Перайсці да асноўнага зместу

Bernheim Artist in Residence 2027 — 2 500 USD і рэзідэнцыя для візуальных творцаў

30 лістапада 2026
1 сакавіка 2027 — 29 лютага 2028
Clermont, Злучаныя Штаты Амерыкі
Бясплатна
2 500 USD

Bernheim Artist in Residence — праграма мастацкіх рэзідэнцый Bernheim Forest and Arboretum, лесу і дэндрарыя ў Кентукі (ЗША), якая працуе з 1980 года.

Для каго:

  • Прафесійныя візуальныя творцы — і на раннім этапе кар'еры, і з досведам;
  • Творцы, якія працуюць са змешанымі медыя, у тым ліку з гукам і перформансам, калі ў працы ёсць візуальная частка;
  • Творчыя калектывы і пары — яны падаюць адну агульную заяўку.

Штогод выбіраюць да чатырох творцаў. Адна рэзідэнцыя — для таго, хто цяпер жыве ў Кентукі або ў Clark і Floyd на поўдні Індыяны. Яшчэ адна — Environmental Residency для творцаў, чые працы непасрэдна закранаюць экалагічныя праблемы і кліматычны крызіс і заклікаюць да дыялогу і дзеяння. Асноўная праграма Arts in Nature шырэйшая: яна для прац, натхнёных прыродай або звязаных з ёй.

Падавацца можна на абедзве праграмы, але для кожнай патрэбны асобны праект. Калі заяўка адна, выберыце рэзідэнцыю, якая лепш адпавядае задуме.

Не могуць падавацца:

  • Пісьменнікі(-цы), музыкі, танцоўшчыкі(-цы) і харэографы(-кі);
  • Студэнты(-кі) бакалаўрыяту;
  • Былыя рэзідэнты(-кі) Bernheim (для іх ёсць асобны фармат — гл. «Важна»);
  • Супрацоўнікі(-цы) Bernheim, а паводле сайта праграмы — таксама мастакі(-чкі), непасрэдна звязаныя з кімсьці з каманды.

Фармат:

  • Рэзідэнцыя доўжыцца 6–8 тыдняў у Bernheim Forest and Arboretum — у сельскай мясцовасці Кентукі, прыкладна за 40 км на поўдзень ад Луісвіла. Жыць трэба на месцы;
  • Калі адзін прыезд немагчымы, рэзідэнцыю можна падзяліць на два перыяды, кожны не карацей за 3 тыдні. Арганізатары(-кі) гатовыя да гнуткасці, але аддаюць перавагу поўнаму пагружэнню;
  • Рэзідэнцыі праходзяць з сакавіка 2027 па люты 2028 года. Даты ўзгадняюць з кожным(-ай) паводле пажаданняў з заяўкі і календара падзей Bernheim.

Што прапануецца:

  • Стыпендыя 2 500 USD (≈ 2 250 EUR);
  • Творцы з рэгіёна таксама атрымліваюць доступ да рэсурсаў Bernheim цягам усяго года рэзідэнцыі;
  • Мэбляваны аднапакаёвы дом з кухняй, ваннай і Wi-Fi;
  • Сціплая студыя на беразе возера; санвузел — у суседнім будынку;
  • Абмежаваны доступ да базавых ручных і электраінструментаў па запыце — спачатку трэба паказаць, што вы ўмееце бяспечна з імі працаваць;
  • Кансультацыі і падтрымка ад каманды Bernheim: аддзелаў садоўніцтва і эксплуатацыі, эколагаў(-інь), навукоўцаў, натуралістаў)-к) і спецыялістаў(-к) па лясной гаспадарцы;
  • Бясплатныя або са значнай зніжкай заняткі, варкшопы, начныя шпацыры і іншыя падзеі;
  • Зніжка для супрацоўнікаў і супрацоўніц у Isaacs Cafe ў візіт-цэнтры;
  • Калі будзе магчымасць — удзел у буйных публічных і закрытых падзеях.

Што чакаецца ад удзельнікаў(-ц):

  • Перадаць Bernheim у дар работу, пра якую вы дамовіцеся з арганізатарамі(-камі). Яна павінна дапамагаць наведвальнікам(-цам) глыбей адчуць сувязь з прыродай;
  • Скончыць работу да канца рэзідэнцыі не абавязкова — на гэта ёсць да года. Калі вы плануеце скончыць на месцы site-specific інсталяцыю або скульптуру, іх маштаб трэба загадзя ўзгадніць з камандай Bernheim;
  • Правесці хаця б адну публічную падзею ў Bernheim або па-за ім — напрыклад, праект з супольнасцю, лекцыю, дэманстрацыю, занятак для дзяцей і моладзі або варкшоп. Фармат і маштаб вызначаюць разам з камандай.

