Перайсці да асноўнага зместу

IETM Global Connect 2027 — праграма для прафесіяналаў(-ак) сучасных сцэнічных мастацтваў

15 кастрычніка 2026, 23:59 CEST
Бясплатна

IETM — міжнародная сетка сучасных сцэнічных мастацтваў. Global Connect — яе флагманская праграма, створаная разам з асацыяванымі сябрамі сеткі і заснаваная на ідэі інклюзіўнай, разнастайнай, даступнай і экаадказнай глабальнай супольнасці. З 2021 года праграму прайшлі 64 чалавекі з пяці кантынентаў; яны працуюць як мост між сваімі мясцовымі супольнасцямі і сеткай. Адбіраюць тых, хто гатовы звязваць свой мясцовы кантэкст з міжнароднай сцэнай праз уласную працу і веды — з адкрытым, інклюзіўным і шчодрым падыходам.

Для каго:
Шукаюць дзесяць прафесіяналаў(-ак) і лідараў(-ак) сцэнічных мастацтваў — прадусараў(-ак), мастакоў(-чак), менеджараў(-ак) і іншых.

  • Можна працаваць у арганізацыі або быць фрылансерам(-кай);
  • Не менш за пяць гадоў прафесійнага досведу ў полі сцэнічных мастацтваў;
  • Жывая музыка не лічыцца сцэнічным мастацтвам;
  • Трэба працаваць у полі сучасных сцэнічных мастацтваў;
  • Англійская — працоўная мова сеткі;
  • Трэба паказаць канкрэтны ўнёсак у роўнасць, інклюзію, разнастайнасць і ўстойлівасць у сваёй практыцы;
  • Трэба мець рэальную магчымасць атрымаць шэнгенскую візу ў разумны тэрмін, калі яна вам патрэбная.

Каго не бяруць: цяперашніх сяброў(-вак) IETM і выпускнікоў(-ц) папярэдніх набораў Global Connect. Прычым «цяперашні сябра» тлумачыцца шырока — гэта і тыя, у каго сяброўства на сваё імя, і тыя, хто мае стабільныя працоўныя адносіны з любой арганізацыяй-сябрам IETM.

Асаблівую ўвагу абяцаюць краінам, дзе ў IETM мала сяброў(-вак) або няма іх наогул.

Колькі месцаў: да дзесяці.

Што прапануецца:

  • Бясплатнае індывідуальнае сяброўства ў IETM на пяць гадоў — з пачатку 2027 да канца 2031 года, з поўным доступам да ўсіх магчымасцяў: бясплатная рэгістрацыя на ўсе падзеі сеткі, бясплатны ўдзел ва ўсіх трэнінгах і сяброўскіх актыўнасцях, доступ да ўнутранай лічбавай платформы і сяброўскіх рассылак, інструмент пошуку партнёраў, магчымасць пашыраць свае навіны і конкурсы праз каналы IETM і права галасаваць і вылучацца на выбарах у Генеральнай асамблеі;
  • Анлайн-праграма са студзеня да траўня 2027 года: уступная сесія ў сярэдзіне студзеня, сустрэча адзін на адзін з камандай IETM, нетворкінг-сесія Global Connectors у канцы лютага, цыкл анлайн-размоваў пра практыкі, эстэтыку і палітыку сучаснай сцэны і жывыя расказы выпускнікоў(-ц) папярэдніх набораў перад паездкай. Расклад будуць падганяць пад часавыя поясы абраных удзельнікаў(-ц);
  • Фінансаванне паездкі на сустрэчу IETM у Ларнаку (Кіпр), 25–28 траўня 2027 года. Пакрываюць усё: «The support will cover all travel, accommodation and visa costs as well as other relevant costs required to attend the meeting».

Даступнасць: IETM піша, што частка бюджэту праграмы выдзеленая на тое, каб у ёй маглі ўдзельнічаць людзі з інваліднасцю, і просіць пазначаць свае патрэбы адразу ў заяўцы, каб адборачная камісія магла прадумаць падтрымку.

Што чакаецца ад удзельнікаў(-ц):

  • Прысутнасць у Ларнаку абавязковая. Перад падачай просяць пераканацца, што вы можаце паехаць 25–28 траўня 2027 года;
  • Удзел ва ўсіх анлайн-сесіях са студзеня да траўня;
  • На самой сустрэчы — нетворкінг-актыўнасць са сябрамі(-оўкамі) сеткі і асобная закрытая сесія для набору 2027 года разам з выпускнікамі(-цамі) папярэдніх гадоў;
  • Падпісаць дамову, якая фіксуе абавязкі абодвух бакоў;
  • Пасля сустрэчы вы атрымаеце сертыфікат на пошту.

Дэдлайн: 15 кастрычніка 2026 года, 23:59 CEST.

Арганізатар:
IETM — International network for contemporary performing arts, Square Sainctelette 19, 1000 Брусель, Бельгія. Праграма сафінансуецца Еўрапейскім Саюзам праз Creative Europe і ідзе ў рамках сеткавай праграмы THRIVE; створаная разам з асацыяванымі сябрамі(-камі) IETM.