2200 — рэзідэнцыя на тры месяцы для творцаў на раннім этапе кар'еры
2200 — рэзідэнцыйная праграма для творцаў на раннім этапе кар'еры ў гістарычных будынках Швейцарскіх Альпаў.
Для каго:
Творцы на раннім этапе кар'еры — тыя, хто толькі скончыў навучанне, яшчэ вучыцца або вучыўся самастойна. Праграма разлічаная перш за ўсё на візуальныя мастацтвы, але арганізатары(-кі) гатовыя разгледзець і канцэпцыі з іншых дысцыплін, калі яны трапна адгукаюцца на адну з лакацый. Галоўная ўмова — праект, які вырастае з месца рэзідэнцыі.
Фармат:
Каля трох месяцаў. Паводле досведу арганізатараў(-ак), найбольш плённыя рэзідэнцыі доўжацца 12–18 тыдняў; цыклы — ад 10 да 14 тыдняў, у залежнасці ад лакацыі і слота. Даты рэзідэнты(-кі) вызначаюць разам з арганізатарамі(-камі).
Цяпер заяўкі прымаюць на дзве лакацыі:
- Die Alte Post, Флімс (кантон Граўбюндэн, 1 111 м) — былая пошта 1950-х гадоў побач з возерам. 120 м² у трох пакоях з кухняй, ваннай і спальняй; ад Кура — 40 хвілін аўтобусам PostBus. Пасуе тым, каму важныя час на прыродзе, вясковае жыццё і размовы з людзьмі па-за мастацкім полем;
- Das Refuge, перавал Фурка (кантон Уры, 2 428 м) — былы гатэль Furkablick канца XIX стагоддзя вышэй за мяжу лесу. 100 м² у службовым будынку гатэля, які адкрыецца летам 2027 года; пакуль ён на рамонце, арганізатары(-кі) гатовыя абмеркаваць рэзідэнцыю ў самім гатэлі. Пасуе тым, хто шукае адзіноты і доўгай засяроджанай працы.
Трэцяя лакацыя, Il Magazzino ў Понтэ-Броле (кантон Тэчына), адкрыецца ў 2030 годзе — цяпер заяўкі на яе не прымаюць.
Што прапануецца:
- Студыя і жыллё;
- Стыпендыя 500 CHF у месяц (≈ 540 EUR) на бягучыя выдаткі;
- Ментарства: як прадстаўляць свае працы і планаваць выставы.
Што чакаецца ад удзельнікаў(-ц):
- Жыць і працаваць на месцы каля трох месяцаў;
- Працаваць над праектам, звязаным з лакацыяй;
- Калі гэта пасуе да вашай практыкі, адчыніць студыю для наведнікаў падчас рэзідэнцыі (open studio).
Для заяўкі патрэбныя:
- Кантактныя даныя;
- CV;
- Партфоліа;
- Апісанне праекта;
- Выявы.
Дакладны пералік, вольныя слоты і іх працягласць паказвае форма заяўкі.
Як падавацца:
Праз форму на сайце 2200(знешні сайт): кнопка «Get in touch» унізе старонкі, далей — «I'd like to apply for a residency». Заяўкі, дасланыя па email, не разглядаюць.
Адбор:
Спачатку арганізатары(-кі) складаюць кароткі спіс кандыдатаў(-ак), якія добра пасуюць праграме. Потым рэзідэнта(-ку) выбірае журы з незалежных экспертаў(-ак) у галіне мастацтва і прадстаўнікоў(-ніц) асацыяцыі, якая вядзе праграму. Колькасць месцаў не пазначаная.
Таймлайн:
- 30 лістапада 2026 года, 23:59 (CET) — дэдлайн на вясновыя і летнія слоты наступнага года ў Флімсе і на ўвесь сезон на перавале Фурка;
- Цягам двух тыдняў пасля дэдлайну — рашэнне журы;
- Пасля адбору — узгадненне дат рэзідэнцыі;
- З 2027 года: 31 траўня, 23:59 — дэдлайн на восеньскія і зімовыя слоты.
Кантакт:
hi@2200.ch — толькі для агульных пытанняў.