Перайсці да асноўнага зместу

Medialab Matadero — 10 000 EUR на сямімесячную даследчую рэзідэнцыю ў Мадрыдзе

27 верасня 2026, 23:59 UTC+2
1 студзеня — 31 ліпеня 2027
Madrid, Іспанія
Бясплатна
10 000 EUR

Medialab Matadero — гэта лабараторыя ў складзе Matadero Madrid, мадрыдскага цэнтра сучаснай творчасці. Праграма Situated Research (даследаванні, укаранёныя ў канкрэтны гарадскі і сацыяльны кантэкст) праходзіць пяты раз. Адбяруць тры даследча-творчыя праекты, якія вывучаюць сувязі паміж сучасным мастацтвам, дызайнам, навукай, тэхналогіямі і грамадствам — крытычна, эксперыментальна і адкрыта да супрацы.

Для каго:
Асобныя людзі, групы людзей і некамерцыйныя юрыдычныя асобы, якія вядуць даследчыя і творчыя праекты. Сферы пералічаныя вельмі шырока: мастацтва, дызайн, архітэктура, урбаністыка, эканоміка, кіно, фатаграфія, журналістыка, лічбавыя медыя, навукі пра навакольнае асяроддзе, філасофія, інжынерыя, сацыяльныя і палітычныя даследаванні, праграмаванне лічбавых інструментаў, матэрыялазнаўства, актывізм — і любая іншая сфера, з якой можна падысці да тэм Medialab нечакана, крытычна, эксперыментальна або трансдысцыплінарна.

Патрабаванні:

  • Грамадзянства Іспаніі або іншай краіны Еўрапейскага Саюзаабо, для грамадзян(-ак) краін па-за ЕС, наяўнасць адміністрацыйнага дазволу легальна жыць ці знаходзіцца ў Іспаніі цягам усёй рэзідэнцыі;
  • Камерцыйныя кампаніі да ўдзелу не дапускаюцца; юрыдычная асоба мусіць быць належна зарэгістраваная;
  • Няма дзейных працоўных ці камерцыйных адносін з Madrid Destino на перыяд рэзідэнцыі;
  • Адна заяўка на чалавека, калектыў або арганізацыю; праект у суаўтарстве лічыцца адной заяўкай;
  • Нельга падавацца, калі вы ўжо атрымлівалі гэтую рэзідэнцыю Medialab Matadero цягам трох гадоў да публікацыі конкурсу;
  • Рабочыя мовы рэзідэнцыі — іспанская і англійская.

Праект мусіць відавочна і зразумела звязвацца хоць з адной з тэм нядаўніх праграм Medialab Matadero:

  • LAB 1 Medios Sintientes;
  • LAB 2 The Metabolic Sublime;
  • LAB 3 Synthetic Minds;
  • LAB 4 Weird Futures;
  • LAB 5 The Mechanics of Truth.

Што прапануецца:

  • 10 000 EUR на кожны з трох праектаў — сума да падаткаў;
  • Індывідуальнае рабочае месца ў Centre for Artists in Residence (CRA) пры Matadero Madrid: інтэрнэт, святло, электрычнасць і базавая мэбля, з панядзелка да пятніцы з 9:00 да 20:00 (графік можна дамовіцца змяніць);
  • Доступ па папярэднім браніраванні да агульных прастор: залаў для сустрэч і прэзентацый, студыі black box, гукавой кабіны, мантажнай, «брудных» майстэрняў і лабараторыі лічбавай вытворчасці (fablab);
  • Суправаджэнне каманды Medialab — не менш за адну сустрэчу на месяц, а таксама канцэптуальная, лагістычная і матэрыяльная падтрымка публічных падзей;
  • Адна паездка ў абодва канцы для тых, хто жыве не ў Іспаніі: Medialab сам яе арганізуе і аплачвае, эканом-класам;
  • Агульныя тэхнічныя і вытворчыя выдаткі прэзентацый на Open Days бярэ на сябе Matadero.

