Перайсці да асноўнага зместу

Loeb Fellowship 2028 — 10 месяцаў у Harvard для архітэктараў(-ак), урбаністаў(-ак) і актывістаў(-ак)

5 студзеня 2027, 23:59 UTC−5
Cambridge, Злучаныя Штаты Амерыкі
Бясплатна
57 500 USD

Loeb Fellowship — стыпендыяльная праграма на цэлы акадэмічны год пры Harvard Graduate School of Design (GSD) у Кембрыджы (ЗША). Штогод яна прымае да 10 стыпендыятаў(-ак) з ЗША і іншых краін. Цягам года яны адыходзяць ад штодзённай працы, вучацца ў Harvard і MIT, узаемадзейнічаюць са студэнтамі(-кам) і выкладчыкамі(-цамі) і плануюць наступны этап кар'еры. Пасля года стыпендыяты(-кі) становяцца выпускнікамі(-цамі) GSD і далучаюцца да alumni-сеткі з больш як 450 чалавек па ўсім свеце.

Для каго:

Практыкі(-ні) сярэдняга этапу кар'еры, чыя праца змяняе забудаванае і прыроднае асяроддзе на карысць грамадства: урбаністы(-кі), архітэктары(-кі), ландшафтныя архітэктары(-кі), дызайнеры(-кі) гарадскога асяроддзя, мастакі(-чкі) публічнага мастацтва, дэвелоперы(-кі), журналісты(-кі), актывісты(-кі), грамадскія лідары(-кі), людзі, якія распрацоўваюць публічную палітыку, і лідары(-кі) ў развіцці мясцовых супольнасцяў. Праграма разумее гэтае поле шырока: сярод стыпендыятаў(-так) былі тэатральныя рэжысёры(-кі) і дакументалісты(-кі).

  • Не менш за 8 гадоў досведу ў сваёй сферы; сярэдні ўзрост у наборы — каля 42 гадоў (гэта не абмежаванне);
  • Вышэйшая адукацыя не абавязковая, акадэмічныя выпіскі не патрэбныя;
  • Асабліва чакаюць людзей з нетыповымі кар'ернымі шляхамі і з досведам працы ў розных супольнасцях;
  • Міжнародныя заяўнікі(-цы) могуць падавацца, але абраныя стыпендыяты(-кі) мусяць атрымаць візу J-1, таму на момант адбору трэба мець на яе права.

Што прапануецца:

  • Стыпендыя 57 500 USD ≈ 50 600 EUR за акадэмічны год (яна абкладаецца падаткам як даход);
  • Грант на дарогу, які пакрывае прыкладна адзін зваротны квіток эканом-класа дадому за семестр (ён таксама абкладаецца падаткам);
  • Сціпла мэбляванае жыллё побач з GSD для тых, хто прыязджае з-па-за Бостана і Кембрыджа: асобныя кватэры або агульнае жыллё з супольнай прасторай (праграма імкнецца яго забяспечыць);
  • Можна прыехаць з партнёрам(-кай) або невялікай сям'ёй; дзеці могуць вучыцца ў публічных школах Кембрыджа (месцы размяркоўваюцца праз латарэю);
  • Бясплатнае наведванне курсаў вольным слухачом(-чкай) у Harvard College, 11 магістарскіх школах Harvard і MIT, доступ да бібліятэк, лекцый, сімпозіумаў і выставаў;
  • Штотыднёвыя семінары, вячэры з запрошанымі гасцямі і дзве навучальныя паездкі: восенню — па Паўночнай Амерыцы, увесну — міжнародная, часта разам са студыяй GSD;
  • Магчымасць весці ўласныя семінары, варкшопы і кароткія курсы ў студзеньскі J-Term, удзельнічаць у рэцэнзіях студэнцкіх праектаў.

Падача бясплатная. Праграма не пакрывае медычную страхоўку і догляд за дзецьмі. Пра візавыя выдаткі ў апісанні не пазначана.

Loeb/ArtLab Fellowship:

Сумесны трэк з Harvard ArtLab для мастакоў(-чак), чыя практыка звязаная з паляпшэннем забудаванага і прыроднага асяроддзя. Удзельнікі(-цы) атрымліваюць той жа досвед, што і Loeb Fellows, а таксама студыю ў будынку ArtLab, даследчую падтрымку і доступ да супольнасці ArtLab. Каб вас разгледзелі на гэты трэк, адзначце зацікаўленасць у заяўцы.

