2027 World Press Photo Contest — конкурс фотажурналістыкі і дакументальнай фатаграфіі
2027 World Press Photo Contest — штогадовы міжнародны конкурс фотажурналістыкі і дакументальнай фатаграфіі, які праводзіць фонд World Press Photo з Амстэрдама. Работы ацэньваюць па шасці рэгіёнах свету ў трох фарматах: асобныя здымкі, серыі і доўгатэрміновыя праекты. У 2027 годзе конкурс вяртае асобныя ўзнагароды за фатаграфію прыроды і спорту: журы абярэ па тры такія работы сярод усіх заявак.
Для каго:
Прафесійныя фатографы(-кі) з любой краіны, якія працуюць у фотажурналістыцы і/або дакументальнай фатаграфіі. Можна падавацца камандай з двух і больш чалавек.
Прафесійны статус трэба пацвердзіць дакументам з сапраўднай датай, напрыклад:
- Прэс-картай, дзе пазначана, што вы працуеце фатографам(-кай);
- Хаця б адной публікацыяй за 2025 або 2026 год у вядомым медыя (анлайн або ў друку) з вашым імем у подпісе;
- Членскім білетам прафсаюза журналістаў(-ак);
- Дакументам пра прафесійнае сяброўства ў прызнанай фотаасацыяцыі;
- Рэкамендацыйным лістом 2025 або 2026 года ад фотаагенцтва, фотарэдактара(-кі) або медыя, дзе вы працавалі фатографам(-кай).
Калі такіх дакументаў няма, можна падаць некалькі іншых — арганізатары(-кі) разгледзяць іх і могуць папрасіць дадатковыя звесткі. Для каманды доказ патрэбны ад кожнага і кожнай. Не лічацца доказам CV, матывацыйныя лісты, дыпломы і прыклады здымкаў.
Не могуць падавацца: людзі, якія працуюць у World Press Photo або ўваходзяць у яго раду, камітэты ці журы конкурсу 2027 года.
Фармат:
Работу ацэньваюць у рэгіёне, дзе зроблены здымкі: Афрыка; Азія-Ціхаакіянскі рэгіён і Акіянія; Еўропа; Паўночная і Цэнтральная Амерыка; Паўднёвая Амерыка; Заходняя, Цэнтральная і Паўднёвая Азія.
Тры катэгорыі:
- Singles (асобныя здымкі) — адзін кадр, зняты ў 2026 годзе;
- Stories (серыі) — ад 4 да 10 кадраў, знятых у 2025 або 2026 годзе, з іх не менш за чатыры — у 2026-м;
- Long-Term Projects (доўгатэрміновыя праекты) — 24–30 кадраў на адну тэму, знятых не менш чым за тры розныя гады, з іх не менш за шэсць — у 2026-м.
На конкурс прымаюцца фотаздымкі, якія асвятляюць навінавыя падзеі і іх наступствы, спорт, прыроду, а таксама сацыяльныя, палітычныя і экалагічныя праблемы і шляхі іх вырашэння. Кожны здымак можна падаць толькі адзін раз: як асобную фатаграфію (Single), у складзе фотагісторыі (Story) або доўгатэрміновага праекта (Long-Term Project).
Што прапануецца:
- 1 000 EUR;
- Месца ў штогадовай вандроўнай выставе World Press Photo, якую бачаць больш за 4 млн чалавек больш як у 60 гарадах свету;
- Публікацыю ў штогадовым каталогу (yearbook) на шасці мовах, які распаўсюджваюць па ўсім свеце накладам больш за 30 000 асобнікаў;
- Публікацыю на сайце і ў сацсетках World Press Photo;
- Камеру Fujifilm X Half;
- Паездку ў Амстэрдам на праграму для пераможцаў: партфоліа-рэв'ю, варкшопы, цырымонія ўзнагароджання;
- Фізічную ўзнагароду.
Аўтар(-ка) World Press Photo of the Year дадаткова атрымлівае 10 000 EUR і яшчэ адну фізічную ўзнагароду. Пераможца і два фіналісты(-кі) Photo of the Year атрымаюць камеры і аб'ектывы FUJIFILM GFX.
