтва да стратэгічнага і працяглага?

Марцін Ясінскі: Гэта вельмі цяжкае пытанне. Мне здаецца, [польскія] інстытуцыі ўсё часцей выбіраюць кароткатэрміновую стратэгію, а не доўгатэрміновую, — з прычыны сацыяльна-палітычнай рэчаіснасці. Другое — страх перад грамадскай ацэнкай, асабліва ў інстытуцый, якія вельмі прыкметныя ў сацыяльных сетках. Грамадскія настроі ў Польшчы моцна ўплываюць на выбар, які робяць інстытуцыі. 

І яшчэ было б цікава, каб інстытуцыі, якія абвяшчаюць прыгожыя лозунгі (эмпатыя, партнёрства і іншыя модныя словы) рэалізоўвалі іх на практыцы. Тут ясабіста я бачу пэўны рэгрэс. Гэта не толькі пра тое, што мы раптам не вывешваем сцяг на будынку ці не перакладаем свае матэрыялы на іншыя мовы. Гэта і пра тое, што мы менш робім адкрытага, што стварала б супольную прысутнасць з людзьмі, якія прыехалі ў Польшчу.

Я стараюся не карыстацца словамі, якія захоўваюць пэўны гвалт, — напрыклад, «інтэграцыя». Для развіцця супрацоўніцтва патрэбныя, з аднаго боку, дакладныя дадзеныя: колькі прадстаўнікоў дыяспары жыве ў пэўнай мясцовасці або гміне? А з другога — каб інстытуцыі дзяліліся ўладай і давяралі ўсяму асяроддзю, а не проста заказвалі паслугі ў асобных мастакоў ці рамеснікаў.

Форум EU4Culture. Фота: Яўген Канаплёў-Лейдзік

Марцін Ясінскі: 8% варшавянак і варшавян хоць раз у 2025 годзе былі ў доме культуры — гэта каля 100–120 тысяч чалавек. Толькі ў ZUS летась было зарэгістравана 50 з нечым тысяч беларусаў, а рэальна іх, мяркую, удвая больш. Таму добра было б, каб органы мясцовага самакіравання ўсіх польскіх гарадоў, дзе ёсць беларуская дыяспара, пачалі ставіцца да яе як да жыхароў горада, якім належаць пэўныя паслугі — у тым ліку на іх уласнай мове.

Але па сваім прынцыпе польскія інстытуцыі не гатовыя да іншай мадэлі, апрача куратарскай. Тыповая інстытуцыя — гэта куратар, які дакладна ведае, чаго хоча, і не пакідае месца для конкурсаў, адкрытых фарматаў. Але калі думаць сістэмна, для такіх дыяспар, як беларуская, гэта абсалютна ключавое.

Анатоль Бейфарт: Ці бачаць польскія арганізацыі карысць у магчымай супрацы з беларускімі дзеячамі і дзяячкамі культуры?

Малгажата Бакалаж-Дзювергер: Мы рабілі эвалюацыйнае даследаванне праграмы рэзідэнцый Тэатральнага інстытута імя Рашэўскага. Інстытуцыі, якія прымалі творцаў, не мелі ніякіх сумневаў, якую карысць атрымалі. Па-першае, новую публіку: калі рэзідэнтка паказвала спектакль, у тэатр прыходзілі людзі, якія раней туды не заходзілі. Па-другое, вельмі канкрэтныя новыя тэхнікі працы.

Часта беларускія канцэрты праходзяць у арэндаваных залах тэатраў, і тэатры іх зусім не прасоўваюць: няма інфармацыі, афішы. І польская публіка на такі канцэрт не прыйдзе, хоць магла б.

Я вельмі заахвочваю хутчэй супрацоўнічаць з польскімі інстытуцыямі, чым арандаваць у іх прасторы. Калі мы супрацоўнічаем, узнікаюць адносіны, а калі арэндуем — мы проста кліенты. <...>Адносіны на эмоцыях [хвалі крызісу] працавалі добра, але нядоўга. А прафесійныя адносіны могуць трываць даўжэй. Прафесійнага “рэгістру” цяпер дастаткова, каб сінхранізавацца і працаваць разам. І публіка за гэтым прыйдзе. 

