Перайсці да асноўнага зместу

Baltic Nordic Fringe Network 2027 — адна заяўка на сем фестываляў Fringe у Паўночных краінах

21 снежня 2026
Фінляндыя, Данія, Ісландыя, Швецыя, Нарвегія
30 EUR

Baltic Nordic Fringe Network (BNFN) — некамерцыйная сетка з дзесяці незалежных фестываляў Fringe у сямі краінах Балтыйскага і Паўночнага рэгіёну. Праз адну заяўку на платформе Eventotron можна падацца адразу на сем з іх. Фестывалі пройдуць з траўня па верасень 2027 года, і некалькі з іх можна аб'яднаць у тур.

Для каго:

Творцы з любой краіны і на любым этапе кар'еры. Можна падаць некалькі праектаў, у тым ліку варкшоп або семінар, і выбраць адзін, некалькі або ўсе сем фестываляў.

Прымаюць тэатр, танец, цырк, клаўнаду, перформанс, камедыю і імправізацыю, музыку і хор, spoken word (паэтычныя выступы), драг, бурлеск і вар'етэ, а таксама візуальнае мастацтва, фатаграфію, кіно і відэа, інсталяцыі, site-specific (працы, звязаныя з канкрэтным месцам) і вандроўныя праекты, лічбавае і мабільнае мастацтва, праекты з ШІ і VR, імерсіўныя і інтэрактыўныя фарматы, мастацтва на аснове гульняў і гібрыдныя фізічна-лічбавыя працы. Асабліва чакаюць інавацыйных і эксперыментальных прац, work in progress (працы, якія яшчэ ствараюцца), міждысцыплінарных калабарацый і праектаў, якім цяжка трапіць у камерцыйныя праграмы.

Асобныя фестывалі маюць свае ўмовы:

  • CPH STAGE — толькі для мастакоў(-чак), якія базуюцца ў Паўночных краінах;
  • Oslo Fringe — толькі выступы ўжывую, перадусім перформанс; асобныя танцавальныя пастаноўкі і канцэрты не разглядаюць, а канцэрты з іншымі мастацкімі элементамі (напрыклад, відэа) могуць разгледзець;
  • Непаўналетнія могуць падавацца, але выступаць толькі на пляцоўках, дзе не прадаюць алкаголь (бар-сцэны не падыходзяць); Finfringe прымае заяўкі ад людзей да 18 гадоў, у STOFF ёсць праграма для маладых мастакоў(-чак) FRINGE ACADEMY.

Фармат:

Сем фестываляў у пяці краінах, з траўня па верасень 2027 года:

  • Finfringe — Турку, Фінляндыя, 9–15 траўня;
  • CPH STAGE — Капенгаген, Данія, 3–12 чэрвеня (праграма BNFN — 3–4 чэрвеня ў межах International Days);
  • Reykjavík Fringe Festival — Рэйк'явік, Ісландыя, 18–27 чэрвеня;
  • Stockholm Fringe Festival (STOFF) — Стакгольм, Швецыя, 25 жніўня – 5 верасня (канчатковыя даты залежаць ад партнёрстваў);
  • Gothenburg Fringe — Гётэборг, Швецыя, 27 жніўня – 5 верасня;
  • Bergen Fringe Festival — Берген, Нарвегія, 2–5 верасня;
  • Oslo Fringe — Осла, Нарвегія, 7–13 верасня.

Фестывалі ідуць адзін за адным, таму іх можна аб'яднаць у тур; жнівеньска-верасеньскі блок пачынаецца пад канец Edinburgh Fringe. Тыповы паказ доўжыцца 40–60 хвілін, але прымаюць і кароткія, і працяглыя (durational) працы; кароткія нумары могуць аб'яднаць у адну сесію. Мова выступу — любая. Калі ў працы ёсць тэкст не па-англійску, субцітры трэба ўзгадніць з фестывалем: праекцыя ёсць не на ўсіх пляцоўках. Большасць фестываляў праводзяць жывыя падзеі, некаторыя, напрыклад STOFF, прымаюць і лічбавыя працы.

