Gasworks — рэзідэнцыя ў Лондане для мастакоў(-чак), якія жывуць у краінах Балтыі
Gasworks — лонданская арганізацыя сучаснага мастацтва. Яе рэзідэнцыі не маюць зададзенай праграмы: мастак(-чка) сам(а) вырашае, як выкарыстаць час — развіваць практыку, рабіць даследаванне, знаёміцца з горадам і будаваць новыя прафесійныя сувязі. Акцэнт — на працэсе.
Для каго:
Для мастакоў(-чак) сучаснага візуальнага мастацтва, якія базуюцца ў Літве, Латвіі або Эстоніі і знаходзяцца на пераломным этапе кар'еры.
- Падаецца адзін чалавек;
- Трэба мець хаця б сярэдні ўзровень размоўнай англійскай і свабодна гаварыць пра сваю працу па-англійску;
- Узроставых абмежаванняў няма;
- Калі вы зараз вучыцеся за мяжой, але маеце пастаянны адрас у Літве, Латвіі або Эстоніі, падавацца можна;
- Перавага аддаецца мастакам(-чкам), якія яшчэ не працавалі і не вучыліся ў Лондане. Тыя, хто ўжо жыў у Лондане, таксама могуць падавацца, але гэта ўлічаць пры адборы.
Пра рэзідэнцыю:
Рэзідэнцыя доўжыцца 11 тыдняў і спалучаецца з персанальнай выставай у Gasworks праз год. Увесь гэты час абраны(-ая) мастак(-чка) працуе ў дыялогу з Gasworks і Upė Foundation Curatorial Fellow.
Рэзідэнцыю падтрымлівае Upė Foundation у межах шматгадовага партнёрства з Gasworks, якое падтрымлівае мастацтва і культуру Літвы, Латвіі, Эстоніі і іх дыяспар.
Прапануецца:
- Стыпендыя на жыццё ў Лондане — 175 GBP ≈ 205 EUR на тыдзень;
- Бюджэт на матэрыялы — да 800 GBP ≈ 935 EUR (ці выплачваецца ён на рукі, ці кампенсуецца па чэках, не пазначана);
- Асобны пакой у Residency House — двухпавярховым доме на пяць пакояў з трыма агульнымі ваннымі і кухняй, дзе жывуць яшчэ чатыры рэзідэнты(-кі);
- Прыватная студыя ў Gasworks з доступам 24/7, цалкам даступная для людзей з інваліднасцю; у будынку працуюць іншыя рэзідэнты(-кі) і лонданскія мастакі(-чкі) са сваімі студыямі;
- Авіяквіткі эканом-класа ў абодва бакі і таксі-трансфер;
- Пакрыццё ўсіх візавых выдаткаў і дапамога з візай: Gasworks — сертыфікаваны візавы спонсар і выдае certificate of sponsorship, але канкрэтных юрыдычных парад не дае;
- Праязны TfL на зоны 1–2 на ўвесь час рэзідэнцыі;
- Студыйныя візіты каманды Gasworks, запрошаных куратараў(-ак), мастакоў(-чак) і адукацыйных груп, у тым ліку не менш за два індывідуальныя візіты;
- Нетворкінг з мастакамі(-чкамі), куратарамі(-кам) і іншымі прафесіяналамі(-камі);
- Базавы набор ручных інструментаў у студыі;
- Старонка рэзідэнцыі на сайце Gasworks з кароткім відэаінтэрв'ю, якое здымае і мантуе каманда;
- Адміністрацыйная, куратарская і асабістая падтрымка каманды ў рабочы час: панядзелак–пятніца, 10:00–18:00.
Што чакаецца ад удзельніка(-цы):
- Быць у Лондане ўвесь тэрмін рэзідэнцыі. Даты змяніць нельга. Калі ёсць планы, якія могуць паўплываць на прысутнасць, пра іх трэба паведаміць у заяўцы або як мага раней;
- Самастойна арыентавацца ў Лондане;
- Правесці адкрытую студыю (Open Studio) і прэзентаваць працу і даследаванне, зробленыя падчас рэзідэнцыі;
- Пасля рэзідэнцыі працягваць працу над персанальнай выставай у Gasworks, якая пройдзе ў ліпені–верасні 2028 года.
Для падачы патрэбны:
Адзін PDF-файл да 15 MB (рэкамендавана не больш за 30 старонак), у якім:
- Тытульны аркуш: юрыдычнае імя, хатні або кантактны адрас, email, тэлефон, спасылкі на сацсеткі або сайт;
- Апісанне мастацкай практыкі і інтарэсаў — 250 слоў;
- План на рэзідэнцыю — 250 слоў: якую працу або даследаванне вы хочаце рабіць у Лондане (план можа змяніцца);
- Да 15 выяваў, відэа- або аўдыяфрагментаў нядаўніх прац з подпісамі і, калі трэба, кароткімі апісаннямі (да 100 слоў на працу);
- CV — не больш за 3 старонкі;
- Іншыя матэрыялы, калі ёсць: артыкулы пра вашы нядаўнія працы, выставы або публікацыі.
Відэа і аўдыя загрузіце на YouTube, Vimeo, Dropbox або Google Drive і дадайце спасылкі ў PDF. Апісанне практыкі і план рэзідэнцыі можна запісаць вусна — таксама спасылкай на аўдыя ці відэа. Падаць заяўку можна і на роднай мове, але інтэрв'ю пройдзе па-англійску.
Gasworks асобна заўважае: AI-інструменты могуць дапамагчы сабраць думкі, але заяўкі з імі часта атрымліваюцца занадта агульнымі — арганізатары(-кі) хочуць прачытаць тэкст, які найлепш адлюстроўвае вашу практыку.
Адбор:
- Заяўкі разгледзіць камісія з прадстаўнікоў(-ц) Gasworks і знешніх экспертаў(-ак) па сучасным мастацтве Балтыі і Вялікабрытаніі;
- Перад падачай варта добра вывучыць Gasworks і папярэдніх рэзідэнтаў(-ак), каб разумець кантэкст;
- 3–5 кандыдатаў(-ак) з кароткага спісу запросяць на кароткае анлайн-інтэрв'ю.
Таймлайн:
- Анлайн-інтэрв'ю з кароткім спісам — тыдзень з 15 сакавіка 2027 года;
- Вынікі — тыдзень з 22 сакавіка 2027 года;
- Рэзідэнцыя ў Лондане — 7 ліпеня – 21 верасня 2027 года;
- Персанальная выстава ў Gasworks — ліпень–верасень 2028 года.
Як падавацца:
Загрузіце PDF праз форму ўнізе старонкі open call на сайце Gasworks. Пасля падачы прыходзіць аўтаматычны ліст-пацверджанне; калі яго няма, праверце спам і пры патрэбе падайце заяўку яшчэ раз. Калі ў заяўцы памылка, яе можна падаць нанова — улічаць апошнюю версію. Пры тэхнічных праблемах заяўку можна даслаць на info@gasworks.org.uk з тэмай: Application to Gasworks Residency for Artists Based in [назва краіны].
Пытанні пра даступнасць і асаблівыя патрэбы — rachel@gasworks.org.uk; агульныя пытанні — info@gasworks.org.uk.
Арганізатар: Gasworks (Лондан) пры падтрымцы Upė Foundation.