Вольга Мжэльская: Часам чую ад польскіх калег, што яны супрацоўнічаюць з беларусамі, а беларусы не выяўляюць нейкай… цеплыні. Мне здаецца, нам трэба трохі навучыцца быць цяплейшымі. Гэта не таму, што мы няўдзячныя, — проста мы так трымаем сябе ў руках, што забываемся пра нармальныя чалавечыя стасункі.

Малгажата Бакалаж-Дзювергер: Этас публічных інстытуцый у тым, што яны існуюць за грошы падаткаплацельшчыкаў для ўсіх жыхароў горада. Калі за стварэннем прасторы для дыяспары не пойдзе адкрыццё для іншых груп, у тым ліку для палякаў, цяжка будзе знайсці аргумент, каб інстытуцыя працягвала гэтую справу.

Калі мы прыйшлі ў Бюро культуры і сказалі, што будзем займацца даследаваннямі дыяспар, дырэктар сказаў мне: «Прыйшлі да мяне беларусы і хацелі, каб ім зрабілі дом культуры, а я ж не магу». Я кажу: «Не, мы пра іншае: каб усе гэтыя беларусы, украінцы і грузіны маглі рабіць файныя рэчы для варшавякоў. Гэта новыя жыхары Варшавы». — «А, тады ў парадку». Таму калі мы хочам мець украінскі дом — заснуем асацыяцыю і арэндуем прастору. А калі хочам мець розныя цікавыя месцы, дзе нешта адбываецца, — ідзем у інстытуцыі і размаўляем пра партнёрства.
Форум EU4Culture. Фота: Яўген Канаплёў-Лейдзік

Выходзячы на новыя аўдыторыі...

Вольга Мжэльская: Падаецца, мы зараз у парадаксальным становішчы. З аднаго боку, такой колькасці беларускіх імпрэзаў, беларускіх дзеячаў на фестывалях, беларускіх выставаў па ўсім свеце, мабыць, не было ніколі ў гісторыі Беларусі. Але ці сапраўды гэтая бачнасць перарастае ва ўстойлівую прысутнасць у еўрапейскім жыцці? Па якіх прыкметах мы можам зразумець, што выходзім за межы дыяспары?

Каця Раманчык, кіраўніца sekktor.online

Так, падаецца, прысутнасць на такіх міжнародных івэнтах – першае, што можна “памераць”. Перад нашай размовай я праманіторыла публікацыі рубрыкі “Культурны фронт”(знешні сайт, адкрываецца ў новай укладцы) ад Reform.news: за два гады адно гэтае медыя зафіксавала мінімум 56 узнагарод. Па маіх адчуваннях [ад скролінгу сацсетак], гэтая лічба можа быць удвая большая. Нам сапраўды ёсць чым ганарыцца, але ў нас мала падсумавальнай аналітыкі — каб нагадваць і сабе, і знешнім партнёрам, на які ўзровень мы здольныя. 

Ды і важная агаворка пра развіццё аўдыторыі: перад многімі з нас стаіць задача ўтрымаць аўдыторыю, якая ёсць, асабліва маючы на ўвазе ўнутрыбеларускую. 

Малгажата Бакалаж-Дзювергер: Варта задаць сабе пытанне, што такое — гэтая новая публіка? Магчыма, яшчэ не ўсе беларусы былі на падзеях, якія вы любіце? Мяне супакойвае прыклад Нью-Ёрка ці Амстэрдама: там вельмі шмат падзей, якія арганізуюць групы з розных культур, і яны не абавязкова для ўсіх. Нармальна не вымяраць поспех тым, колькі этнічных груп сядзіць у зале, — бо звар'яцеем. Нашай новай аўдыторыяй можа быць проста іншы сегмент беларускай аўдыторыі, і гэта нармальна.

