Sony Future Filmmaker Awards 2027 — конкурс кароткага метра з прызамі 5 000 USD і паездкай у Лос-Анджэлес
Sony Future Filmmaker Awards — штогадовы міжнародны конкурс кароткаметражных фільмаў, які Creo праводзіць разам з Sony. Конкурс праходзіць у пяты раз і разлічаны на незалежных рэжысёраў(-ак) з усяго свету. У 2027 годзе з'явілася новая катэгорыя Immersive для фільмаў у фарматах 3D, 180° і 360°, яе прадстаўляе Meta.
Для каго:
Незалежныя аўтары(-кі) кароткага метра з усяго свету на любым этапе кар'еры. Падавацца можна і да 18 гадоў — са згодай бацькоў або апекуноў. У конкурсе шэсць катэгорый:
- Fiction — ігравое кіно з арыгінальнай гісторыяй, 5–20 хвілін; драматызаваныя рэальныя сюжэты таксама падаюць сюды;
- Non-Fiction — пераважна фактычнае кіно, 5–20 хвілін; можна выкарыстоўваць архіў, дакументальныя кадры, рэканструкцыі і анімацыю, але драматызаваныя рэальныя сюжэты сюды не падыходзяць;
- Animation — 2–20 хвілін, не менш за 75% анімацыі;
- Immersive (новая катэгорыя, падтрымка Meta) — 5–20 хвілін, відэа 3D, 180° або 360° (монаскапічнае або стэрэаскапічнае), любы жанр;
- Student — 5–20 хвілін, любы жанр; для студэнтаў(-так), якія вывучаюць кіно ў ВНУ або коледжы на ўзроўні дыплома ці ступені, або скончылі навучанне ў 2026 годзе;
- Future Format — 2–5 хвілін, фільмы для вертыкальнага прагляду (9:16), любы жанр; здымаць можна на любую прыладу.
Не могуць падавацца: супрацоўнікі(-цы) Creo і звязаных кампаній, а таксама іх агентаў і пастаўшчыкоў, звязаныя з правядзеннем конкурсу.
Фармат:
- Фільм павінен быць на англійскай або з англійскімі субцітрамі — калі ў ім шмат дыялогаў на іншай мове, субцітры патрэбныя ўжо ў пададзенай версіі;
- Праграма для кароткіх спісаў — 7–10 чэрвеня 2027 года ў Sony Pictures Studios (Culver City, Лос-Анджэлес), на англійскай мове без перакладу.
Што прапануецца:
- Пераможцы Fiction, Non-Fiction, Animation і Immersive атрымліваюць 5 000 USD (≈ 4 550 EUR);
- Пераможца Future Format — 2 500 USD (≈ 2 275 EUR);
- Пераможцы Fiction, Non-Fiction, Animation і Student — камеру з аб'ектывам Sony і VR-прыладу Meta; пераможца Immersive — VR-прыладу Meta; пераможца Future Format — камеру з аб'ектывам;
- Навучальная ўстанова пераможцы Student атрымлівае камеру Sony;
- Удзельнікі(-цы) кароткіх спісаў Fiction, Non-Fiction, Animation, Immersive і Student, а таксама пераможца Future Format — пералёт у Лос-Анджэлес і назад, пражыванне, чатырохдзённая праграма і цырымонія ўзнагароджання;
- Праграма ў Sony Pictures Studios — сесіі з менеджментам Sony Pictures пра распрацоўку, вытворчасць і набыццё фільмаў, майстар-класы па аператарскім майстэрстве, Q&A з агенцтвамі, кастынг-дырэктарамі(-камі) і прадзюсарамі(-камі), паказы фільмаў кароткага спісу, экскурсіі па студыі;
- Пераможцы атрымліваюць трафей і сертыфікат, удзельнікі(-цы) кароткіх спісаў і адзначаныя работы — сертыфікат.
