Перайсці да асноўнага зместу

KAOS Residency with UPC KU Leuven 2027 — даследчая рэзідэнцыя для візуальных творцаў

10 снежня 2026, 23:59 CET
1 верасня — 31 снежня 2027
Kortenberg, Бельгія
Бясплатна

KAOS Residency with UPC KU Leuven — даследчая рэзідэнцыя ва Універсітэцкім псіхіятрычным цэнтры KU Leuven. Яе ладзяць брусельская арганізацыя KAOS, якая звязвае мастацтва і псіхіятрыю і змагаецца са стыгмай вакол псіхічнай уразлівасці, і сам цэнтр. Мастак ці мастачка будзе развіваць уласную практыку на тэмы, якія ўзнікаюць у асяроддзі псіхіятрычнай дапамогі.

Рэзідэнцыя разлічаная на тых, хто хоча правесці ўласнае даследаванне ў асяроддзі псіхіятрычнай установы і вырасціць з яго мастацкі праект.

Фармат:

Рэзідэнцыя з верасня па снежань 2027 года ў кампусе Kortenberg цэнтра UPC KU Leuven (Leuvensesteenweg 517, 3070 Kortenberg, Бельгія). Канкрэтны графік узгадняюць з выбраным мастаком ці мастачкай. Гэта працоўная рэзідэнцыя: у фокусе — развіццё ўласнай мастацкай практыкі.

Што прапануецца:

  • Асабістая майстэрня на тэрыторыі UPC KU Leuven;
  • Ганарар за працу ў рэжыме няпоўнай занятасці;
  • Бюджэт на праект;
  • Кампенсацыя дарогі;
  • Сустрэчы раз на два тыдні з мастацкімі камандамі KAOS і UPC KU Leuven, каб абмеркаваць, як ідзе даследаванне;
  • Па дамоўленасці з мастаком ці мастачкай KAOS звязвае рэзідэнцыі з публічнымі размовамі і дыскусіямі (KAOS Talks), прэзентацыямі, канцэртамі і публікацыямі; работы рэзідэнтаў(-ак) перыядычна паказваюць на выставе KAOS Expo.

Што чакаецца ад удзельнікаў(-ц):

  • Уласнае мастацкае даследаванне ў кантэксце псіхіятрычнага цэнтра і праект, які з яго вырастае;
  • Падзяліцца даследаваннем з персаналам і пацыентамі(-камі) цэнтра;
  • Удзел у сустрэчах раз на два тыдні.

Для заяўкі патрэбныя:

  • Асабістыя даныя: імя і прозвішча, год нараджэння, грамадзянства, горад і краіна, дзе вы жывяце, электронная пошта і тэлефон;
  • Агульнае апісанне вашай мастацкай практыкі або кола зацікаўленняў — да 1 500 знакаў;
  • Рабочая назва праекта або даследавання;
  • Апісанне даследавання або праекта — да 1 500 знакаў;
  • Пакрокавы графік на верасень – снежань 2027 года з улікам таго, наколькі праект выканальны: як вы плануеце выкарыстаць гэты час і як часта будзеце на месцы;
  • Творчае CV, партфоліа і спасылка на сайт або блог;
  • Адказы на пытанні пра кантэкст: чаму рэзідэнцыя ў псіхіятрычнай бальніцы важная для вашай мастацкай траекторыі і як яна звязаная з вашай практыкай; ці бачыце вы сэнс у сустрэчах з пацыентамі(-камі) і персаналам і ў якой форме; якога дадатковага абмену або падтрымкі вы чакаеце падчас рэзідэнцыі.

Адбор:

Заяўкі разглядаюць мастацкія каманды KAOS і UPC KU Leuven. Штогод на рэзідэнцыю выбіраюць аднаго мастака ці мастачку.

Вынікі — 1 сакавіка 2027 года;

Кантакт:

sofie.mulier@upckuleuven.be, +32 2 758 0684; mike@vzwkaos.be

Важна:

  • Пражыванне не прадугледжана;
  • Памер ганарару і бюджэту на праект ва ўмовах не пазначаны.