Агулам, пра якую беларускую культуру мы кажам? Пра добрую літаратуру і добрае сучаснае мастацтва? Альбо пра традыцыю і спадчыну, якія хочам паказваць? Варта гэта сабе «расчарціць», бо такая камплементарная, узаемадапаўняльная супраца вызваляе: табе патрэбныя такія партнёрствы, такая публіка і такая стратэгія, мне – іншыя.

...утрымліваць і развіваць аўдыторыю беларускую

Ілля Андрэеў: Летась мы рабілі даследаванне аўдыторыі і ландшафту кнігавыдаўцоў у эміграцыі. У апытанні было каля 600 чалавек. Асноўная група — ад 25 да 45 гадоў, гэта каля 50% нашай аўдыторыі. Партрэт чытача — гэта чалавек, які вельмі верыць у кнігу, давярае выдаўцам і аўтарам і чакае, што гэты давер апраўдаецца. Адказаў з Беларусі было каля 10–15%, але ядро — гэта беларуская міграцыя ў Польшчы.

Адзін з кейсаў, які не апраўдаў сябе, — дзіцячая літаратура. Мы, хутчэй за ўсё, не прадбачылі, як хутка беларусы інтэгруюцца ў польскую супольнасць. Вынік такі: кнігі па-беларуску дзецям не набываюцца, дзеці чытаюць кнігі са школы. І яшчэ адзін сумны момант: аўдыторыя беларускага чытача ў прынцыпе звужаецца.

<...> Тэарэтычна ў нас ёсць акно, магчыма, у бліжэйшыя 10–15 гадоў. Гісторыя паказвае нам, што інтэграцыя — другі бок асіміляцыі. Другое пакаленне палякаў, якія выязджалі ў Францыю, спяшалася стаць мясцовым, і толькі частка трэцяга звярталася да каранёў. Хутчэй за ўсё, у нас будзе тое самае.

Караліна Сулей: «Інтэграцыя» для мяне гучыць як нешта, што мы абавязаныя рабіць, і ў ёй няма радасці. Я б сказала «знаёміць». Найлепшы спосаб знаёміць польскае асяроддзе з беларускай культурай — паказваць асобаў, іх творчасць, галасы і наратывы, якіх больш нідзе не знойдзеш.

Мы [у фундацыі Kraina] спрабуем змяшаць як мага больш звычайна закрытых груп, каб яны пабачылі адна адну і звязаліся. Паасобку нічога не зробіш. Гэта не толькі беларускі высілак — гэта і польскі высілак. Мы павінны бачыць адно аднаго, але гэта не абавязак — гэта павінна быць захапленне.

Мы выкарыстоўваем мову мастацтва, моды і кухні. Гэта мова для ўсіх: мы ўсе ямо і ўсе апранаемся. Людзі проста купляюць рэчы і запамінаюць: «О, якая цікавая дызайнерка! З Беларусі? Трэба больш пра гэта даведацца!». Так па крупінцы, мастачка за мастачкай, мы знаёмім людзей з цэлай супольнасцю.

Форум EU4Culture. Фота: Яўген Канаплёў-Лейдзік
Форум EU4Culture. Фота: Яўген Канаплёў-Лейдзік
Форум EU4Culture. Фота: Яўген Канаплёў-Лейдзік
Форум EU4Culture. Фота: Яўген Канаплёў-Лейдзік

Цяжкасці перакладу: ад анонсаў да культурных кодаў

Каця Раманчык: На шостым годзе ў эміграцыі мы можам хаця б пачаць перакладаць свае аб'явы і будаваць камунікацыю вакол праектаў па-за шорамі канкрэтнага праекта, на які атрымалі фінансаванне. Жывучы ў праектнай логіцы, многія з нас забываюцца на аўдыторыю, якая нам патрэбная ў доўгатэрміновай перспектыве.

Вольга Мжэльская: Ёсць і адваротныя прыклады. У Аляксандра Адамава нядаўна была выстава, дзе тэксты былі на польскай і англійскай, а на беларускай не было. Добра, што хутка зрэагавалі. Але ў спробах дакрануцца да новай аўдыторыі мы часам забываемся пра сваіх. 