Што прапануецца:

  • Finfringe — пляцоўка з базавым тэхнічным забеспячэннем і 80% выручкі ад квіткоў; каля 15 сцэн, па два слоты на кожную працу, каля 20 міжнародных удзельнікаў(-ц);
  • CPH STAGE — адзін-два слоты BNFN для невялікіх прац, якія па-новаму будуюць сустрэчу сцэны і публікі; асабліва чакаюць новых і мала прадстаўленых галасоў; фінансавыя і тэхнічныя ўмовы трэба ўдакладніць у фестывалю;
  • Reykjavík Fringe Festival — пяць сцэн і каля 100 слотаў, каля 25 міжнародных удзельнікаў(-ц); можна прапанаваць сваю пляцоўку; умовы па квітках і тэхніцы ўзгадняюцца з фестывалем;
  • STOFF — без платы за сцэну: сцэна, базавае тэхнічнае абсталяванне, персанал пляцоўкі і базавая маркетынгавая падтрымка бясплатна, а таксама вольны ўваход на ўсе падзеі фестывалю, у тым ліку VIP-адкрыццё і цырымонію Fringe Awards; на большасці пляцовак — 100% выручкі ад квіткоў за вылікам камісій за аплату картай і касавых збораў (стэндап- і кабарэ-сцэны могуць пакідаць сабе большую долю); на публічных прасторах, дзе квіткі не прадаюцца, можна збіраць ахвяраванні; фестываль ацэньвае гэтую падтрымку (арэнда пляцоўкі і прасоўванне) прыкладна ў 2 000 EUR; у праграме — варкшопы, семінары, artist speed dating і замежныя прадзюсары(-кі), якія шукаюць новыя працы;
  • Gothenburg Fringe — два-тры паказы, пляцоўка за кошт фестывалю і 100% выручкі ад квіткоў; каля 10 сцэн і 170 слотаў;
  • Bergen Fringe Festival — пляцоўка; тэхнічная падтрымка, фінансавыя ўмовы і магчымы ганарар абмяркоўваюцца асобна і залежаць ад фінансавання; тэма 2027 года — COMMUNITY, асабліва чакаюць site-specific праектаў і прац з удзелам публікі; плануюць 5–8 міжнародных удзельнікаў(-ц);
  • Oslo Fringe — пляцоўка, маркетынгавая падтрымка і 60% выручкі ад квіткоў.

Фестывалі могуць выдаць ліст аб намерах або запрашэнне для заяўкі на гранты мабільнасці — пра гэта варта папярэдзіць як мага раней.

Што чакаецца ад удзельнікаў(-ц):

  • Самастойна прасоўваць свой паказ — мясцовая каманда дапаможа спланаваць маркетынг, некаторыя фестывалі прапануюць платныя прамапакеты;
  • У тэрміны фестывалю даслаць тэкст для праграмы, поўныя крэдыты і фота; тэкст і фота праходзяць рэдактуру;
  • Прыехаць цалкам гатовымі: на мантаж звычайна ёсць 30–60 хвілін, на дэмантаж — 30–45 хвілін, на стэндапе — часам 15 хвілін; месца для захоўвання дэкарацый і рэквізіту амаль няма;
  • Для Oslo Fringe — прывезці свайго тэхнічнага спецыяліста;
  • Выконваць кодэкс паводзін BNFN і правілы кожнага фестывалю;
  • Асноўная кантактная асоба адказвае за тое, каб уся каманда атрымлівала ўсе паведамленні і дамовы фестываляў.

Колькі каштуе ўдзел:

  • Большасць фестываляў бяруць збор за заяўку 30 EUR;
  • STOFF — бясплатна для мастакоў(-чак) да 20 гадоў, 30 EUR для старэйшых;
  • Oslo Fringe — 30 EUR толькі для міжнародных удзельнікаў(-ц); на сайце BNFN пазначана 20 EUR — варта ўдакладніць у арганізатараў;
  • Хто мае ўзнагароду Fringe 2026, якая гарантуе месца на адным з фестываляў сеткі, не плаціць збор гэтага фестывалю — узнагароду і фестываль, які яе даў, трэба пазначыць у заяўцы; для STOFF гэта ўзнагароды Catania, Paris і Thessaloniki Fringe.

