Перайсці да асноўнага зместу

KNOWCASE Open Call 2027 — да 100 000 EUR на інсталяцыю ў цэнтры Мадрыда ад Sónar+D і Fundación Cotec

7 верасня 2026
Madrid, Іспанія
Бясплатна
100 000 EUR

Fundación Cotec — прыватная некамерцыйная арганізацыя, якая прасоўвае інавацыі як рухавік эканамічнага і сацыяльнага развіцця. Яе штаб-кватэра знаходзіцца ў мадрыдскім раёне Чамбэры, побач з Teatros del Canal. KNOWCASE — вітрына на ўзроўні вуліцы пры гэтай штаб-кватэры (C/ Cea Bermúdez, 3), бачная 24 гадзіны на суткі. Разам з Sónar+D Cotec шукае інсталяцыю, якая зойме гэтую прастору з 2027 года.

Для каго:

  • Мастакі(-чкі), даследчыкі(-цы), дызайнеры(-кі), тэхнолагі(-іні) і калектывы;
  • Універсітэты, даследчыя цэнтры, стартапы, кампаніі, крэатыўныя агенцыі, прадакшны і культурныя ўстановы;
  • Міждысцыплінарныя каманды.

Заяўнікі(-цы) — як асобы, так і арганізацыі — мусяць паказаць сур’ёзны досвед у сваёй галіне і дадаць партфоліа папярэдніх працаў.

Што шукаюць: арыгінальныя, раней нідзе не паказаныя праекты ў полі лічбавай культуры, якія спалучаюць веды, даследаванне, навуку і даныя з мастацтвам, тэхналогіямі і сацыяльным уплывам. Праца мусіць уцягваць гледачоў і глядачак ва ўзаемадзеянне, заахвочваць крытычны роздум і быць прыдатнай да паказу цягам усяго перыяду — мінімум 24 месяцы.

Агульная рамка — мастацтва, навука, культура, тэхналогіі і грамадства. Cotec асабліва цікавяць пераходы: ад аналагавага грамадства да лічбавага, ад лінейнай мадэлі вытворчасці і спажывання да цыклічнай, ад матэрыяльнай эканомікі да нематэрыяльнай.

Сярод тэмаў, па якіх фонд вырабляе веды: экасістэма даследаванняў і інавацый, кліматычны крызіс, будучыня працы, новыя формы навучання, сацыяльныя і тэрытарыяльныя разрывы, удзел грамадзян(-ак), стан дэмакратыі і інавацыі ў публічным сектары.

Фінансаванне: абраны праект атрымае максімальны бюджэт 100 000 EUR (+ ПДВ). Сума мусіць пакрыць усе выдаткі праекта — распрацоўку канцэпцыі, дызайн, тэхнічную рэалізацыю, вытворчасць, мантаж, абслугоўванне і дакументаванне, а таксама ганарары аўтараў(-ак), дарогу, пражыванне, страхоўку і ўсё астатняе, што спатрэбіцца для паказу цягам заяўленага перыяду.

Таймлайн:

  • Дэдлайн падачы — 7 верасня 2026 года, поўнач;
  • Кантакт з праектамі кароткага спіса дзеля ўдакладненняў — 5 кастрычніка 2026 года;
  • Абвяшчэнне фіналістаў(-ак) — 13 кастрычніка 2026 года;
  • Абвяшчэнне пераможцы — 14 кастрычніка 2026 года;
  • Вытворчасць і мантаж — лістапад 2026 — люты 2027;
  • Адкрыццё — апошні тыдзень лютага 2027 года;
  • Перыяд экспанавання — ад 24 да 36 месяцаў з магчымасцю падаўжэння па дамове.

Для падачы патрэбны: адзін PDF не больш за 15 старонак (без вокладкі і зместу), на любой афіцыйнай мове Іспаніі або па-англійску, які змяшчае:

  • Рэзюмэ праекта: мэты, галоўная ідэя і тое, як праца пасуе прасторы KNOWCASE;
  • Канцэпцыю: апісанне праекта, даследчую рамку, тэму, вопыт для публікі і сувязь з мэтамі набору;
  • Тэхнічную прапанову: фізічныя, лічбавыя, аўдыявізуальныя, інтэрактыўныя і тэхналагічныя элементы, патрабаванні да вытворчасці, мантажу і эксплуатацыі;
  • Візуальныя матэрыялы: эскізы, рэндэры, схемы, візуальныя рэферэнсы;
  • Папярэдні бюджэт з разбіўкай па пазіцыях;
  • Графік распрацоўкі, вытворчасці, мантажу, тэставання, запуску і абслугоўвання;
  • Прэзентацыю каманды з ролямі, папярэднім досведам і партфоліа;
  • Дэкларацыю адказнасці, падпісаную заяўнікам(-цай), пра аўтарства прапановы, згоду з умовамі і праўдзівасць даных.

Усе прапановы мусяць адпавядаць тэхнічнаму дасье KNOWCASE з характарыстыкамі прасторы.

Крытэрыі адбору: канцэптуальная якасць, інавацыйнасць і арыгінальнасць — 40%; інтэрактыўнасць, вопыт і ўплыў на публіку — 25%; тэхнічная, фінансавая і аперацыйная жыццяздольнасць — 20%; адпаведнасць менавіта прасторы KNOWCASE — 15%.

Кантакт: opencalls2026@sonar.es.

KNOWCASE Open Call 2027 — 100 000 EUR на інсталяцыю ў Мадрыдзе — sekktor.online