Малгажата Бакалаж-Дзювергер: Летась мы арганізавалі сустрэчу для непольскамоўных арганізацый і запрасілі прадстаўніц гарадскога ўрада расказаць пра грантавыя магчымасці. Вельмі хутка мы сталі перакладчыцамі — але не столькі з польскай мовы, колькі перакладчыцамі кантэкстаў. Тое, што «квэста на Повонзках» — гэта збор грошай на могілках, зусім не відавочна. Палякам не трэба было гэтага рабіць 80 гадоў: цягам трох пакаленняў усе гаварылі адной мовай, глядзелі тыя самыя фільмы, мелі тыя самыя жарты.

Беларускі калектыў ці мастакі павінны паклапаціцца пра тое, каб быць зразумелымі: хутчэй «вялікая літаратура», а не «беларуская літаратура». Але і палякі, якія іх прымаюць, павінны спрабаваць уявіць, як пасунуцца. На гэта трэба цярплівасць і практыка.

Караліна Сулей (Karolina Sulej), журналістка, антрапалагіня,,
пісьменніца і дзяячка культуры, прадстаўніца Fundacja Kraina

<...> Я лічу, што палякі павінны вучыць украінскую і беларускую. Не толькі беларусы павінны вучыць польскую — мы павінны камунікаваць разам. Напрыклад, у Польшчы я не бачу ніводнага амбасадора беларускіх кніг. Ці ведаеце вы кагосьці, хто раскажа вам пра беларускіх аўтараў? Не! Усё, што ёсць, — Instagram і сацсеткі. Але я хачу большага.

Форум EU4Culture. Фота: Яўген Канаплёў-Лейдзік
Форум EU4Culture. Фота: Яўген Канаплёў-Лейдзік

Амбасадоры беларускай культуры ўсё ж існуюць

Ілля Андрэеў: <...> Зрабіць добры пераклад — 10% справы. А што далей? Пераклады беларускай літаратуры не робяць буйныя польскія выдавецтвы — за выключэннем выпадкаў, калі ёсць узнагарода, як у Святланы Алексіевіч. Можна назваць пяць-шэсць беларускіх аўтараў, перакладзеных на польскую. Гэтыя кнігі ёсць, але ці прысутнічаюць яны ў польскай прасторы? Думаю, хутчэй не. Прысутнасць ёсць, а інтэграванасці і цікавасці няма.

<...> Гісторыі асабістых поспехаў заўжды вельмі важныя, асабліва ў літаратуры. Амбасадары ёсць. Андрэй Хадановіч прэзентуе польскую літаратуру беларускаму чытачу гэтак жа цікава, як беларускую — польскаму. Гэта выдатны прыклад культурнага дыялогу.

Часта, як у гісторыі з Альгердам Бахарэвічам, ёсць канкрэтная асоба — амбасадор, перакладчык, які пераканаў [пэўнае выдавецтва], што трэба перакласці. <...> А пераклады «Па што ідзеш, воўча?» Евы Вежнавец — гэта суперпоспех. <...>Тут была мабілізацыя шматлікіх людзей, якія выступілі амбасадорамі, і гэты тэкст пераклалі на шмат моваў.

Вольга Мжэльская: Адзін з прыгожых прыкладаў — як выйшла кніга Альгерда Бахарэвіча “Сабакі Еўропы” па-польску. Акурат тады быў Warsaw Gallery Weekend, і беларуска-польская перформерка Яна Шостак узяла гэтую яркую кніжку ў перакладзе і хадзіла з ёй па імпрэзах як з аксесуарам. Вельмі шмат людзей пыталіся ў яе: а што гэта? Яна стала прамоўтаркай беларускай культуры.

Малгажата Бакалаж-Дзювергер: Калі ў даследаванні ўдзелу ў культуры мы размаўлялі з бацькамі беларускіх і ўкраінскіх дзяцей, яны вельмі часта казалі, што хочуць паказаць аднакласнікам і аднакласніцам на паліцы ў кнігарні беларускага аўтара ці аўтарку. Не наўпроставае "пазнай маю культуру, даведайся пра мой фальклор", а хутчэй "зацікаўся маёй мастацкай літаратурай". Гэта вельмі важны жэст. І такая «аксесуарызацыя», мода вакол кнігі — суперфайная ідэя.

