Еўракамісія збірае меркаванні пра стратэгію ШІ для культурнага і крэатыўнага сектару
Еўракамісія адкрыла публічныя кансультацыі пра будучую стратэгію штучнага інтэлекту для культуры і крэатыўных індустрый. Выказацца можа кожны і кожная — гэта не конкурс і не фінансаванне, а магчымасць паўплываць на еўрапейскую палітыку. Зваротную сувязь прымаюць да 11 верасня 2026 года.
Еўракамісія рыхтуе стратэгію, якая вызначыць, як падтрымліваць культурны і крэатыўны сектар, спрыяючы інавацыям і зберагаючы еўрапейскую культурную ды моўную разнастайнасць. Кансультацыі («call for evidence») збіраюць звесткі і меркаванні зацікаўленых бакоў, каб стратэгія забяспечыла тры рэчы:
- Каб ШІ дапаўняў, а не замяняў чалавечую творчасць;
- Каб пашыраўся доступ да культуры і ведаў;
- Каб еўрапейская крэатыўная эканоміка заставалася справядлівай, устойлівай, інавацыйнай і канкурэнтаздольнай.
Магчымасці і выклікі ШІ ў сектары складаныя і закранаюць тэхнічны, эканамічны і грамадскі вымеры адначасова.
Дадзеная ініцыятыва — адно з 20 флагманскіх дзеянняў, абвешчаных у Culture Compass for Europe, і суадносіцца з прынцыпамі сумеснай дэкларацыі «Europe for Culture — Culture for Europe». Яна абапіраецца на стратэгію Apply AI і будзе ўзгодненая з бягучай працай Камісіі над аўтарскім правам.
Кансультацыі адкрытыя для ўсіх: творцаў, праваўладальнікаў(-ніц), прафесійных аб’яднанняў, пастаўшчыкоў і распрацоўшчыкаў ШІ, даследчыкаў, органаў улады з экспертызай у культурнай і лічбавай палітыцы, а таксама для ўсіх, каму не абыякавая будучыня культуры ва ўмовах ШІ. Абмежаванняў па краіне няма.
Падаць свае прапановы можна праз партал публічных кансультацый Еўракамісіі «Have your say».
Арганізатар: Еўрапейская камісія, Генеральны дырэктарат па адукацыі, моладзі, спорце і культуры.
Важна:
- Гэта не конкурс і не фінансаванне — ніякіх грантаў, ганарараў ці адбору тут няма. Вы дасылаеце сваё меркаванне, якое ўлічаць пры распрацоўцы стратэгіі;
- Унёсак падаецца праз афіцыйны партал ЕС і публікуецца там жа;
- Старонка навіны даступная на ўсіх афіцыйных мовах ЕС, але сам унёсак падаецца праз партал «Have your say» паводле яго правілаў.