Skopje 2028 — набор незалежных экспертаў(-ак) для ацэнкі праектаў
Фундацыя «European Capital of Culture — Skopje 2028» складае афіцыйны Рэгістр незалежных нацыянальных і міжнародных экспертаў(-ак)-ацэншчыкаў(-чыц). З гэтага рэгістра фундацыя будзе выбіраць людзей для ацэнкі праектных заявак на конкурсы мастацкай і культурнай праграмы Skopje 2028 цягам 2026–2028 гадоў.
Для каго:
Незалежныя прафесіяналы(-кі) і эксперты(-кі) з Паўночнай Македоніі і з-за яе межаў — грамадзянства не абмежаванае. Абавязковыя ўмовы:
- Не менш за 5 гадоў прафесійнага досведу ў адной або некалькіх дысцыплінах са спісу ніжэй;
- Выдатная пісьмовая і вусная англійская — заяўкі і ўся ацэнка ідуць па-англійску;
- Уменне працаваць з электроннымі платформамі для адміністравання грантаў, лічбавымі інструментамі ацэнкі і сістэмамі анлайн-супрацы;
- Прафесійная незалежнасць і адсутнасць канфлікту інтарэсаў.
Дысцыпліны, у якіх шукаюць досвед:
- Сучаснае мастацтва;
- Сцэнічныя мастацтвы;
- Музыка;
- Кіно, аўдыявізуальныя і мультымедыйныя мастацтвы;
- Лічбавыя і новыя медыя;
- Літаратура і выдавецкая справа;
- Культурная спадчына і музеялогія;
- Архітэктура, дызайн і гарадское развіццё;
- Культурныя і крэатыўныя індустрыі;
- Культменеджмент і распрацоўка культурных праграм;
- Еўрапейскія культурныя палітыкі;
- Міжнародная культурная супраца;
- Распрацоўка і кіраванне культурнымі праектамі;
- Новыя тэхналогіі і штучны інтэлект;
- Адукацыя і даследаванні;
- Ацэнка праектаў, якія фінансуе Еўрапейскі Саюз і міжнародныя донары;
- Гарадское развіццё і публічная прастора;
- Культурны і крэатыўны турызм.
Што трэба будзе рабіць:
- Самастойна і аб'ектыўна разглядаць і ацэньваць праектныя заяўкі — дыстанцыйна (анлайн), праз афіцыйную электронную платформу фундацыі;
- Рыхтаваць індывідуальныя ацэначныя справаздачы (Individual Evaluation Reports) з пісьмовым абгрунтаваннем і баламі;
- Удзельнічаць у кансенсусных сустрэчах і ацэначных панэлях;
- Ацэньваць праектныя бюджэты, фінансавае абгрунтаванне, суадносіны кошту і якасці, арганізацыйную здольнасць і кіраванне рызыкамі;
- Перад кожным цыклам ацэнкі падпісваць дэкларацыю пра незалежнасць, бесстароннасць, канфідэнцыяльнасць і адсутнасць канфлікту інтарэсаў;
- Пацвярджаць сваю даступнасць перад кожным новым цыклам.
Абавязак канфідэнцыяльнасці дзейнічае і пасля завяршэння працы.
Па якіх крытэрыях эксперты(-кі) ацэньваюць праекты:
- Рэлевантнасць праграме Skopje 2028;
- Еўрапейскі вымер;
- Мастацкая якасць і інавацыйнасць;
- Здольнасць рэалізаваць праект;
- Развіццё аўдыторыі і ўключэнне супольнасці;
- Устойлівасць і спадчына праекта;
- Бюджэт і суадносіны кошту і якасці.
Як адбіраюць саміх экспертаў(-ак):
Спачатку — праверка: поўнасць дакументаў, 5 гадоў досведу, англійская і лічбавыя навыкі, падпісаныя дэкларацыі. Хто не праходзіць гэты этап, да балаў не дапускаецца.