Але прыметнік «беларускі» тут важны. Калі я купляю кнігу Марыа Варгаса Льёсы, я купляю яе не для таго, каб даведацца пра перуанскую культуру, а каб прачытаць вялікую літаратуру. Калі я чытала Алексіевіч, я чытала яе не таму, што гэта беларуская кніга, а таму, што гэта вялікая літаратура. Можа, адказ адзін: добрыя кнігі — цікавыя?

Вольга Мжэльская: Ёсць інстытуты, якія прасоўваюць свае нацыянальныя культуры. Гётэ-Інстытут прасоўвае нямецкую культуру, Інстытут Адама Міцкевіча прасоўвае польскую. У нас няма такой інстытуцыі.

Важная рэч, якую я бачу ва ўкраінскай супольнасці: украінскія дзеячы культуры працуюць у штаце розных інстытуцый у Польшчы і іншых краінах. Калі хтосьці з іх працуе ў аддзеле адукацыі музея сучаснага мастацтва, там будуць экскурсіі па-ўкраінску і варкшопы ўкраінскіх артыстаў. Бо ёсць чалавек у камандзе, які падкажа, што ёсць цікавы ўкраінскі артыст акурат для выставы, якую будуць рабіць праз год. Нам трэба гэтак жа запускаць сябе ў Еўропу – як міцэлій. 

Улюбёная тэма на біс

Andy Novak, энтузіаст ад культуры, мадэратар

Еўрапейцам мы цікавыя, толькі калі гаворым пра палітыку і траўму?

Анастасія Рыдлеўская: У мяне няма ніякай агенды. Я ствараю, бо інакш не магу жыць: пішу песні пра пачуцці, каханне, растанні, страту блізкага чалавека, біпалярны разлад. Да мяне звярталіся людзі, якія падыходзілі не з «ой, бедненькая беларуска», а як да партнёркі: «Нам сапраўды цікава, што ты робіш, давай супрацоўнічаць».

Караліна Сулей: Беларускія мастачкі паказваюць польскай публіцы, што можна перакласці сваю язычніцкую спадчыну, сувязь з прыродай, старыя міфы і казкі — і зрабіць гэта цікавым для палякаў. Яшчэ некалькі гадоў таму палякі не цікавіліся сваёй спадчынай. А потым прыйшлі ўкраінцы і беларусы і сказалі: “Эй, гэта ж вельмі цікава!” Вы паказваеце нам, як зноў усвядоміць, што Польшча была мульцікультурнай. Давайце ставіцца да гэтага як да падарунка, а не як да праблемы, якую трэба вырашаць.

Траўма не непажаданая. Яе проста не трэба эксплуатаваць. Усё залежыць ад ракурсу: гаворка павінна ісці пра асоб і пра выжыванне – жыццё далей. <...> Беларускія мастачкі, з якімі мы працуем, выкарыстоўваюць мову рамяства, вёскі, ведзьмаўскіх гісторый і звязваюць гэта з сучасным фемінізмам. Гэта не пра траўму, а пра вяртанне сваёй сілы, пра свабоду, пра свята жаноцкасці і сястрынства. Зусім іншы наратыў, бо гэта пра вылячэнне.
Форум EU4Culture. Фота: Яўген Канаплёў-Лейдзік
Форум EU4Culture. Фота: Яўген Канаплёў-Лейдзік
Форум EU4Culture. Фота: Яўген Канаплёў-Лейдзік
Марцін Ясінскі і Аляксандр PapaBo Багданаў на EU4Culture Forum. Фота: Яўген Канаплёў-Лейдзік
Форум EU4Culture. Фота: Яўген Канаплёў-Лейдзік
Форум EU4Culture. Фота: Яўген Канаплёў-Лейдзік
«Нармалізаваць не крызіс, а суіснаванне»: — sekktor.online