Films on the Move — гранты ЕС на агульнаеўрапейскую дыстрыбуцыю новых еўрапейскіх фільмаў
Films on the Move — конкурс праграмы Creative Europe MEDIA, які падтрымлівае скаардынаваныя кампаніі кінапракату і/або анлайн-дыстрыбуцыі еўрапейскага фільма ў іншых краінах. Кампанію каардынуе sales agent, а дыстрыбутары ў кожнай краіне атрымліваюць частку гранта на прасоўванне і выпуск фільма.
Для каго:
Еўрапейскія кампаніі sales agents — пасярэднікі, якія ад імя прадзюсара(-ркі) прадаюць правы на фільм дыстрыбутарам у іншых краінах.
- Заяўнік — юрыдычная асоба, зарэгістраваная ў краіне, што цалкам удзельнічае ў напрамку MEDIA праграмы Creative Europe (краіны ЕС, а таксама краіны ЕЭП і асацыяваныя краіны са спісу праграмы, напрыклад Украіна), і большасць яе долі належыць грамадзянам(-кам) гэтых краін;
- Прадзюсар(-ка) фільма напрамую прызначыў(-ла) кампанію праз міжнародны дагавор продажу з правам прадаваць фільм мінімум у 15 краінах MEDIA;
- Падаецца адна кампанія; дыстрыбутары ўдзельнічаюць як атрымальнікі фінансавай падтрымкі ад яе;
- Фізічныя асобы падавацца не могуць, выключэнне — індывідуальныя прадпрымальнікі(-цы).
Умовы для праекта:
- Да праекта павінны быць далучаныя мінімум 7 розных дыстрыбутараў. З іх прынамсі 2 павінны быць з краін з меншай аўдыявізуальнай вытворчай магутнасцю: група A — Харватыя, Чэхія, Эстонія, Грэцыя, Польшча, Партугалія, Румынія; група B — Балгарыя, Кіпр, Венгрыя, Латвія, Літва, Люксембург, Мальта, Славакія, Славенія і шэраг трэціх краін, у тым ліку Украіна.
- Большасць нацыянальных кампаній павінна быць прысвечана пракату ў кінатэатрах;
- Фільм выходзіць у пракат не раней чым праз 10 тыдняў пасля падачы заяўкі;
- Да 3 дыстрыбутараў могуць яшчэ не мець падпісанага дагавора на момант падачы.
Патрабаванні да фільма:
- Ігравы (у тым ліку анімацыйны) або дакументальны фільм ад 60 хвілін;
- Аўтарскае права ўпершыню зарэгістраванае не раней за 2025 год;
- Бюджэт вытворчасці — не больш за 30 млн EUR;
- Фільм вырабляюць пераважна прадзюсары з краін MEDIA, і мінімум 50% фінансавання паходзіць з гэтых краін;
- Больш за палову ключавых пазіцый (рэжысура, сцэнар, акцёры, кампазітар, аператар, мантаж, месцы здымак і інш.) займаюць грамадзяне(-кі) або жыхары(-ркі) краін MEDIA;
- Фільм мае ідэнтыфікатар ISAN або EIDR;
- Не падтрымліваюцца запісы опер, канцэртаў і перформансаў, рэклама і праекты, што заклікаюць да гвалту.
Што прапануецца:
- Грант ЕС на рэальныя выдаткі — да 90% ад выдаткаў, якія можна пакрыць. Максімальнай сумы на праект няма;
- Дыстрыбутары атрымліваюць да 70% сваіх выдаткаў на прасоўванне і рэкламу (P&A), але не больш за ліміт для краіны: для фільмаў з бюджэтам да 15 млн EUR — 150 000 EUR (Францыя, Іспанія, Італія, Германія), 60 000 EUR (Аўстрыя, Бельгія, Нідэрланды, Польшча), 30 000 EUR (Чэхія, Данія, Фінляндыя, Грэцыя, Венгрыя, Ірландыя, Нарвегія, Партугалія, Швецыя, Эстонія, Латвія, Літва, Украіна), 10 000 EUR (астатнія краіны);
- Для анімацыі і фільмаў з бюджэтам больш за 15 млн EUR ліміты ўдвая вышэйшыя: 300 000, 120 000, 60 000 і 20 000 EUR;
- Аванс — звычайна 70% сумы пасля падпісання дагавора;
- Праект доўжыцца ад 12 да 24 месяцаў.
Агульны бюджэт конкурсу — 23 500 000 EUR: каля 40% на першы дэдлайн і 60% на другі. Фільмам з бюджэтам больш за 15 млн EUR дастанецца не больш за 40% сумы.
Для заяўкі патрэбныя:
- Анкета (часткі A, B і C) у сістэме падачы; частка B — да 70 старонак;
- Міжнародны дагавор продажу фільма;
- Звесткі пра фільм з базы Creative Europe MEDIA Database;
- Лісты пра намеры ад дыстрыбутараў, якія набылі правы на кінапракат, з выдаткамі на прасоўванне і рэкламу;
- Дэкларацыя пра незалежнасць і ўласнасць.
Дэдлайн:
- 21 студзеня 2027 года, 17:00 па брусельскім часе (CET) — гэта 17:00 па Варшаве і 19:00 па Мінску; вынікі — у ліпені 2027 года;
- 15 ліпеня 2027 года, 17:00 па брусельскім часе — гэта 18:00 па Мінску; вынікі — у студзені 2028 года.
Як падавацца:
Праз сістэму падачы на старонцы конкурсу ў EU Funding & Tenders Portal. Спачатку трэба стварыць уліковы запіс EU Login і зарэгістраваць кампанію, каб атрымаць 9-значны код PIC. Усе ўмовы — у дакуменце конкурсу (PDF). Па кансультацыю можна звярнуцца ў Creative Europe Desk сваёй краіны.
Арганізатар: Еўрапейская камісія; конкурс адміністравае European Education and Culture Executive Agency (EACEA).
Важна:
- Фільм не можа ўдзельнічаць, калі правы на яго ў Эстоніі, Латвіі, Літве або Украіне прададзеныя пакупнікам з Расіі;
- Падтрымка дыстрыбутараў не можа лічыцца даходам фільма або змяншаць выдаткі, якія дыстрыбутар вяртае сабе з пракату;
- Моўныя версіі, зробленыя за кошт MEDIA (у тым ліку англійская), павінны быць даступныя ўсім платформам, якія захочуць паказваць фільм;
- Конкурс залежыць ад канчатковага зацвярджэння бюджэту ЕС на 2027 год.