Перайсці да асноўнага зместу

ARCHAIVE 2027 — рэзідэнцыі пра AI і культурную памяць у пяці краінах Еўропы

7 снежня 2026, 23:55 CET
Германія, Італія, Нідэрланды, Партугалія, Іспанія
Бясплатна
5 000 EUR

Пяць арганізацый з Германіі, Італіі, Нідэрландаў, Партугаліі і Іспаніі адкрываюць творцам свае архівы медыямастацтва з 1960-х да сёння.

Для каго:

Творцы на раннім і сярэднім этапе кар'еры, якія працуюць з лічбавымі або аналагавымі медыя і хочуць крытычна даследаваць архівы і генератыўны AI.

18 рэзідэнцый у пяці арганізацыях. Рэзідэнцыі на месцы або гібрыдныя: гібрыдная ўключае візіты на месца не менш за тры дні, графік узгадняюць з пляцоўкай. Калі творца не можа ехаць, рэзідэнцыя можа прайсці дыстанцыйна з адным кароткім візітам. Рэзідэнцыі пачынаюцца ў сакавіку – чэрвені 2027 года, дакладныя даты залежаць ад пляцоўкі.

  • MEET Digital Culture Center (Італія) — гібрыдная рэзідэнцыя, гнуткія даты з красавіка па кастрычнік 2027 года, па адной рэзідэнцыі за раз. Архіў MEET можна глядзець толькі на месцы; выкарыстоўваць і змяняць матэрыялы можна толькі з папярэдняга дазволу MEET і з улікам аўтарскіх правоў;
  • NewArt Foundation (Рэус, Іспанія) — рэзідэнцыя на месцы на тры тыдні паміж сакавіком і чэрвенем 2027 года. Калекцыя медыямастацтва NEWART з тэхнічнымі картамі і дакументацыяй даступная на месцы толькі для азнаямлення, зыходны код недаступны;
  • Museu Zer0 (поўдзень Партугаліі) — першы ў Партугаліі музей лічбавага мастацтва. Два тыдні на месцы, кастрычнік – лістапад 2027 года (даты яшчэ ўдакладняюцца). Архівы PO.EX і Ob.EMMA (партугальская эксперыментальная паэзія і відэаарт) даступныя анлайн; у некаторых творах PO.EX ёсць зыходны код, які можна выкарыстоўваць;
  • Sound & Vision (Нідэрланды) — інстытут аўдыявізуальнай спадчыны. Гібрыдная рэзідэнцыя на шэсць месяцаў, з красавіка або траўня па кастрычнік 2027 года: чакаецца адзін дзень дыстанцыйнай працы на тыдзень і два візіты на месца. Архіў адкрыты анлайн на платформе PeerTube: відэа можна спампоўваць і рэміксаваць, ёсць API для ўласных інструментаў. Веданне нідэрландскай мовы рэкамендуецца, але не абавязковае;
  • Public Art Lab (Германія) — арганізацыя, якая займаецца медыямастацтвам у гарадской публічнай прасторы і заснавала сетку Connecting Cities. Гібрыдная рэзідэнцыя, гнуткія даты. Архіў Connecting Cities — дакументацыя праектаў, куратарскія матэрыялы і публікацыі — толькі для азнаямлення.

Тэма:

Адпраўная кропка — шэсць архіваў медыямастацтва з 1960-х гадоў да сёння. Арганізатары(-кі) прапануюць глядзець на генератыўны AI не толькі як на інструмент для будучыні, а як на спосаб крытычна ўбачыць мінулае: як ён чытае, дапаўняе і скажае агульную спадчыну і што можна стварыць з гэтых скажэнняў.