Для заяўкі патрэбныя:

  • Апісанне праекта;
  • Прыклады работ; у калектываў — работы, зробленыя групай, а не асобнымі ўдзельнікамі(-цамі);
  • Рэкамендацыі: запыт рэкамендатарам(-кам) SlideRoom дашле па email. Гэта могуць быць ментары(-кі), выкладчыкі(-цы), калегі(-жанкі) або галерысты(-кі), якія добра ведаюць вас і вашу практыку;
  • Пажаданыя даты рэзідэнцыі (іх пазначаюць у форме);
  • Калектывам — кантактная асоба, колькасць удзельнікаў(-ц) і патрэбы ў працоўнай прасторы.

Адбор:

Адбор праходзіць анлайн у два этапы. Спачатку заяўкі глядзіць каманда Bernheim і складае кароткі спіс, потым канчатковае рашэнне прымае журы з рэгіянальных куратараў(-ак), былых рэзідэнтаў(-ак) і прадстаўнікоў(-ніц) мастацкай сферы. Крытэрыі:

  • Сувязь з місіяй Bernheim — набліжаць людзей да прыроды;
  • Мастацкі ўзровень, наватарства і арыгінальнасць работ і праекта;
  • Даступнасць работы для наведвальнікаў(-ц) і прапановы па працы з публікай;
  • Актуальная і пастаянная прафесійная практыка.

Фідбэку па заяўках арганізатары(-кі) не даюць.

Таймлайн:

  • Снежань – сярэдзіна студзеня: першы адбор;
  • Студзень 2027 года: два этапы журы;
  • Да сярэдзіны лютага 2027 года: вынікі для ўсіх, хто падаваўся, узгадненне дат і падпісанне кантрактаў;
  • Сакавік 2027 – люты 2028 года: рэзідэнцыі.

Кантакт:

Teresa Koester, каардынатарка мастацкіх праграм: teresa.koester@bernheim.org. Адказы на частыя пытанні — у FAQ(знешні сайт), ёсць таксама запіс інфармацыйнага вэбінара(знешні сайт).

Арганізатар:

Bernheim Forest and Arboretum — лес і дэндрарый у Кентукі (ЗША) з навуковымі, адукацыйнымі і мастацкімі праграмамі. Рэзідэнцыя ўваходзіць у праграму Arts in Nature і працуе з 1980 года.

Важна:

  • Збораў за падачу і за рэзідэнцыю няма, але дарогу, харчаванне і іншыя бытавыя выдаткі мастакі(-чкі) пакрываюць самі. Арганізатары(-кі) раяць улічыць і ўскосныя выдаткі — перапынак у працы і рахункі дома;
  • Матэрыялы не аплачваюць, але на тэрыторыі шмат прыродных — паваленыя дрэвы, расліны, — і іх заахвочваюць выкарыстоўваць;
  • Спецыяльнага абсталявання няма: асаблівыя інструменты, а таксама звыклыя кухонныя прылады бярыце з сабой;
  • Аўтамабіль настойліва рэкамендуюць: найбліжэйшы буйны супермаркет — за 8 міль (≈ 13 км), грамадскага транспарту амаль няма. Ровары ёсць, але для паездак па Forest Hill Drive і па пакупкі яны не падыходзяць;
  • Партнёры(-кі) і дзеці могуць прыязджаць і жыць разам з мастаком(-чкай), калі гэта не замінае рэзідэнцыі. Хатніх жывёл у жыллё не пускаюць (выключэнні магчымыя па запыце), жывёл-памочнікаў — пускаюць;
  • Жыллё не прыстасаванае для інвалідных вазкоў і можа быць нязручным для людзей з абмежаванай мабільнасцю;
  • Калектыў атрымлівае адну стыпендыю на ўсю групу і жыве разам — асобнага жылля кожнаму(-ай) няма;
  • Візы і іншыя іміграцыйныя пытанні мастакі(-чкі) з-за мяжы вырашаюць самі;
  • Былыя рэзідэнты(-кі) могуць прапанаваць праект вяртання ў Bernheim, які яны рэалізуюць самастойна. Такія прапановы разглядаюць па меры паступлення, жылля мала — падрабязнасці ў Teresa Koester.