Перайсці да асноўнага зместу

Royal Academy Schools Postgraduate Programme — трохгадовая праграма для творцаў у Лондане

14 снежня 2026
Greater London, Вялікабрытанія
46 USD
4 000 EUR

Royal Academy Schools — школа сучаснага мастацтва пры Royal Academy of Arts у Лондане, якая працуе з моманту заснавання акадэміі ў 1768 годзе. Набор на кастрычнік 2027 года адкрыты для творцаў з любой краіны, з любымі практыкамі і медыя.

Для каго:

Мастакі(-чкі), якія працуюць у любых дысцыплінах сучаснага мастацтва (contemporary fine art). Падавацца можна з любой краіны, верхняй мяжы ўзросту няма. Арганізатары(-кі) шукаюць людзей, якія:

  • Маюць сталую практыку, якая развіваецца;
  • Гатовыя тры гады засяродзіцца на навучанні і працы ў студыі;
  • Умеюць крытычна глядзець і на свае працы, і на працы іншых;
  • Хочуць актыўна ўдзельнічаць ва ўсіх частках праграмы;
  • Працуюць з сучасным мастацтвам.

Месцы даюць паводле партфоліа і таго, як вы гаворыце пра сваю працу, а не паводле папярэдняй адукацыі, кваліфікацый ці знаёмстваў. Падавацца можна і з магістарскай ступенню ў іншай галіне, і без мастацкай адукацыі. Заяўкі ацэньваюць з улікам кантэксту: сацыяльнага і культурнага паходжання, жыццёвых абставін і адукацыі кожнага кандыдата ці кандыдаткі.

Трэба валодаць англійскай на ўзроўні магістратуры: на праграме шмат абмеркаванняў уласнай працы, творчых працэсаў і складаных ідэй.

Не могуць падавацца:

  • Людзі са ступенню MFA або іншай кваліфікацыяй узроўню Level 7 (магістарскі ўзровень у брытанскай сістэме) у выяўленчым ці сучасным мастацтве — напрыклад, у жывапісе, фатаграфіі або скульптуры.

Кваліфікацыя Level 7 у прыкладным мастацтве — ювелірнай справе, кераміцы, тэкстылі — не перашкаджае падаць заяўку.

Фармат:

Трохгадовая праграма поўнага дня ў Лондане (Burlington House, Piccadilly), пачатак — у кастрычніку 2027 года. Час працы ў студыях — з панядзелка па пятніцу, 9:30–17:30, падчас семестраў. Штогод прымаюць ад 10 да 17 студэнтаў(-ак).

Што прапануецца:

  • Бясплатнае навучанне: выкладанне, месца ў студыі і доступ да майстэрняў на ўсе тры гады;
  • Штогадовая стыпендыя (bursary) не менш за 4 000 GBP (≈ 4 800 EUR) — выплачваецца трыма часткамі на пачатку кожнага семестра, асобна падавацца на яе не трэба;
  • Дадатковыя выплаты для студэнтаў(-ак) са значнымі фінансавымі патрэбамі і Student Support Fund (фонд дапамогі пры нечаканых фінансавых цяжкасцях) — праз падрабязную фінансавую ацэнку;
  • Частковая кампенсацыя расходных матэрыялаў праз майстэрні;
  • Майстэрні з tutors: друкаваная графіка, скульптура, кераміка, дрэва, метал, лічбавы друк, фоталабараторыя, time-based media (відэа, гук і перформанс); бібліятэка і калекцыі Royal Academy; праектныя прасторы, якія можна забраніраваць;
  • Лекцыі і сустрэчы з мастакамі(-чкамі) і акадэмікамі Royal Academy;
  • Групавыя абмеркаванні (crits) з запрошанымі мастакамі(-чкамі) і індывідуальныя сустрэчы — двойчы на семестр са старэйшым выкладчыкам(-цай) курса і не менш за адзін за семестр з запрошаным выкладчыкам(-цай);
  • Выставы: Premiums на другім годзе ў Weston Studio і RA Schools Show — асабістая або сумесная выстава ў канцы трэцяга года;
  • Падтрымка ў напісанні двух тэкстаў пра ўласную практыку;
  • Штогадовая вучэбная паездка за мяжу (праз год — Венецыянскае біенале): пражыванне аплачвае RA Schools, дарогу і харчаванне — студэнты(-кі);
  • Выкладчыцкая практыка ў мастацкіх школах і ўніверсітэтах Вялікабрытаніі на другім і трэцім годзе;
  • Professional Practice Day — лекцыі і варкшопы пра права, бухгалтарыю, фінансаванне, страхаванне, архівацыю і публічныя замовы;
  • Магчымасць падпрацоўваць у самой Royal Academy: бар, прыбіранне, адміністраванне, сацсеткі, падзеі, крама, праца з аўдыторыяй;
  • Для замежных студэнтаў(-ак): кансультант(-ка) па візах і кампенсацыя візавых выдаткаў і Immigration Health Surcharge за тры гады (падрабязна — у «Важна»);
  • Фонд на пераезд (relocation fund) для тых, хто пераязджае ў Лондан з-за мяжы або з іншых частак Вялікабрытаніі, — выплачваецца пасля рэгістрацыі на праграме; сума ва ўмовах не пазначаная.

