Scholars for Belarus — 5 000–7 000 EUR на публічныя навуковыя мерапрыемствы
Scholars for Belarus by akno e.V. прымае заяўкі на фінансавую падтрымку публічных навуковых мерапрыемстваў. Мэта конкурсу — спрыяць сувязям і супрацы паміж беларускімі даследчыкамі(-цамі) з розных краін эміграцыі, а таксама павышаць бачнасць даследаванняў пра Беларусь у еўрапейскай акадэмічнай прасторы.
Для каго:
Арганізатары(-кі) публічных навуковых мерапрыемстваў з удзелам беларускіх даследчыкаў(-ц).
Гэта могуць быць канферэнцыі, семінары, круглыя сталы, панэльныя дыскусіі, варкшопы і іншыя фарматы.
Тэматычных абмежаванняў няма.
Перавага будзе ў мерапрыемстваў, якія:
- спрыяюць міжнароднай навуковай супрацы;
- маюць пацверджаную падтрымку з боку іншых арганізацый — напрыклад, памяшканне, лагістычную або фінансавую падтрымку.
Фінансавыя ўмовы:
Памер падтрымкі вызначаецца індывідуальна паводле пададзенага бюджэту. Сума міні-гранта — 5 000–7 000 EUR.
У межах конкурсу плануюць падтрымаць не больш за 6 мерапрыемстваў.
Калі заяўка будзе адабраная, арганізатар і Scholars for Belarus падпішуць грантавую дамову. Выплата адбываецца ў два этапы:
- 70% бюджэту — цягам 3 тыдняў пасля падпісання дамовы;
- астатняя сума — цягам 2 тыдняў пасля ўхвалення наратыўнай і фінансавай справаздачы.
Дамова можа быць падпісаная не раней за 1 снежня 2026 года.
Для заяўкі патрэбныя:
- кароткае апісанне івэнта або праекта;
- фармат, дата і месца правядзення;
- імёны і кантакты арганізатараў(-ак);
- ролі і абавязкі ўдзельнікаў(-ц);
- чаканыя вынікі: што атрымаюць удзельнікі(-цы) і мэтавыя аўдыторыі, якія новыя сувязі, веды, супраца або іншыя магчымасці могуць узнікнуць пасля мерапрыемства;
- партнёры мерапрыемства;
- папярэдні бюджэт паводле формы арганізатараў.
Заяўкі будуць ацэньвацца паводле:
- адпаведнасці мэтам конкурсу;
- навуковай і грамадскай значнасці мерапрыемства;
- патэнцыялу для развіцця міжнароднай супрацы;
- удзелу беларускіх даследчыкаў(-ц);
- рэалістычнасці фармату і бюджэту.
Адбор і тэрміны:
Адабраных аплікантаў(-ак) запросяць на сустрэчу для ўдакладнення дэталяў, распрацоўкі плана падрыхтоўкі і правядзення мерапрыемства, а таксама абмеркавання бюджэту.
Запрашэнні на сустрэчы дашлюць не пазней за 17 лістапада 2026 года.
Анлайн-сустрэчы адбудуцца 23–26 лістапада 2026 года.
Справаздачы па праведзеных мерапрыемствах трэба даслаць да 30 красавіка 2027 года.
Важна:
Падача заяўкі не гарантуе атрыманне фінансавання. Праз абмежаваныя рэсурсы Scholars for Belarus пакідае за сабой права не тлумачыць асобныя прычыны адхілення заяўкі.
Праект Scholars for Belarus рэалізуецца арганізацыяй akno e.V. і фінансуецца Еўрапейскім Саюзам.