Дадатковыя ўзнагароды — асобна падавацца не трэба:
- Snapdragon Shorts Award(знешні сайт) — пяцёра аўтараў(-ак) з кароткага спісу атрымліваюць па 10 000 USD (≈ 9 100 EUR) і набор тэхнікі Snapdragon (смартфон, ПК, смарт-акуляры), каб зняць новы кароткі фільм; галоўны пераможца едзе на прэм'еру на Snapdragon Summit 2027 на Гаваях. Разглядаюць усе заяўкі ў Fiction, Non-Fiction, Animation, Immersive і Student, калі вы не адмовіцеся ад гэтага пры падачы;
- Sustainability Prize(знешні сайт) — 5 000 USD і тэхніка Sony за фільм пра экалогію, даступнасць, разнастайнасць, роўнасць і інклюзію (тэмы Мэтаў устойлівага развіцця ААН); каб трапіць у разгляд, дастаткова падаць фільм у конкурс;
- National & Regional Awards(знешні сайт) — асобныя ўзнагароды для аўтараў(-ак) з Паўднёва-Усходняй Азіі, Кітая, Лацінскай Амерыкі і Індыі, а таксама для студэнтаў(-ак) з Індыі і Германіі; разглядаюць аўтаматычна.
Што чакаецца ад удзельнікаў(-ц):
Калі фільм трапіць у кароткі спіс або сярод адзначаных, трэба даслаць:
- Фільм у высокай якасці — ProRes HQ MOV, ад 1080p, не менш за 24 кадры/с (для Immersive — ад 3840 × 2160);
- Гукавы мікс і стэмы асобнымі файламі;
- «Чыстую» версію фільма, асобныя SRT-файлы з англійскімі субцітрамі і версію з англійскімі субцітрамі на экране — незалежна ад мовы фільма;
- Графіку асобнымі файламі;
- Трэйлер на 30–60 секунд;
- 3–5 кадраў з фільма, постар і ваш партрэт — 300 ppi, 3508 пікселяў па доўгім баку;
- Сінопсіс, біяграфію, спіс каманды.
Таксама трэба:
- Удзельнічаць ва ўсіх частках праграмы ў Лос-Анджэлесе;
- Удзельнічаць у публічных кампаніях конкурсу;
- Удзельнікам(-цам) Snapdragon Shorts Award — да 31 ліпеня 2027 года зняць новы фільм на 5–20 хвілін (не менш за 90% працэсу — на тэхніцы Snapdragon) і тызер да 60 секунд у фарматах 16:9 і 9:16; калі не выканаць умовы, тэхніку трэба вярнуць за свой кошт.
Для заяўкі патрэбныя:
- Скончаны кароткі фільм, выпушчаны паміж 1 студзеня 2025 і 15 снежня 2026 года, які прайшоў увесь постпрадакшн (зафіксаваны мантаж, анлайн-мантаж, зводка гуку); гук — мона або стэрэа, не 5.1;
- Спасылка на фільм на анлайн-скрынеры (YouTube, Vimeo або падобным), якая працуе да 31 ліпеня 2027 года; файлы для спампоўкі не прымаюцца;
- Апісанне фільма (поле Film Description); калі ёсць архіўныя матэрыялы, гэта трэба пазначыць;
- Выява да праекта — JPEG, 1–5 МБ, якасць 10 і вышэй, колеравы профіль sRGB;
- Калі пры стварэнні фільма выкарыстоўваўся AI — дакладнае апісанне, што менавіта і дзе, з таймкодамі;
- Для Immersive — дадаткова прамая спасылка на файл (Google Drive, Dropbox, WeTransfer або падобнае); файл да 25 ГБ з назвай у фармаце submission_id_film_title.mp4.
Як падавацца:
Праз форму на сайце конкурсу(знешні сайт): укажыце спасылку на фільм, загрузіце выяву і выконвайце інструкцыі. Можна падаць па адным фільме ў кожную катэгорыю, але адзін і той жа фільм — толькі ў адну. Пасля адпраўкі змяніць заяўку нельга.