У заяўцы трэба выбраць адзін асноўны выклік (challenge) і, па жаданні, адзін дадатковы. Выклік дапамагае журы параўноўваць заяўкі, але не абмяжоўвае мастацкую ідэю. Усяго іх восем у чатырох блоках:

  • Канцэптуальна-мастацкія: Archival silences (што архіў не захаваў і што адбываецца, калі AI «гаворыць» за адсутнае), Creative misuse (твор на збоях і памылках мадэлі), From document to behaviour (новы твор з дакументацыі твора, які больш немагчыма запусціць);
  • Тэхнічныя: Heterogeneous archival data (праца з няпоўнымі і неаднароднымі апісаннямі ў архівах), Small collections, large models (як невялікая калекцыя захоўвае сваю спецыфіку ў працы з вялікай мадэллю);
  • Этычна-прававыя: Authorship and attribution (хто аўтар(-ка) твора, створанага з архіўных прац праз AI, і як гэта ўбачыць публіка), Contextual integrity (што губляе архіўны запіс, калі становіцца данымі для навучання мадэлі);
  • Захаванне і дакументацыя: Reactivating ephemeral works (вярнуць да жыцця канкрэтны эфемерны твор з калекцыі пляцоўкі ў новым фармаце з дапамогай AI).

Што прапануецца:

  • Фіксаваны ганарар 5 000 EUR — выплачваецца часткамі па этапах рэзідэнцыі паводле дамовы;
  • Куратарская падтрымка;
  • Не менш за 10 гадзін тэхнічнага ментарства;
  • Доступ да архіўных матэрыялаў праз пляцоўку на ўмовах, узгодненых з ёй;
  • Паказ твора на выніковай падзеі Translocal Placemaking.

Што чакаецца ад удзельнікаў(-ц):

  • Стварыць задакументаваны лічбавы твор з поўным апісаннем, які можна паказваць публічна і выкарыстоўваць у будучыні;
  • Да пачатку вытворчасці ўдакладніць з пляцоўкай правы, ліцэнзіі і згоды на архіўныя матэрыялы;
  • Задакументаваць AI-частку твора: мадэлі, версіі, параметры, залежнасці і працоўны працэс;
  • Падрыхтаваць пакет дакументацыі: тэхнічнае дасье, statement of variability (апісанне таго, што ў творы можа змяняцца без страты яго сутнасці — у тым ліку калі AI-мадэль або сэрвіс стане недаступным), запіс пра правы і паходжанне архіўных матэрыялаў (у тым ліку створаных з дапамогай AI), аўдыявізуальную дакументацыю твора і кароткі рэфлексіўны тэкст;
  • Абавязкова ўдзельнічаць у паказе Translocal Placemaking і падрыхтаваць версію твора для экрана, праекцыі, фасада або імерсіўнай прасторы — трэйлер на 1–3 хвіліны або plug-and-play версію на 20 секунд для камерцыйных экранаў.

Нізкае энергаспажыванне — прынцып усяго набору: варта выбіраць метады і мадэлі з улікам іх вылічальнага кошту і тлумачыць свой выбар. Арганізатары(-кі) таксама заклікаюць па магчымасці выбіраць нізкавугляродныя паездкі і адказную вытворчасць.

Для заяўкі патрэбныя:

  • Пісьмовая прапанова — PDF, да 2 старонак: мастацкая ідэя, яе сувязь з выбраным архівам і выклікам, а таксама заява пра выкарыстанне AI (да 300 слоў) — якія інструменты, мадэлі або датасэты вы выкарыстоўваеце і ў чым ваш уласны ўклад;
  • Партфоліа — да 4 папярэдніх прац, файламі або спасылкамі;
  • Відэапрэзентацыя — да 1 хвіліны, на англійскай мове, да 100 MB: раскажыце пра праект сваімі словамі, пра яго сувязь з архівам і генератыўным AI. Калі гаварыць у кадры складана, можна паказаць праект праз англійскі тэкст на экране або на мове жэстаў з англійскімі субцітрамі;
  • CV — PDF, 1 старонка;
  • Адказы ў форме на платформе: асноўны і дадатковы выклік, тры пляцоўкі ў парадку прыярытэту, гатоўнасць да візіту або рэзідэнцыі на месцы і ці можаце вы ехаць да пляцоўкі.

