Перайсці да асноўнага зместу

ArtPower Belarus — 3 000–35 000 EUR на творчыя праекты

29 кастрычніка 2026
Бясплатна

Трэк 2. Творчыя праекты скіраваны на падтрымку культурніцкіх прадуктаў і ініцыятываў, якія спрыяюць свабодзе выказвання, развіццю жывой і разнастайнай беларускай культуры і яе даступнасці для шырокай аўдыторыі. Падтрымку могуць атрымаць розныя фарматы: мастацкія праекты, фільмы, кнігі, музычныя альбомы, адукацыйныя і даследчыя праграмы, фестывалі, перформансы, майстар-класы і іншыя культурніцкія ініцыятывы.

Для каго:
Беларускія дзеячы і дзяячкі культуры, мастакі(-чкі), культурніцкія ініцыятывы і арганізацыі.

Падавацца могуць як прыватныя асобы ад 18 гадоў, так і ініцыятывы або арганізацыі. Досвед удзелу ў грантавых праграмах не абавязковы — галоўнае, каб праект адпавядаў мэтам і прыярытэтам ArtPower Belarus.

Даступныя два фарматы падтрымкі:

  • Міні-гранты — ад 3 000 да 10 000 EUR;
  • Мідзі-гранты — ад 10 000 да 35 000 EUR;
  • У асобных выпадках могуць быць разгледжаныя заяўкі да 50 000 EUR.

Працягласць праектаў:

  • Міні-праекты — ад 1 да 6 месяцаў;
  • Мідзі-праекты — ад 3 да 8 месяцаў.

Праекты, адабраныя ў гэтым коле, могуць пачацца не раней за 1 лютага 2027 года і павінны завяршыцца не пазней за 30 верасня 2027 года.

Асаблівую ўвагу надаюць праектам, якія:

  • павышаюць якасць і бачнасць беларускай культуры;
  • развіваюць прафесійныя сеткі;
  • паляпшаюць умовы працы культурніцкіх актараў(-к) і спрыяюць іх інтэграцыі ў еўрапейскую прастору;
  • ствараюць новыя формы прасоўвання беларускай культуры;
  • грунтуюцца на асвеце, адукацыі і пашырэнні прафесійных навыкаў.

Тэмы могуць быць розныя — ад экалогіі да сацыяльнай інклюзіі, калі гэта культурніцкі праект для беларускай аўдыторыі і ён падтрымлівае мастацкае самавыяўленне беларускіх аўтараў(-ак).

Міжнародныя калабарацыі і ўдзел замежных партнёраў магчымыя, але вынікі праектаў павінны быць даступныя для аўдыторыі ў Беларусі, а ў праекце павінны ўдзельнічаць беларускія творцы.

Не падтрымліваюцца:

  • камерцыйныя праекты;
  • праекты, якія не адпавядаюць мэтам і прыярытэтам праграмы;
  • актыўнасці з дыскрымінацыйным складнікам;
  • падвойнае фінансаванне адной і той жа дзейнасці;
  • субгрантынг.

Як ацэньваюцца заяўкі:
Заяўкі праходзяць тэхнічную праверку, ацэнку мінімум двух незалежных экспертаў(-ак), а пасля — фінальнае рашэнне адборачнай камісіі. Улічваюцца адпаведнасць мэтам праграмы, якасць і рэалістычнасць задумы, ахоп аўдыторыі, распаўсюд вынікаў, менеджарскі і фінансавы патэнцыял каманды, ацэнка рызык і здольнасць імі кіраваць.

Вынікі конкурсу абвесцяць не пазней за 28 снежня 2026 года.

Бяспека:
ArtPower Belarus прызнаная беларускімі ўладамі «экстрэмісцкім фармаваннем». Узаемадзеянне з платформай можа несці прававыя рызыкі для людзей, якія знаходзяцца ў Беларусі або плануюць туды паездку.

Арганізатары:
Праграма рэалізуецца Беларускай Радай культуры ў партнёрстве з Дацкім інстытутам культуры і фінансуецца Еўрапейскім Саюзам.

ArtPower Belarus — 3 000–35 000 EUR на творчыя праекты — sekktor.online