Тэхнічныя патрабаванні Immersive: толькі папярэдне адрэндэранае відэа для VR-шлема (напрыклад, Meta Quest); стэрэаскапічнае VR180 і VR360 — ад 4K на вока; плоскае стэрэа 3D — ад 3840 × 2160 на вока; ад 30 кадраў/с (для дынамічных сцэн пажадана 60); кодэк H.265/HEVC 10-bit, MV-HEVC або Apple ProRes, кантэйнер MP4 або MOV; бітрэйт ад 100 Мбіт/с для 4K на вока. У файлы VR180 трэба ўбудаваць метаданыя. AR, MR і XR не прымаюцца; плоскае відэа могуць прыняць як выключэнне, але перавага — у VR.
Умовы Future Format: фільм павінен быць задуманы як вертыкальны — перароблены гарызантальны матэрыял, кантэнт у стылі сацсетак (мантажы для TikTok, влогі, трэнды), рэклама, трэйлеры і брэндавы кантэнт не прымаюцца.
Адбор:
Пераможцаў выбірае журы: Justin Chadwick (старшыня, пяты год запар), Alan Hawkins (Sony Pictures Animation), Roy Lee (Vertigo Entertainment), Christopher Ross (аператар) і Dana Adam Shapiro. Кароткія спісы: Fiction і Non-Fiction — да 10 фільмаў, Animation і Student — да 5, Immersive — да 3. У Future Format адзначаюць да 5 работ, пераможцу выбірае старшыня журы. Пры адборы ў Student улічваюць кантынент, каб у спіс трапілі ўстановы з розных частак свету. Рашэнні журы канчатковыя.
Таймлайн:
- Да 26 лютага 2027 года — апавяшчэнне пяці ўдзельнікаў(-ц) Snapdragon Shorts Award;
- Вясна 2027 года — абвяшчэнне кароткіх спісаў;
- Красавік 2027 года — абвяшчэнне пераможцы і адзначаных работ Future Format;
- 7–10 чэрвеня 2027 года — праграма ў Лос-Анджэлесе, 10 чэрвеня — цырымонія і абвяшчэнне астатніх пераможцаў;
- 31 ліпеня 2027 года — дэдлайн фільмаў Snapdragon; да гэтай даты павінны працаваць спасылкі на конкурсныя фільмы;
- Жнівень 2027 года — абвяшчэнне пераможцы Snapdragon Shorts Award на Snapdragon Summit.
Кантакт:
Праз форму ўнізе старонкі FAQ(знешні сайт) або старонку кантактаў(знешні сайт).
Арганізатар:
Creo Arts Group (Лондан, Вялікабрытанія) — арганізацыя, якая таксама праводзіць Sony World Photography Awards і Photo London. Спонсар конкурсу — Sony, партнёры — Meta (катэгорыя Immersive) і Snapdragon. Конкурс праходзіць упяты раз; работы мінулых гадоў — на старонцы пераможцаў і кароткага спісу 2026 года(знешні сайт).
Важна:
- Візу ў ЗША трэба аформіць самастойна — арганізатары(-кі) з візай не дапамагаюць; калі вы не зможаце паехаць па прычынах, якія ад вас не залежаць (напрыклад, не атрымаеце візу), вас запросяць на праграму наступнага года;
- Усе прызы атрымлівае той, хто падаў фільм; тэхніку дасылаюць на працягу да 6 месяцаў; грашовай замены прызоў няма; падаткі з прызоў пераможцы плацяць самі паводле законаў сваёй краіны;
- Фільмы, якія ўжо падаваліся на конкурс раней, прымаюць толькі пасля істотнага перамантажу; поўны метр, перамантаваны ў кароткі, не прымаецца; незакончаныя фільмы не прымаюцца;
- Правілы рэгулююцца правам Англіі; поўны тэкст — у правілах конкурсу(знешні сайт).