Зборы могуць браць пры падачы або пасля адбору.

Для заяўкі патрэбныя:

  • Інфармацыя пра праект і калектыў;
  • Працягласць паказу, колькасць удзельнікаў(-ц), час на мантаж і дэмантаж;
  • Тэхнічныя патрабаванні, пажаданая пляцоўка і мінімальныя ўмовы;
  • Патрэбы каманды ў даступнасці;
  • Абмежаванні па датах і планы тура;
  • Спасылкі і дадатковыя матэрыялы — яны павінны адкрывацца без запыту доступу (паролі трэба дадаць), а ў назвах файлаў з фота — назва праекта і імя фатографа(-кі);
  • Адказы на пытанні кожнага абранага фестывалю.

Як падавацца:

Праз платформу Eventotron(знешні сайт): стварыце акаўнт або ўвайдзіце, знайдзіце BNFN 2027, запоўніце агульную частку і выберыце фестывалі. Перад падачай прачытайце інструкцыю для мастакоў(-чак)(знешні сайт) і профілі фестываляў, захавайце копію адказаў. Калі вы ўжо сустракаліся з кімсьці з каманд BNFN на artist speed dating або іншай падзеі World Fringe, напішыце ў заяўцы, з кім і на якім фестывалі.

Адбор:

Кожны фестываль адбірае праграму і заключае дамову асобна. Большасць разглядаюць заяўкі па меры паступлення, улічваючы мастацкія крытэрыі, баланс праграмы і наяўнасць пляцовак, таму арганізатары(-кі) раяць падавацца раней — асабліва тым, каму патрэбны ліст для гранта мабільнасці. Заяўка ў сетку не гарантуе месца ні на адным фестывалі.

Таймлайн:

  • STOFF — першая хваля адказаў у лістападзе 2026 года, далей па меры разгляду да пачатку 2027 года;
  • Bergen Fringe — студзень 2027 года, праз некалькі тыдняў пасля завяршэння прыёму;
  • Finfringe — да канца студзеня 2027 года;
  • CPH STAGE і Oslo Fringe — пачатак 2027 года;
  • Reykjavík Fringe і Gothenburg Fringe — пачатак сакавіка 2027 года.

Гэта арыентыровачныя даты, а не гарантаваныя тэрміны; запрашэнні могуць прыйсці і раней.

Кантакт:

Каардынатар BNFN Adam Potrykus — adam.potrykus@stockholmfringe.com, +46 72 936 60 06. Кантакты асобных фестываляў — на сайце сеткі(знешні сайт).

Арганізатар:

Baltic Nordic Fringe Network (BNFN) — зарэгістраваная некамерцыйная дабрачынная арганізацыя, якая аб'ядноўвае дзесяць незалежных фестываляў Fringe у сямі краінах і ўваходзіць у сусветную супольнасць World Fringe. У 2027 годзе фестывалі сеткі плануюць больш за 850 падзей на больш чым 90 пляцоўках. Tallinn Fringe, Žagarė Fringe Festival і Tranås at the Fringe не ўдзельнічаюць у агульным наборы і праводзяць уласныя.

Важна:

  • Калі ў дамове з канкрэтным фестывалем не пазначана іншае, ганарару, кампенсацыі дарогі, пражывання і гарантаванага даходу ад квіткоў няма — дарогу, жыллё і харчаванне трэба закласці ў свой бюджэт;
  • Выручку ад квіткоў могуць выплаціць праз 2–4 месяцы пасля фестывалю або пазней;
  • Арганізатары(-кі) раяць шукаць гранты мабільнасці і браніраваць жыллё з магчымасцю змены, пакуль удзел і даты не пацверджаныя;
  • Некаторыя незалежныя пляцоўкі маюць абмежаванні па даступнасці — патрэбы варта абмеркаваць да пацверджання пляцоўкі;
  • Фестывалі ў жніўні–верасні часткова перакрываюцца па датах — пакіньце час на дарогу, мантаж і адпачынак паміж імі.