PhotoVogue Brave New Visions — гранты да 6 000 USD для фатографаў(-ак) і відэааўтараў(-ак)
Сёлетні глабальны адкрыты набор PhotoVogue называецца Brave New Visions: Creativity as Rebellion і разглядае творчасць як форму супраціву — запрашае здымаць так, каб аспрэчваць абыякавасць, ламаць канвенцыі і пашыраць візуальны аповед. Арганізатары асобна тлумачаць, што гэта не тэма, якую трэба праілюстраваць, а запыт на пазіцыю: у адносінах да свету, які ёсць; да таго, ад чаго вы адмаўляецеся; да таго, чаго прагнеце, што ставіце пад пытанне, чаму супраціўляецеся, што ўяўляеце або абараняеце. Гэта можа быць блізкасць, клопат і ўвага — або канфрантацыя, разрыў і адмова.
Для каго: фатографы(-кі) і відэааўтары(-кі) ад 18 гадоў.
Не мае значэння, да якой сферы адносіцца праца — мода, мастацтва, дакументалістыка, фатаграфія ці відэа. Арганізатары пішуць, што важныя сіла і неабходнасць выказвання.
Што прапануецца:
Тры гранты на агульную суму 12 000 USD ≈ 10 300 EUR:
- Outstanding Vision Grant — 6 000 USD ≈ 5 160 EUR;
- Vision Grant — 4 000 USD ≈ 3 440 EUR;
- Rising Voice Grant — 2 000 USD ≈ 1 720 EUR.
Таксама адабраныя аўтары(-кі) атрымліваюць:
- Паказ на наступным фестывалі PhotoVogue;
- Магчымую публікацыю ў глабальных выданнях Vogue;
- Удзел у віртуальных праглядах партфоліа PhotoVogue.
Што можна падаваць:
- Да 15 выяваў — або спалучэнне выяваў і відэа для мультымедыйных праектаў;
- Дадаткова можна дадаць відэатрэйлер да 60 секунд.
Працы, згенераваныя штучным інтэлектам, не прымаюцца.
Дэдлайн: 1 кастрычніка 2026 года, 23:59 CEST.
Арганізатар: PhotoVogue (Condé Nast).