Перайсці да асноўнага зместу

Архіў VEHA збірае фотаздымкі з сямейных архіваў для другога тома кнігі «Руіны Беларусі»

1 снежня 2026
Анлайн
Бясплатна

Архіў VEHA пачаў збіраць фотаздымкі з сямейных архіваў для другога тома кнігі «Руіны Беларусі». Першы том выйшаў у 2025 годзе і быў прызнаны адной з найпрыгажэйшых польскіх кніг года.

VEHA — незалежны лічбавы архіў вернакулярнай (сямейнай, аматарскай) фатаграфіі XX стагоддзя, які даследуе візуальную гісторыю Беларусі праз сямейныя фотаархівы. Сёння ў анлайн-архіве больш за 3000 здымкаў з сотняў крыніц.

Першы том «Руін Беларусі» выйшаў амаль год таму. Кніга атрымала адзнаку конкурсу Najpiękniejsze Polskie Książki 2025, які праводзіць Польскае таварыства кнігавыдаўцоў (PTWK), трапіла ў шорт-ліст Fotograficzna Publikacja Roku, яе паказвалі ў Muzeum Sztuki Nowoczesnej, Instytut Fotografii Fort і на Łódź Fotofestiwal 2026.

Матэрыялаў сабралася больш, чым змяшчаецца ў адну кнігу, таму архіў пачынае працу над другім томам. Архітэктурныя аб'екты для яго зноў будуць выбіраць разам з людзьмі, якія дашлюць здымкі. Вакол фатаграфій з'явяцца даследчыя тэксты пра гісторыю і архітэктуру, напісаныя з беларускай перспектывы, — па-беларуску, па-польску і па-англійску.

Якія здымкі шукаюць:

  • Зробленыя на тэрыторыі сучаснай Беларусі да 1990 года;
  • З руінамі гістарычных будынкаў — напрыклад, замкаў, сядзіб, цэркваў і касцёлаў, сінагог, млыноў, вакзалаў;
  • Асабліва каштоўныя — здымкі, дзе людзі пазіруюць на фоне руін: увага да чалавека, а не толькі да архітэктуры, — адна з галоўных рыс праекта.

Што будзе са здымкамі:

  • Усе фота, якія адпавядаюць крытэрыям праекта, апрацуюць, каталагізуюць і дададуць у анлайн-архіў VEHA;
  • Найбольш цікавыя апублікуюць у кнізе «Руіны Беларусі. Том II»;
  • Архіў збірае толькі лічбавыя копіі — арыгіналы застаюцца ў сям'і.

Да кожнага здымка, калі магчыма, дадайце:

  • Год;
  • Месца;
  • Хто на фота;
  • Ваша імя.

Калі дакладная дата ці месца невядомыя, усё роўна дасылайце здымак і напішыце ўсё, што ведаеце.

Як дасылаць: лічбавыя копіі здымкаў — на пошту archive.veha@gmail.com.