SMM-пасядзенкі з РАДА — анлайн-курс пра сацсеткі
РАДА запускае SMM-пасядзенкі — тры анлайн-сустрэчы пра тое, як весці сацсеткі жывой мовай і не патануць у балоце нейраслопу, шаблонных рылсаў і кантэнту «па метадычцы». Гэта курс для тых, хто робіць нешта важнае і хоча, каб пра гэта чулі: збірае супольнасць, тлумачыць складаныя тэмы, працуе з сацыяльнымі праблемамі, вядзе блог, ініцыятыву або камунікацыю арганізацыі. Сустрэчы вядзе Наташа — артхаўсная зорка беларускага Instagram.
Для каго:
Актывісты(-кі), журналісты(-кі), супрацоўнікі(-цы) НДА, прадстаўнікі(-цы) грамадзянскіх, культурніцкіх і сацыяльных ініцыятываў, а таксама ўсе, хто робіць праекты з сацыяльнай місіяй і хоча лепш расказваць пра іх у сацсетках.
Што будуць разбіраць:
- навошта вы вядзеце блог і ці сапраўды ён вам патрэбны;
- як заставацца жывым чалавекам у інтэрнэце;
- чаму ШІ і нейраслоп з’ядаюць давер да кантэнту і што з гэтым рабіць;
- якія праграмы і сэрвісы могуць дапамагчы недызайнерам(-кам) і немантажорам(-кам);
- як гаварыць пра свой праект так, каб вас слухалі і чулі.
Фармат:
- 3 анлайн-сустрэчы;
- кожная сустрэча — каля 1,5 гадзіны;
- удзел бясплатны;
- мова спікеркі — расійская.
Калі: суботы, 10 / 17 / 24 кастрычніка, 12:00 па Варшаве.
Адбор і верыфікацыя:
У форме просяць пазначыць асабістыя кантакты, спасылку на сацсеткі і кантакт хаця б адной асобы з актывісцкай супольнасці, якая можа вас парэкамендаваць. Гэта патрэбна для верыфікацыі і бяспекі групы.
Пасля дэдлайну арганізатары разгледзяць усе заяўкі і вернуцца з адказам да кожнага і кожнай да 9 кастрычніка.
Бяспека:
РАДА прызнаная беларускімі ўладамі «экстрэмісцкім фармаваннем». Узаемадзеянне з арганізацыяй можа несці прававыя рызыкі для людзей, якія знаходзяцца ў Беларусі або плануюць туды паездку.