Таксама журы абярэ тры World Press Photo Nature Awards (работы пра суіснаванне людзей і жывёл і экасістэмы, у якіх яны жывуць) і тры World Press Photo Sports Awards (энергія, дзеянне і эмоцыі ў індывідуальных і камандных відах спорту). Іх выбіраюць сярод заявак Singles і Stories з усіх рэгіёнаў — асобна падавацца не трэба.
Што чакаецца ад удзельнікаў(-ц):
- Калі работа пройдзе ў фінальныя этапы, з 22 студзеня па 12 лютага 2027 года трэба даслаць арыгінальныя файлы з камеры — без іх заяўку выключаць;
- Калі работа пераможа, трэба даслаць здымкі ў фармаце TIFF 16-bit для выставы і каталога.
Для заяўкі патрэбныя:
- Дакумент, які пацвярджае прафесійны статус;
- Здымкі ў JPEG высокай якасці, у арыгінальным памеры пікселяў (кадраваць можна);
- Убудаваны ICC-профіль: рэкамендуюцца AdobeRGB, sRGB або Grayscale Gamma 2.2, CMYK нельга;
- Дакладныя подпісы і апісанні на англійскай мове; калі подпіс перакладзены, трэба дадаць і арыгінал;
- Дадатковая інфармацыя пра працу: матывацыя, тып праекта (заказ або асабісты праект) і фінансаванне.
Як падавацца:
- Стварыце акаўнт на Picter(знешні сайт). Калі вы падаваліся на конкурс праз Picter за апошнія тры гады, можна ўвайсці са старымі данымі;
- Зарэгіструйцеся на конкурс 2027 года: патрэбныя асабістыя даныя і дакументы пра прафесійны статус. Рэгістрацыю новых удзельнікаў(-ц) правяраюць;
- Пакуль рэгістрацыю разглядаюць, можна ўжо загружаць здымкі, подпісы і метаданыя;
- Дашліце заяўку да дэдлайну. Да яго можна вяртацца і рэдагаваць заяўку, але пасля праўкі яе трэба даслаць зноў.
Адбор:
Пераможцаў выбірае журы конкурсу 2027 года; склад журы арганізатары(-кі) абвесцяць пазней. Сярод пераможцаў журы абірае World Press Photo of the Year і двух фіналістаў(-ак).
Таймлайн:
- 1 снежня 2026 года, 13:00 CET (час Амстэрдама) — пачатак прыёму заявак;
- 13 студзеня 2027 года, 13:00 CET — дэдлайн для стварэння акаўнта, рэгістрацыі і падачы работ;
- 22 студзеня – 12 лютага 2027 года — праверка арыгінальных файлаў работ з фінальных этапаў;
- Сакавік – красавік 2027 года — абвяшчэнне пераможцаў;
- Красавік 2027 года — абвяшчэнне World Press Photo of the Year і адкрыццё выставы ў Амстэрдаме.
Кантакт:
Праз старонку кантактаў(знешні сайт) World Press Photo; адказы на частыя пытанні — у FAQ(знешні сайт).
Важна:
- Усе здымкі павінны быць зробленыя камерай. Выявы, згенераваныя ШІ, і generative fill (генератыўнае запаўненне) забароненыя — за іх заяўку аўтаматычна дыскваліфікуюць;
- Нельга карыстацца ШІ-інструментамі павелічэння (Adobe Super Resolution, Topaz Photo AI, апскейл на смартфоне або камеры). Denoise, аўтаматычныя карэкцыі і вылучэнне аб'ектаў для лакальных правак дапушчальныя, калі не дадаюць і не прыбіраюць інфармацыю, знятую камерай;
- Здымкі са смартфона — толькі ў стандартным рэжыме: HDR, партрэтны рэжым, панарама і творчыя светлавыя эфекты не прымаюцца;
- Нельга дадаваць, пераносіць, адлюстроўваць, скажаць або прыбіраць людзей і прадметы ў кадры;
- Не прымаюць здымкі з закрытых падзей, куды пускаюць толькі фатографаў(-ак), нанятых арганізатарамі (напрыклад, урадамі, партыямі або карпарацыямі);
- На самім здымку не павінна быць імя фатографа(-кі), агенцтва ці выдання — гэтыя звесткі можна пакінуць толькі ў метаданых.