European Prize for Women Innovators 2027 — да 100 000 EUR для заснавальніц інавацыйных кампаній
Для каго:
Жанчыны, якія заснавалі або сузаснавалі кампанію ці арганізацыю з прарыўнай інавацыяй — ад deep tech і STEM да аховы здароўя, клімату і лічбавых рашэнняў. Падавацца могуць тыя, хто:
- Легальна жыве ў краіне ЕС (у тым ліку ў заморскіх краінах і тэрыторыях) або ў краіне, асацыяванай з Horizon Europe;
- Заснавала або сузаснавала кампанію ці арганізацыю, зарэгістраваную ў адной з гэтых краін да 1 студзеня 2025 года;
- Падаецца як фізічная асоба, а не ад імя кампаніі;
- Яшчэ не атрымлівала прэмію ЕС або Euratom за тую ж дзейнасць.
Прэмія адкрытая для жанчын ва ўсёй іх разнастайнасці: паводле правілаў, гэта цыс-жанчыны і трансжанчыны, юрыдычна прызнаныя жанчынамі. Спіс асацыяваных краін — у дакуменце Еўракамісіі.
Не могуць падавацца:
- Самазанятыя;
- Калектывы: калі ў кампаніі некалькі заснавальніц, кожная падаецца асобна.
Падацца можна толькі ў адну катэгорыю — калі заявак некалькі, разгледзяць толькі апошнюю.
Катэгорыі:
- Women Innovators — для заснавальніц і сузаснавальніц без узроставых абмежаванняў;
- Rising Innovators — для інаватарак, маладзейшых за 35 гадоў (народжаных 1 студзеня 1991 года або пазней);
- EIT Women Leadership — для жанчын, звязаных з супольнасцю EIT: напрыклад, калі ваша кампанія атрымлівала падтрымку ад інавацыйнай супольнасці EIT (KIC) або вы скончылі адукацыйную праграму з лэйблам EIT.
Што прапануецца:
- Women Innovators — 100 000 EUR, 70 000 EUR і 50 000 EUR за першае, другое і трэцяе месцы;
- Rising Innovators і EIT Women Leadership — 50 000 EUR, 30 000 EUR і 20 000 EUR;
- Еўрапейскае прызнанне і бачнасць для вас і вашай кампаніі.
Грошы выплачваюць пасля цырымоніі ўзнагароджання, калі пададзеныя ўсе патрэбныя дакументы. Калі ў некалькіх заявак аднолькавы вынік, прэмію за гэтае месца дзеляць пароўну.
Што чакаецца ад удзельніц:
- Распавядаць пра прэмію і яе вынікі СМІ і публіцы;
- Пазначаць падтрымку ЕС у камунікацыі пра прэмію: эмблема ЕС, звестка пра фінансаванне і афіцыйны дысклеймер;
- Арганізатары(-кі) могуць выкарыстоўваць неканфідэнцыйную інфармацыю і матэрыялы (фота, відэа) для сваёй камунікацыі.
Для заяўкі патрэбныя:
- Part A — адміністрацыйная інфармацыя, запаўняецца анлайн;
- Part B — апісанне па шаблоне з сістэмы падачы, да 15 старонак, у PDF;
- Відэазварот да 90 секунд пра сябе і свае дасягненні — да 100 МБ, у ZIP-архіве;
- Для Rising Innovators — пацверджанне ўзросту ў PDF;
- Для EIT Women Leadership — дакумент пра сувязь з супольнасцю EIT у PDF: сертыфікат або пагадненне пра падтрымку ад KIC, дыплом праграмы з лэйблам EIT;
- Асабісты 9-значны код PIC — яго атрымліваюць пры рэгістрацыі ў Participant Register як фізічная асоба.
Заяўку можна падаць на любой афіцыйнай мове ЕС, але арганізатары(-кі) раяць англійскую; кароткае апісанне праекта — заўсёды па-англійску. Пазней могуць папрасіць дадатковыя дакументы — напрыклад, для праверкі статусу або банкаўскага рахунку.
Як падавацца:
Праз Funding & Tenders Portal, на старонцы сваёй катэгорыі. Спачатку стварыце акаўнт EU Login і зарэгіструйцеся ў Participant Register як фізічная асоба — заяўкі з PIC кампаніі адхіляюць. Рэгістрацыю трэба прайсці да дэдлайну.
Пасля падачы прыходзіць ліст-пацверджанне; калі яго няма, заяўка не пададзеная. Да дэдлайну заяўку можна змяняць і падаваць нанова. Усе ўмовы — у Rules of Contest.
Адбор:
- Прарыўная інавацыя — чым рашэнне вашай кампаніі адрозніваецца ад існуючых, у тым ліку ў deep tech і STEM;
- Уплыў — якую рэальную праблему вырашае інавацыя і які сацыяльна-эканамічны або экалагічны эфект кампанія дае ўжо цяпер (дабрабыт, адукацыя, прыбытак, працоўныя месцы);
- Натхненне — ваша ключавая роля ў поспеху кампаніі і тое, як вы падтрымліваеце іншых жанчын і дзяўчат: напрыклад, працуеце на гендарны баланс у камандзе або на роўны доступ да фінансавання, сетак і адукацыі.
За кожны крытэрый ставяць да 10 балаў, мінімум — 6; агульны мінімум — 18 з 30. Калі ў катэгорыі больш за 500 заявак, спачатку праходзіць папярэдні адбор. Да шасці лепшых кандыдатак у кожнай катэгорыі запрашаюць на слуханне з журы ў Брусэлі — яно можа прайсці і анлайн. Журы ацэньвае абедзве часткі заяўкі і відэа.
Таймлайн:
- Снежань 2026 – красавік 2027 года — ацэнка заявак;
- Красавік – чэрвень 2027 года — вынікі;
- Другі квартал 2027 года — цырымонія ўзнагароджання.
Кантакт:
- Women Innovators і Rising Innovators — EISMEA-WIP@ec.europa.eu;
- EIT Women Leadership — eit-awards@eit.europa.eu.
У лісце пазначце код конкурсу і катэгорыю. Пытанні пра сістэму падачы — у IT Helpdesk партала.
Арганізатар:
European Innovation Council (EIC) разам з агенцтвам EISMEA — катэгорыі Women Innovators і Rising Innovators; European Institute of Innovation and Technology (EIT) — катэгорыя EIT Women Leadership. Прэмію фінансуюць з праграмы Horizon Europe.