Як падавацца:

Праз платформу Microsoft CMT(знешні сайт).

  1. Зарэгіструйцеся (Register). У полі Organization незалежныя мастакі(-чкі) могуць пазначыць Independent Artist, Independent або N/A. Палі з акадэмічнымі ідэнтыфікатарамі (ORCID, Google Scholar і падобныя) можна пакінуць пустымі;
  2. Пацвердзіце акаўнт праз ліст на пошце;
  3. Націсніце Create New Submission, запоўніце палі і загрузіце файлы;
  4. Пасля адпраўкі прыйдзе пацвярджэнне.

Файлы назавіце імем і прозвішчам без дыякрытычных знакаў, прабелаў і спецсімвалаў, а потым тыпам дакумента: _proposal.pdf, _portfolio.pdf, _video.mp4, _CV.pdf (напрыклад, MariaSilva_proposal.pdf). Заяўку можна рэдагаваць да дэдлайну — разглядаюць апошнюю версію.

Адбор:

18 мастакоў(-чак) адбіраюць у два туры. Спачатку журы складае кароткі спіс паводле крытэрыяў:

  • Мастацкая якасць — 30%;
  • Глыбіня адказу на выбраны выклік і праца з архіўным матэрыялам — 25%;
  • Крытычны погляд на генератыўны AI, а не толькі яго выкарыстанне — 20%;
  • Рэалістычнасць у межах рэзідэнцыі і ўвага да дакументацыі і будучага жыцця твора — 15%;
  • Патэнцыял паказу для публікі ў гарадской або публічнай прасторы — 10%.

Потым на кожнай пляцоўцы камісія з трох чалавек разглядае заяўкі з кароткага спісу. Глядзяць, як праект звязаны з архівам і кантэкстам пляцоўкі, ці можна яго рэалізаваць у межах рэзідэнцыі, інфраструктуры і вытворчага бюджэту і як твор можна задакументаваць, захаваць і паказаць на мясцовым паказе. Калі абраны(-ая) мастак(-чка) не можа заняць месца, яго прапануюць наступнаму(-ай) з рэзервовага спісу той жа пляцоўкі.

Таймлайн:

  • 16 лістапада і 2 снежня 2026 года, 15:00 CET — інфармацыйныя анлайн-сесіі ў Zoom (16 лістапада(знешні сайт), 2 снежня(знешні сайт));
  • Да 26 лютага 2027 года — вынікі для ўсіх заяўнікаў(-ц);
  • Сакавік 2027 года — падпісанне дамоваў;
  • Сакавік – чэрвень 2027 года — пачатак рэзідэнцый, дакладныя даты залежаць ад пляцоўкі.

Кантакт: call@archaive.eu

Арганізатар:

ARCHAIVE — еўрапейскі кансорцыум пяці арганізацый з архівамі медыямастацтва: MEET Digital Culture Center (Італія), NewArt Foundation (Іспанія), Museu Zer0 (Партугалія), Sound & Vision (Нідэрланды) і Public Art Lab (Германія). Праект суфінансуе Еўрапейскі саюз.

Важна:

  • Умовы дарогі і пражывання яшчэ не пацверджаныя — арганізатары(-кі) абяцаюць паведаміць пазней;
  • Ці ганарар брута або нета, ва ўмовах не пазначана;
  • Доступ да архіва не азначае адкрытай ліцэнзіі на калекцыю: што і на якіх умовах можна выкарыстоўваць, вырашаюць з пляцоўкай да пачатку вытворчасці;
  • Аўтарства і маральныя правы застаюцца ў мастака(-чкі). Кансорцыум і пляцоўка атрымліваюць невыключную ліцэнзію на паказ, дакументаванне і прасоўванне твора ў межах праекта. Архіўныя матэрыялы застаюцца ўласнасцю ўстановы. Падрабязнасці — у дамове.
ARCHAIVE 2027 — рэзідэнцыі пра AI і культурную памяць у пяці краінах Еўропы — sekktor.online