NEWS – Media Literacy 2027 — да 500 000 EUR ад Creative Europe на міжнародныя праекты медыяграматнасці
NEWS – Media Literacy — конкурс праграмы Creative Europe (кірунак Cross-sectoral), які праводзіць European Education and Culture Executive Agency (EACEA). Ён фінансуе міжнародныя праекты, што вучаць людзей крытычна ставіцца да медыя і распазнаваць дэзынфармацыю і інфармацыйныя маніпуляцыі. У гэтым конкурсе асаблівая ўвага — дарослым па-за сістэмай адукацыі і краінам з нізкім узроўнем медыяграматнасці або з пагрозамі свабодзе медыя.
Для каго:
Юрыдычныя асобы (публічныя і прыватныя), зарэгістраваныя ў краінах — удзельніцах Creative Europe: у краінах ЕС (разам з заморскімі краінамі і тэрыторыямі), а таксама ў краінах ЕЭП і іншых краінах, асацыяваных з праграмай. Міжнародныя арганізацыі могуць падавацца незалежна ад краіны.
Падаецца кансорцыум мінімум з 3 незалежных арганізацый з 3 розных краін. У яго могуць уваходзіць камерцыйныя і некамерцыйныя, публічныя і прыватныя арганізацыі: арганізацыі, якія займаюцца медыяграматнасцю, органы ўлады (нацыянальныя, рэгіянальныя, мясцовыя), універсітэты і адукацыйныя ўстановы, медыя, арганізацыі ў сферы information integrity (надзейнасці інфармацыйнай прасторы), даследчыя і тэхналагічныя інстытуцыі, тэхналагічныя кампаніі.
Не могуць падавацца:
- Фізічныя асобы — акрамя самазанятых, у якіх бізнес не мае асобнай юрыдычнай асобы;
- Органы ЕС;
- Арганізацыі, да якіх ЕС ужывае рэстрыкцыйныя меры.
Фармат:
Праект звычайна доўжыцца да 24 месяцаў; падоўжыць яго можна, калі гэта абгрунтавана. Дзейнасць павінна адбывацца ў краінах — удзельніцах праграмы. Заяўку можна напісаць на любой афіцыйнай мове ЕС, але рэзюмэ праекта — заўсёды па-англійску. Арганізатары настойліва раяць пісаць па-англійску ўсю заяўку.
Што прапануецца:
- Грант да 500 000 EUR на праект;
- Грант пакрывае 70% прымальных выдаткаў.
Агульны бюджэт конкурсу — 3 500 000 EUR.
Грант можна выкарыстаць на:
- Шматмоўны або мультыкультурны кантэнт і кампаніі, у тым ліку інтэрактыўныя, якія развіваюць лічбавыя навыкі людзей, разуменне медыяпрасторы і ўстойлівасць да дэзынфармацыі;
- Распрацоўку і ўкараненне інструментаў медыяграматнасці і іншых інавацыйных рашэнняў — з прататыпамі, але праект не можа быць толькі IT-распрацоўкай;
- Навучанне для грамадзян(-ак), педагогаў(-інь) і стваральнікаў(-ніц) кантэнту, абмен практыкамі паміж краінамі, мовамі і культурамі;
- Публічныя падзеі і варкшопы;
- Ініцыятывы супольнасцяў, якія адаптуюць інструменты і матэрыялы медыяграматнасці і робяць іх даступнымі.
Што чакаецца ад удзельнікаў(-ц):
Кожны праект мае:
- Дапамагаць людзям крытычна ставіцца да медыя, распазнаваць дэзынфармацыю і маніпуляцыі і рэагаваць на іх — асабліва па-за сістэмай адукацыі;
- Улічваць змены ў медыяпрасторы: новыя спосабы ствараць і спажываць навіны, новыя фарматы, ролю анлайн-платформаў і штучнага інтэлекту;
- Залучаць прафесіяналаў(-ак) з медыя і сферы надзейнасці інфармацыі, кантэнт-мейкераў(-ак) і інфлюэнсераў(-ак), геймераў(-ак), мастакоў(-чак);
- Пераходзіць культурныя, нацыянальныя або моўныя межы;
- Абапірацца на найлепшыя практыкі нядаўніх праектаў медыяграматнасці і пашыраць іх.
Праект трэба пабудаваць на аналізе патрэбаў мэтавых краін і груп: апісаць патрэбы і праблемы, зрабіць карту ініцыятываў, якія ўжо існуюць, і растлумачыць, як праект адкажа на патрэбы і дасягне мэтавых груп. Трэба ўлічваць краіны і рэгіёны з асаблівымі праблемамі — нізкім узроўнем медыяграматнасці або сур'ёзнымі пагрозамі свабодзе і плюралізму медыя.
Перавагу аддаюць ініцыятывам з шырокім ахопам або для груп, да якіх праграмы медыяграматнасці амаль не даходзяць, — найперш дарослым па-за сістэмай адукацыі. Арганізатары раяць супрацоўнічаць з рэгіянальнымі хабамі European Digital Media Observatory (EDMO).
Для заяўкі патрэбныя:
- Частка A — адміністрацыйныя звесткі пра ўдзельнікаў і зводны бюджэт (запаўняецца анлайн);
- Частка B — апісанне праекта па шаблоне з сістэмы падачы, да 50 старонак;
- Частка C — дадатковыя даныя пра праект і яго ўнёсак у паказчыкі праграмы (запаўняецца анлайн);
- Калі праект выкарыстоўвае штучны інтэлект — апісанне тэхналогіі (тып, умовы ліцэнзіі, кошт), абгрунтаванне выбару і раздзел пра адпаведнасць правілам, этыку, бяспеку даных, чалавечы кантроль і празрыстасць.
Як падавацца:
Толькі праз сістэму падачы на EU Funding & Tenders Portal(знешні сайт). Да падачы ўсім удзельнікам трэба стварыць рахунак EU Login і зарэгістраваць арганізацыю ў Participant Register, каб атрымаць 9-значны код PIC. Каардынатар падае заяўку ад імя ўсяго кансорцыума. Паперовыя заяўкі не прымаюць.
Адбор:
Заяўкі ацэньвае камісія з удзелам незалежных экспертаў(-ак) па 100-бальнай шкале: адпаведнасць мэтам конкурсу — 40 балаў, якасць зместу і дзейнасці — 30, кіраванне праектам — 10, распаўсюд вынікаў і ўплыў — 20. Каб прэтэндаваць на грант, трэба набраць мінімум 70 балаў.
Таймлайн:
- Ацэнка — люты – чэрвень 2027 года;
- Вынікі — ліпень 2027 года;
- Падпісанне грантавай дамовы — кастрычнік 2027 года.
Кантакт:
Пытанні пра конкурс — EACEA-CREATIVE-EUROPE-MEDIA-LITERACY@ec.europa.eu; тэхнічныя пытанні пра партал — у IT Helpdesk.
Арганізатар:
Еўрапейская камісія, праграма Creative Europe (кірунак Cross-sectoral). Конкурсам кіруе European Education and Culture Executive Agency (EACEA).
Важна:
- Конкурс залежыць ад канчатковага зацвярджэння бюджэту ЕС на 2027 год — пры істотных зменах яго могуць змяніць або скасаваць;
- Калі пры падрыхтоўцы заяўкі выкарыстоўваеце генератыўны ШІ, трэба праверыць змест і раскрыць, якія інструменты і як вы выкарыстоўвалі.