Важна пра грошы: 10 000 EUR — гэта не чысты ганарар. Сума выплачваецца да вылічэння падаткаў і абавязковых утрыманняў і мусіць ісці на развіццё праекта: даследаванне, стварэнне, вытворчасць, дакументаванне, медыяцыю, дарогу, матэрыялы, абсталяванне, супрацу і іншае, што прама з праектам звязана. У фінальнай справаздачы трэба пералічыць панесеныя выдаткі. Выплата ідзе двума траншамі: 70 % пры падпісанні дакумента пра прыняцце рэзідэнцыі (не пазней за пачатак рэзідэнцыі ў студзені 2027 года) і 30 % пасля таго, як прымуць фінальную справаздачу.

Што чакаецца ад удзельнікаў(-ц):

  • Трымаць пастаянную прысутнасць у наданай прасторы ў дамоўленыя перыяды і зрабіць CRA і Matadero Madrid галоўнай базай праекта; запланаваныя ад'езды і палявыя даследаванні магчымыя, калі дамовіцца загадзя;
  • Правесці публічную праграму — ад адной да шасці падзей: варкшопы, сустрэчы, рабочыя групы, крытычныя сесіі, размовы, адкрытыя лабараторыі, прэзентацыі;
  • Быць на Open Days, калі іх прызначаць: першы тыдзень сакавіка і першая палова чэрвеня 2027 года — і асабіста расказваць пра праект спецыялістам(-кам) і шырокай публіцы;
  • Быць на фінальным публічным паказе ў чэрвені або ліпені 2027 года;
  • Хадзіць на сустрэчы, супрацоўнічаць з іншымі рэзідэнтамі(-камі);
  • Даваць камандзе камунікацый тэксты, графіку і відэа пра праект цягам рэзідэнцыі;
  • Згадваць Medialab Matadero, CRA і, дзе дарэчна, Matadero Madrid ва ўсіх паведамленнях пра праект і яго вынікі — у сацсетках, прэс-релізах, публікацыях і публічных выступах;
  • Здаць фінальную справаздачу цягам месяца пасля завяршэння: кароткае апісанне праекта і дасягнутых мэтаў (каля 500 слоў), спіс публічных падзей, матэрыял пра метадалогію і вынікі, прыдатны да публікацыі, і спіс выдаткаў.

Гатовы твор рабіць не трэба. Матэрыял пра вынікі можа быць дапаможнікам або наборам інструкцый, дакументальным матэрыялам (справаздачай, эсэ, аўдыя- ці відэадакументацыяй) або дакументацыяй мастацкага праекта як працэсу калектыўнага навучання.

Для заяўкі патрэбныя:

  • Анкета з назвай суб'екта або імем прадстаўніка(-цы), нумарам DNI, NIE або пашпарта, адрасам, email і тэлефонам;
  • Адзін PDF формату A4 з назвай authorname.pdf: біяграфія і матывацыйны ліст да 500 слоў плюс партфоліа папярэдніх або блізкіх праектаў да 10 старонак;
  • Другі PDF формату A4 з назвай authorname_projectname.pdf: назва праекта; апісанне на 1 000–2 000 слоў з абавязковымі раздзеламі — перадумовы, падыход, мэты, супольнасці, з якімі плануеце працаваць, план працы і метадалогія (можна дадаць да 10 малюнкаў); папярэдняя прапанова публічных падзей з мэтамі ці чаканымі вынікамі і раскладам; спасылка на відэа да 3 хвілін, дзе вы прадстаўляеце сябе і праект.

Заяўку можна падаць па-іспанску або па-англійску.

Хто адбірае: ацэначны камітэт з куратара(-кі) праграмы Situated Research, прадстаўніка(-цы) каманды Medialab Matadero (вядзе камітэт), прадстаўніка(-цы) каманды CRA і двух знешніх прафесіяналаў(-ак).

Дэдлайн: 27 верасня 2026 года, 23:59 CEST.