Далей — ацэнка па матрыцы на 100 балаў:
- Рэлевантны прафесійны досвед — 25 балаў;
- Спецыфічная экспертыза ў сферы (domain expertise) — 25 балаў;
- Досвед у праграмах ЕС, ECoC і міжнародных праектах — 15 балаў;
- Досвед ацэнкі і адбору (журы, камітэты, гранты) — 15 балаў;
- Еўрапейская і міжнародная супраца — 10 балаў;
- Гарызантальныя кампетэнцыі (уключэнне, зялёныя практыкі, лічбавізацыя і інш.) — 5 балаў;
- Мовы і лічбавыя навыкі — 5 балаў.
Каб трапіць у Рэгістр, трэба набраць не менш за 60 балаў са 100.
Фінальны склад Рэгістра дадаткова балансуюць па геаграфіі, гендары, сферах і мовах, але толькі сярод тых, хто ўжо перайшоў мінімальны парог — баланс не можа адмяніць прафесійныя крытэрыі.
Што дае перавагу пры адборы:
- Досвед незалежнага эксперта(-кі), ацэншчыка(-цы) у праграмах ЕС — Creative Europe, Horizon Europe, Erasmus+, Interreg — а таксама ў UNESCO і іншых міжнародных культурных фондах;
- Досвед працы з Еўрапейскімі сталіцамі культуры (ECoC) — падрыхтоўка, кіраванне, праграмаванне, маніторынг або ацэнка;
- Удзел у нацыянальных і міжнародных журы, экспертных панэлях, праграмных радах;
- Веданне еўрапейскіх культурных палітык і стратэгічных дакументаў ЕС у сферы культуры;
- Досвед у міжнародных капрадукцыях, транснацыянальных праектах, мастацкай мабільнасці і культурных сетках;
- Досвед маніторынгу, ацэнкі ўплыву і працы з індыкатарамі;
- Досвед фінансавай і арганізацыйнай ацэнкі праектаў;
- Гарызантальныя кампетэнцыі: уключэнне і даступнасць, удзел моладзі, развіццё аўдыторыі, праца з супольнасцю, міжкультурны дыялог, недыскрымінацыя, гендарная роўнасць, экалагічная ўстойлівасць, лічбавая трансфармацыя ў культуры.
Правілы аплаты апісаныя так:
- Ганарар вызначаецца да пачатку працы і фіксуецца ў індывідуальным дагаворы на экспертныя паслугі;
- Перад тым як пагадзіцца на канкрэтную замову, эксперт(-ка) атрымлівае ў пісьмовым выглядзе: мадэль і суму ганарару, чаканую колькасць заявак, дэдлайн ацэнкі, абавязкі па кансенсусе і ўмовы з тэрмінам выплаты;
- Мадэлі аплаты: за кожную заяўку, дзённая ставка або камбінаваная схема — залежна ад аб'ёму і складанасці;
- За аднолькавыя і параўнальныя задачы плацяць аднолькава; любое адступленне мусіць мець дакументаванае абгрунтаванне;
- Ганарар ніяк не залежыць ад вынікаў ацэнкі;
- Калі патрэбная фізічная прысутнасць, могуць кампенсаваць дарогу, пражыванне і іншыя абгрунтаваныя прамыя выдаткі.
Для заяўкі патрэбныя (усё па-англійску):
- Прафесійнае CV у фармаце Europass, дзе пазначаны досвед у сферы культуры;
- Матывацыйны ліст — не больш за 550 слоў — з указаннем канкрэтных сфер экспертызы;
- Партфоліа або спіс рэферэнсаў па раней рэалізаваных ці ацэненых праектах;
- Падпісаная дэкларацыя пра незалежнасць, канфідэнцыяльнасць і адсутнасць канфлікту інтарэсаў;
- Дэкларацыя пра дакладнасць даных і згода на апрацоўку персанальных даных.
Пра Рэгістр: ён дзейнічае 2 гады, з магчымымі абнаўленнямі кожныя 12 месяцаў. Трапіць у Рэгістр — не значыць атрымаць працу. Замовы размяркоўваюць паводле рэлевантнасці экспертызы, даступнасці, мовы, адсутнасці канфлікту інтарэсаў і разумнага размеркавання нагрузкі.