Што чакаецца ад удзельнікаў(-ц):

  • Працаваць у студыі і майстэрнях поўны дзень падчас семестраў;
  • Удзельнічаць у групавых абмеркаваннях, лекцыях і сустрэчах;
  • Напісаць два тэксты і падрыхтаваць дзве выставы;
  • Ставіць праграму вышэй за іншыя праекты і запрашэнні;
  • Падпрацоўваць толькі ўвечары, у выходныя і на канікулах;
  • Праходзіць штогадовы агляд (end-of-year review), паводле якога вырашаюць пераход на наступны год.

Колькі каштуе ўдзел:

Навучанне бясплатнае. Збор за падачу заяўкі — 46 USD (≈ 42 EUR), яго бяруць праз SlideRoom. Калі вы ў цяжкім фінансавым становішчы, можна папрасіць вызваленне ад збору — толькі да адпраўкі заяўкі.

Для заяўкі патрэбныя:

  • Асабістыя даныя і звесткі пра адукацыю;
  • Адказы на 4 пытанні, каля 150 слоў кожны: пра форму практыкі, ключавыя арыенціры, метад і планы на будучыню (план даследавання не патрэбны);
  • Партфоліа: да 16 выяў або да 15 хвілін відэа, або спалучэнне (напрыклад, 5 хвілін відэа і 11 выяў); можна дадаваць аўдыя;
  • Аплата збору або запыт на вызваленне ад яго.

Патрабаванні да партфоліа:

  • Толькі завершаныя працы апошніх пяці гадоў, якія найлепш паказваюць вашу цяперашнюю практыку;
  • Без эскізаў, старонак са скетчбукаў і дакументацыі працэсу;
  • Адна выява на слайд — калажы з некалькіх выяў і PDF-партфоліа не прымаюць;
  • Відэа даўжэй за 5 хвілін лепш замяніць кароткімі ўрыўкамі.

Рэкамендацыю (reference) просяць толькі ў тых, каго запрасілі на інтэрв'ю. Рэкамендатар(-ка) — адзін чалавек: выкладчык(-ца) з бакалаўрыята або мастак(-чка) ці іншы прафесіянал(-ка) з мастацкай сферы, з кім вы працавалі.

Як падавацца:

Толькі праз SlideRoom(знешні сайт) — партфоліа іншымі спосабамі не прымаюць. Прагрэс у форме захоўваецца аўтаматычна.

Адбор:

  • Камісія разглядае ўсе заяўкі і складае кароткі спіс;
  • Сайты і сацсеткі глядзяць толькі ў кандыдатаў(-ак) з кароткага спісу;
  • Інтэрв'ю праходзіць асабіста ў Royal Academy, каля 30 хвілін, з акадэмічнай камандай і прадстаўніком(-цай) студэнтаў(-ак); замежным кандыдатам(-кам) у асобных выпадках прапануюць іншы фармат;
  • На інтэрв'ю трэба прынесці 5 ключавых прац і, калі яны ёсць у вашай практыцы, скетчбукі; у пакоі ёсць праекцыя і гук;
  • Фідбэку пасля інтэрв'ю няма;
  • Штогод — ад 10 да 17 месцаў.

Калі не атрымалася, можна падавацца зноў: некаторыя студэнты(-кі) паступілі не з першай спробы.

Таймлайн:

  • Не пазней за тыдзень з 1 лютага 2027 года — паведамленні пра кароткі спіс;
  • З тыдня 7 лютага 2027 года — інтэрв'ю;
  • Кастрычнік 2027 года — пачатак навучання.

Кантакт: admissions@raschools.org.uk, +44 20 7300 5650 (панядзелак–пятніца, 10:00–17:00 па лонданскім часе) — пытанні пра ўмовы і змест заяўкі. Тэхнічныя пытанні пра SlideRoom — support@slideroom.com.

Арганізатар:

Royal Academy Schools — школа пры Royal Academy of Arts у Лондане. З заснавання акадэміі ў 1768 годзе яна прапануе бясплатнае незалежнае навучанне, якое вядуць мастакі(-чкі): усе сталыя выкладчыкі(-цы) — практыкуючыя мастакі(-чкі). Навучанне застаецца бясплатным дзякуючы падтрымцы мецэнатаў.

Важна:

  • Стыпендыя не пакрывае жыццё ў Лондане, большасць студэнтаў(-ак) падпрацоўвае — бюджэт варта скласці загадзя;
  • Жыллё не даюць і не дапамагаюць яго знайсці — толькі звязваюць са студэнтамі(-камі) і выпускнікамі(-цамі), у якіх могуць быць варыянты;
  • RA Schools не можа афармляць студэнцкія візы. Замежным кандыдатам(-кам) без права жыць у Вялікабрытаніі пасля прапановы месца трэба самастойна атрымаць Global Talent Visa (Exceptional Promise) на ўвесь тэрмін праграмы. Калі віза зацягнецца, месца могуць перанесці на наступны год;
  • Віза каштуе 766 GBP (≈ 920 EUR): 561 GBP за endorsement (ухваленне кандыдатуры) і 205 GBP за саму візу. Immigration Health Surcharge — 1 035 GBP (≈ 1 240 EUR) за год, гэта 3 105 GBP за тры гады, плаціцца адразу. Гэтыя выдаткі вы аплачваеце самі; RA Schools кампенсуе іх, калі вы атрымаеце візу і зарэгіструецеся на праграме, — health surcharge толькі за тры гады, нават калі віза даўжэйшая. Пры складаным фінансавым становішчы могуць дапамагчы з візавымі зборамі;
  • Калі вы ўжо шукаеце персанальныя выставы або прадстаўніцтва ў камерцыйнай галерэі, арганізатары(-кі) раяць падумаць, ці падыходзіць вам праграма.