Што чакаецца ад удзельнікаў(-ц):

  • Адысці ад значных роляў у сваёй арганізацыі і не займацца прафесійнай працай цягам года (выключэнні — толькі з дазволу куратаркі), у тым ліку адмовіцца ад выступаў і канферэнцый;
  • Жыць у Кембрыджы і наваколлі ўвесь час, пакуль ідуць заняткі;
  • Наведваць мінімум адзін курс у GSD кожны семестр;
  • Удзельнічаць ва ўсіх праграмах стыпендыі: разам планаваць і наведваць штотыднёвы семінар, вячэры, восеньскую і вясновую паездкі, рэтрыты;
  • Актыўна ўзаемадзейнічаць са студэнтамі(-камі) і выкладчыкамі(-цамі) GSD;
  • Скласці індывідуальны працоўны план разам з камандай праграмы; вынікі трапляюць у выніковую справаздачу праграмы.

Фармат:

Праграма пачынаецца ў сярэдзіне жніўня 2027 года, прыкладна за тыдзень да пачатку заняткаў: спачатку 3–4 дні арыентацыі. Афіцыйна яна заканчваецца на наступны дзень пасля выпускной цырымоніі (commencement) 2028 года. Сем'і са школьнікамі(-цамі) часта застаюцца да канца школьнага года (другі–трэці тыдзень чэрвеня), але жыллё трэба вызваліць не пазней за 30 чэрвеня 2028 года. Дакладныя даты залежаць ад акадэмічнага календара.

Для заяўкі патрэбныя:

  • Рэгістрацыя і анкета на платформе SlideRoom — трэба адказаць на ўсе пытанні, улічваючы рэкамендаваны аб'ём адказаў;
  • Рэзюмэ з датамі месцаў працы; калі ёсць дыпломы — назва ўстановы, поўная назва ступені (не абрэвіятура) і год;
  • Тры рэкамендацыйныя лісты: у анкеце вы ўпісваеце кантакты, і SlideRoom адразу дасылае ім запыт (нават калі вы яшчэ не скончылі анкету). Найбольшую вагу маюць лісты ад калег(-жанак), кліентаў(-ак) і партнёраў(-ак), якія добра ведаюць вашу працу;
  • Партфоліа або дадатковыя матэрыялы — да пяці дакументаў (артыкулы, кнігі, відэа, візуалізацыі, лекцыі), толькі ў лічбавым выглядзе. Гэта неабавязкова, але вельмі пажадана.

Дэдлайн:

  • Заяўка — 5 студзеня 2027 года, 23:59 ET (6 студзеня, 05:59 CET);
  • Рэкамендацыйныя лісты — 12 студзеня 2027 года, 23:59 ET (13 студзеня, 05:59 CET).

Адбор:

Заяўкі разглядае камісія: тры выкладчыкі(-цы) GSD, трое выпускнікоў(-ніц) праграмы, двое знешніх экспертаў(-ак) і куратарка.

  • Да канца лютага 2027 года — каля 20 кандыдатаў(-ак) у кароткі спіс;
  • Да сярэдзіны сакавіка — усім паведамляюць пра статус заяўкі;
  • Кандыдаты(-ткі) з кароткага спіса праходзяць да трох інтэрв'ю: з куратаркай, з сябрам(-броўкай) камісіі і з чалавекам, які ведае праграму;
  • У сярэдзіне красавіка камісія выбірае да 10 стыпендыятаў(-так);
  • Да канца красавіка — вынікі.

Інфармацыйныя вэбінары:

9 лістапада 2026 года ў Zoom — а 8:00 ET і а 16:00 ET (14:00 і 22:00 CET). Запіс і адказы на пытанні з'явяцца на сайце праграмы.

Калі вы не маеце сувязяў з праграмай, GSD або Harvard, можна неафіцыйна пагаварыць з выпускнікамі(-цамі) праз праграму Connect with Alumni: напішыце на loeb_fellowship@gsd.harvard.edu да 30 лістапада 2026 года. Удзел не ўплывае на адбор.

Кандыдатаў(-ак) могуць таксама намінаваць праз форму намінацыі: праграма дашле чалавеку ліст з запрашэннем падавацца. Намінацыя не абавязковая і не ўплывае на адбор.

Арганізатар: Loeb Fellowship, Harvard Graduate School of Design. Куратарка праграмы — Jamie Blosser.