European Co-development — гранты ЕС на сумесную распрацоўку фільма або серыяла прадзюсарамі з розных краін
European Co-development — конкурс праграмы Creative Europe MEDIA, які падтрымлівае супрацу еўрапейскіх кампаній на этапе распрацоўкі праекта з моцным міжнародным патэнцыялам. Партнёры павінны сумесна працаваць над творчымі аспектамі і падпісаць дагавор пра сумесную распрацоўку.
Для каго:
Незалежныя еўрапейскія прадзюсарскія кампаніі, якія хочуць распрацоўваць праект разам з партнёрам(-кай) з іншай краіны.
- Падаецца кансорцыум мінімум з дзвюх кампаній з мінімум дзвюх краін, што цалкам удзельнічаюць у напрамку MEDIA праграмы Creative Europe (краіны ЕС, а таксама краіны ЕЭП і асацыяваныя краіны са спісу праграмы, напрыклад Украіна);
- Большасць долі кожнай кампаніі належыць грамадзянам(-кам) гэтых краін;
- Усе кампаніі незалежныя: адной тэлекампаніі або стрымінгавай платформе належыць не больш за 25% капіталу (калі такіх уладальнікаў некалькі — разам не больш за 50%);
- Каардынатар з 2020 года выпусціў мінімум адну працу (ігравое кіно, анімацыя або творчая дакументалістыка агульнай працягласцю ад 24 хвілін; для імерсіўных праектаў мінімальнай працягласці няма), якую камерцыйна паказвалі ў кінатэатрах, на ТБ або на лічбавых платформах мінімум у трох краінах, акрамя сваёй. Фестывальныя паказы не лічацца;
- У гэтай працы каардынатар быў адзінай прадзюсарскай кампаніяй, асноўным сапрадзюсарам паводле фінансавага плана або дэлегаваным прадзюсарам, ці яго кіраўнік(-ца) або прамы(-ая) акцыянер(-ка) пазначаны(-ая) ў цітрах як прадзюсар(-ка);
- Партнёры з краін па-за MEDIA (напрыклад, з Карэі) могуць удзельнічаць як асацыяваныя, але грошай ад гранта не атрымліваюць.
Што можна падаць:
- Адзін праект на стадыі распрацоўкі: ігравое кіно, анімацыя або творчая дакументалістыка;
- Поўнаметражныя фільмы для кінапракату — ад 60 хвілін;
- Праекты для ТБ або лічбавых платформаў (адзінкавыя або серыялы): ігравыя — агулам ад 90 хвілін, анімацыя — ад 24 хвілін, дакументалістыка — ад 50 хвілін;
- Інтэрактыўныя і імерсіўныя праекты (напрыклад, наратыўная VR) — любой працягласці.
Першы здымачны дзень (для анімацыі — пачатак анімацыі) павінен быць не раней чым праз 10 месяцаў пасля дэдлайну. Не падтрымліваюцца ток-шоу, рэаліці, навучальныя і рэкламныя праекты, музычныя кліпы, відэагульні, студэнцкія і дыпломныя фільмы і іншыя фарматы са спісу ў дакуменце конкурсу.
Што прапануецца:
- Фіксаваны грант (lump sum) — 70% ад запланаванага бюджэту распрацоўкі; астатнія 30% трэба пакрыць з іншых крыніц;
- Максімум для кансорцыума з дзвюх кампаній — 120 000 EUR, за кожную наступную — плюс 60 000 EUR;
- Для ігравых серыялаў з бюджэтам вытворчасці ад 20 млн EUR — да 200 000 EUR на дзве кампаніі і плюс 100 000 EUR за кожную наступную;
- Аванс — звычайна 70% сумы пасля падпісання дагавора;
- Праект доўжыцца звычайна да 30 месяцаў.
Агульны бюджэт конкурсу — 12 500 000 EUR.
Для заяўкі патрэбныя:
- Анкета (часткі A, B і C) у сістэме падачы; частка B — да 70 старонак;
- Падрабязная табліца бюджэту па шаблоне;
- Звесткі пра праект з базы Creative Europe MEDIA Database;
- Творчае дасье па абавязковым шаблоне;
- Падпісаны дагавор пра сумесную распрацоўку: як партнёры працуюць над творчымі аспектамі, як дзеляць задачы, бюджэт і рызыкі;
- Дагавор на правы (для экранізацый — і правы на адаптацыю), падпісаны не пазней за дзень дэдлайну;
- Дакументы пра капрадукцыю, дыстрыбуцыю і фінансаванне — калі ёсць;
- Дэкларацыі пра незалежнасць і еўрапейскую ўласнасць і пра мову матэрыялаў.
Дэдлайн: 2 сакавіка 2027 года, 17:00 па брусельскім часе (CET) — гэта 17:00 па Варшаве і 19:00 па Мінску. Вынікі — у жніўні 2027 года, падпісанне дагавораў — у лістападзе 2027 года.
Як падавацца:
Праз сістэму падачы на старонцы конкурсу ў EU Funding & Tenders Portal. Спачатку кожная кампанія павінна стварыць уліковы запіс EU Login і зарэгістравацца, каб атрымаць 9-значны код PIC. Усе ўмовы — у дакуменце конкурсу (PDF). Па кансультацыю можна звярнуцца ў Creative Europe Desk сваёй краіны.
Арганізатар: Еўрапейская камісія; конкурс адміністравае European Education and Culture Executive Agency (EACEA).
Важна:
- Як каардынатар кампанія можа падаць толькі адну заяўку, але можа быць партнёрам у іншых заяўках гэтага конкурсу;
- Як каардынатар можна падацца толькі ў адзін з конкурсаў European Co-development, European Slate Development, European Mini-slate Development і Video Games and Immersive Content; калі заявак некалькі, разгледзяць толькі тую, у якой самы ранні дэдлайн;
- Конкурс залежыць ад канчатковага зацвярджэння бюджэту ЕС на 2027 год.